Віталя Енаровіча, якога ўтрымлівалі на «сутках» амаль тры месяцы, асудзілі да двух гадоў калоніі
У Мінскім гарадскім судзе 12 снежня разгледзелі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) КК супраць 37-гадовага Віталя Енаровіча. Суддзя Вера Галаўкова прызначыла яму два гады калоніі, піша «Вясна».
Мужчыну затрымалі ў сакавіку і ўтрымлівалі на «сутках» у ЦІП Акрэсціна амаль тры месяцы без зменнага адзення і сродкаў гігіены. Яго былыя сукамернікі распавялі, што летам на Акрэсціна ён усё яшчэ быў у зімовай вопратцы. Важна адзначыць, што час, праведзены на Акрэсціна, не будзе залічаны ў тэрмін па крымінальнай справе.
Напрыканцы чэрвеня Енаровіча перавялі ў СІЗА-1. Былы сукамернік Віталя з «Валадаркі» распавёў, што адразу яму ставіўся ў віну ўдзел у адным з маршаў. Але перад закрыццём справы яму выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 130 КК — у інтэрнэце знайшлі яго каментары за жнівень 2020-га.
Каментары