Былы начальнік брытанскага генштаба: Захаду трэба рыхтавацца да стрымлівання Расіі і пасля ўкраінскай вайны
«Нашы лідары рызыкуюць паўтарыць памылкі 1930-х гадоў, калі мы маглі паспрабаваць прадухіліць Другую сусветную вайну», — піша ў артыкуле ў газеце Daily Telegraph былы начальнік брытанскага генштаба Рычард Данат. Яго артыкул называецца «Пуцін, можа, і праваліўся, але Захад не гатовы да таго, што будзе далей».
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_12/31_main-v1636972024-5azz9.jpg.webp)
Генерал Данат мяркуе, што Захад павінен рыхтавацца да доўгага і дарагога стрымлівання Расіі і пасля ўкраінскай вайны. На яго думку, зімовае або веснавое наступленне Расіі, пра падрыхтоўку якога шмат кажуць у апошні час, хутчэй за ўсё, праваліцца, і наогул прынамсі маральная перавага цяпер — на баку ўкраінцаў.
«Але застаецца пытанне: нават калі Расія будзе вымушаная вывесці войскі з Украіны (уключаючы Крым), ці зменіцца стаўленне Крамля да Захаду, з Пуціным ці без яго? […]
Калі Захад зноў зможа давяраць Расіі? Калі будуць адмененыя санкцыі? Як еўрапейскія краіны даб'юцца таго, каб больш ніколі не дазволіць сабе ўпасці ў такую гандлёвую ўзаемазвязанасць з Расіяй і энергетычную залежнасць ад яе?
Вось нязручныя пытанні, адказы на якія павінны напружана шукаць НАТА, ЗША і еўрапейскія лідары», — піша генерал Данат.
Самы рэалістычны адказ, на думку самога генерала, у тым, што
Захаду і далей прыйдзецца цвёрда, адзіным фронтам супрацьстаяць любым экспансіянісцкім памкненням Расіі.
«Як і ў часы Халоднай вайны, НАТА не збіраецца нападаць на Расію, але досвед апошняга года паказвае з усёй пераканаўчасцю, што
Расію трэба стрымліваць і падштурхоўваць да таго, каб яна пагадзілася заняць сваё месца ў заснаваным на правілах міжнародным парадку, які так старанна выбудоўваўся пасля Другой сусветнай вайны», — піша брытанскі генерал.
Пры гэтым, паколькі давер да Расіі канчаткова страчаны, Захаду, на думку генерала Даната, нічога не застаецца, акрамя як павялічваць вайсковыя выдаткі і ўмацоўваць сваю мяжу з Расіяй.
Каментары
2. Ядерное и наступательное вооружение должно быть забрано у этих маньяков!