Твітар абмяркоўвае кубак Ціханоўскай з навагодняга звароту. Што здарылася?
У сацсетках шуму нарабіў кубак, з якім Святлана Ціханоўская з'явілася ў навагоднім відэазвароце. А дакладней — цана на яго.
Карыстальнікі твітара заўважылі, што такі святочны кубак прадаецца амаль за 22 еўра і пачалі спрачацца, ці не задорага гэта. Некаторыя пачалі папракаць Офіс у нерацыянальным расходаванні грошай.
«ЕС выдаваў грошы на грамадзянскую супольнасць, а не ёй», — адзін з каментароў.
Многія ж не пабачылі ў гэтым крамолы.
«Вы сур'ёзна абмяркоўваеце кубак за 20 еўра? Я проста не разумею: хіба ёсць такія людзі, якія не могуць сабе набыць такую прыгожую рэч за нейкія там 20 еўра? Але ж пры тым купляеце папіросы за мяжой за такія ж грошы і алкашку», — каментуюць.
«Дакладна трэба сачыць за выдаткамі палітыкаў, але кубак за 20€ — гэта нічога звышнатуральнага. У мяне таксама ёсць парачка драўляных талерак па 14€ для эстэтычных фатаграфій ежы і прыгожай сервіроўкі».
Кубак стаў прадметаў жартаў.
«Можа, гэта з тых 10 тысяч еўра, што выдаў Аляксандр Рыгоравіч на дарогу?» — прыгадваюць словы Лукашэнкі.
«А мы ўсё гадалі, чаму такая злая «старая» апазіцыя. А ў іх кубачкаў няма, даражэйшых за 4€. Ды і кава — гэта раскоша! Толькі кроў ворагаў піць у такі час дазволена!»
Прадстаўніца Офіса Настасся Касцюгова пасля напісала, што гэта кубак гаспадара кватэры, які пусціў туды Ціханоўскую для здымак. І выклікала новую хвалю жартаў.
«Уладальнік апартаментаў і дарагіх кубкаў — Стрыжак?» — напісаў адзін з карыстальнікаў.
Твітарцы заўважаюць, што ўзор на кубку падазрона нагадвае твар чалавека з вусамі.
Каментары