61-гадовы жыхар Харкава прызнаны вінаватым у супрацоўніцтве з дзяржавай-агрэсарам і ажыццяўленні супрацьпраўнай інфармацыйнай дзейнасці групай асоб па папярэдняй змове.
Ён асуджаны да 10 гадоў зняволення з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых і арганізацыйна-распарадчых функцый на 10 гадоў пасля вызвалення.
Імя падсуднага не называецца. Вядома, што ён былы мастак-пастаноўшчык аднаго з харкаўскіх тэлеканалаў.
Як паведамляе пракуратура Харкава, у судзе было даказана, што падсудны вырабляў дома паштоўкі/улёткі з выявай расійскай сімволікі «Z» і расійскага сцяга.
Затым ён перапраўляў свае макеты дачцэ, якая жыве ў Расіі, а тая, у сваю чаргу, праз розныя міністэрствы спрабавала друкаваць улёткі і распаўсюджваць іх сярод асабістага складу арміі РФ і ўзброеных фарміраванняў непрызнанай «ЛДНР».
Паведамляецца, што гаворка ідзе пра тысячы ўлётак.
Рабілася гэта з мэтай узняцця баявога духу сярод расійскіх байцоў, што было заўважана на самым высокім узроўні — у Крамлі, сцвярджае Харкаўская пракуратура.
Паводле інфармацыі Харкаўскага аддзела СБУ, які ажыццяўляў дасудовае расследаванне, пры ператрусе ў абвінавачанага знайшлі савецкую і антыўкраінскую літаратуру, а таксама кнігу збеглага Віктара Януковіча.
У судзе 61-гадовы мастак цалкам прызнаў віну.
Каментары