Грамадства

Дзмітрый Лаеўскі: Я зараз фрылансер, бо не знайшоў сталую працу ў Беларусі

Былы абаронца Віктара Бабарыкі і Максіма Знака Дзмітрый Лаеўскі падзяліўся з «Новым Часам», як і на што ён жыве апошнія паўтара года, пра касу ўзаемадапамогі рэпрэсаваным адвакатам, сям'ю Пыльчанкаў, дзе ўсе пазбаўлены права на прафесію, і перспектывы на гэтым фоне.

Паводле звестак рэсурсу «Права на абарону», пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года праз розныя механізмы прафесію страціла больш за 60 беларускіх адвакатаў. На мінулым тыдні да іх дадалося яшчэ дзевяць імёнаў. 10 абаронцаў знаходзяцца пад крымінальным пераследам, частка з іх — у турме. Гэта значныя лічбы, улічваючы, што на 1 ліпеня 2020 года ў Беларусі працавалі ўсяго 2 072 адвакаты.

Сярод іх — былы абаронца Віктара Бабарыкі і Максіма Знака Дзмітрый Лаеўскі, якога ў ліпені 2021 года выключылі з калегіі адвакатаў, пасля чаго ў жніўні 2021-га Мінюст пазбавіў ліцэнзіі. Ён у Беларусі.

«Сродкі, якімі валодаю зараз, дазваляюць хіба што падтрымліваць фізічнае існаванне»

— Што стала з вашым адвакацкім бюро?

— Наша бюро юрыдычна перастала існаваць у студзені 2022 года, калі была завершана працэдура ліквідацыі. Нейкі час я яшчэ арандаваў офіс як прыватная асоба, але потым закрыў, і з красавіка гэтага года ніякіх бытавых напамінкаў пра бюро ўжо няма. Акрамя асобных рэчаў. Напрыклад, бак для вады. У снежні 2020 года на яго быў налеплены вялікі надпіс «прававы дэфолт», і ён ператварыўся ў музычны інструмент. На гэтым баку з намі запісаў песню адвакат Сяргей Зікрацкі. Калегі жартуюць, што цана гэтага прадмета толькі расце з часам. У мяне дома шмат такіх артэфактаў.

Пасля пазбаўлення адвакацкага статусу я некалькі месяцаў працягваў працаваць у сваім бюро як дарадца. А вось менавіта пазбаўленым права на прафесію ў поўнай меры я адчуў сябе ўжо як ліквідатар бюро, бліжэй да канца 2021 года. То-бок каля года таму.

— Чым вы займаліся гэты год?

— Як гэта ні дзіўна прагучыць, я займаюся самаразвіццём. Я цяпер паглыблена вывучаю правы чалавека, таму што гэта ўніверсальныя веды.

Для аднаўлення краіны яны будуць мець больш важнае значэнне, чым веданне сённяшняга беларускага заканадаўства, значная частка якога будзе зменена або адменена. Гэты кірунак нельга назваць спосабам існавання, хутчэй — інвестыцыямі ў будучыню.

Таксама я працую з міжнароднымі інструментамі абароны правоў чалавека, у прыватнасці, са зваротамі ў Камітэт па правах чалавека, у працоўную групу па адвольных затрыманнях і іншымі. Праца з гэтымі пытаннямі не патрабуе ліцэнзіі. Займаюся аналітыкай і даследаваннямі, прававой асветай, напрыклад, тлумачу, што адбываецца з правам і дзяржавай. І яшчэ ўдасканальваю сваю англійскую мову.

— А чым вы зарабляеце?

— Для мяне і маіх калег, якія вялі палітычна матываваныя рэзанансныя справы і страцілі ліцэнзію, сітуацыя вельмі складаная. Адкрыць прыватную практыку ў сферы камерцыйнага права, да прыкладу, я не магу. Са студзеня 2023 года ўступіць у сілу закон, згодна з якім, каб атрымаць ліцэнзію на працу ў сферы камерцыйнага права, трэба ў Мінюсце здаваць кваліфікацыйны экзамен і атрымліваць пасведчанне аб атэстацыі юрыста. Цяжка ўявіць сітуацыю, што ў той самай кваліфікацыйнай камісіі, якая нядаўна пазбаўляла мяне ліцэнзіі, хтосьці мяне не памятае. Таму спектр маіх магчымасцей невялікі.

Таксама я сутыкнуўся з сітуацыяй, калі, скажу стрымана, не ва ўсіх, з кім я быў бы гатовы працаваць, ёсць такая ж гатоўнасць. Прасцей кажучы, самацэнзура і страх у грамадстве знаходзяцца на высокім узроўні, і знайсці сабе працу вельмі складана. Таму я сёння фрылансер, свабодны мастак.

— Прыкладна ў колькі разоў упаў ваш даход у параўнанні з часам, калі вы працавалі?

— Гэта можа быць нечаканы адказ. Але ў 2020—2021 гадах мы велізарную колькасць працы рабілі без ганарару або з невялікім ганарарам. З улікам гэтага даходы атрымліваліся зусім невялікія. Калі параўноўваць з 2019 годам, калі мы працавалі за грошы і былі даволі паспяховымі, то даходы ўпалі ў шмат разоў.

Сродкі, якімі я валодаю цяпер, дазваляюць хіба што падтрымліваць фізічнае існаванне. Не ведаю, наколькі правільна гэта агучваць. Таму што ў нас сёння каласальная праблема пошуку адвакатаў для некаторых кліентаў. Магчыма, пачуўшы мае словы, хтосьці будзе яшчэ больш баяцца. Але затое я ў гармоніі са сваім сумленнем, я ў парадку. І гэта, на мой погляд, важкі аргумент, каб не паступацца прынцыпамі прафесіі.

— Атрымліваецца, што, працуючы 14 гадоў у адвакатуры, назапасіць фінансавую падушку, якая дазволіць жыць хаця б год без прафесіі, складана?

— Зберажэнні рабіць можна, калі няма вялікіх выдаткаў, напрыклад, дапамога камусьці з блізкіх. Адвакацкая праца дазваляе зарабляць. Але ў маім канкрэтным выпадку напярэдадні 2020 года вялікіх рэзерваў у мяне не было. А ў 2020-м і 2021-м мы хоць і былі перагружаныя працай, але з-за маральных прычын вырашылі, што часам будзем рабіць яе бясплатна. Але з улікам сітуацыі ў краіне такіх «часам» атрымалася шмат.

— Беручыся за абарону Віктара Бабарыкі і ведаючы рызыку, вы не павышалі каэфіцыент кошту на свае паслугі?

— Я, напэўна, зараз прадэманструю сябе як камерцыйна не вельмі рацыянальнага чалавека, але ўмовы дагавора на абарону Віктара Дзмітрыевіча нічым не адрозніваліся ад умоў дагавораў з іншымі кліентамі, мы працавалі па звычайных для Мінска стаўках. На гэтую тэму я чуў шмат канспіралогіі і чутак, маўляў, нас завалілі грашыма, але гэта не адпавядае рэчаіснасці. І калі б у мяне не было пачуцця гумару, то я б, напэўна, пакрыўдзіўся на гэтыя чуткі. Вельмі складана быць камерцыйна паспяховым ва ўмовах дзяржаўнага тэрору, калі ты ідэаліст.

Не толькі мы так працавалі. Ёсць меркаванне, што адвакаты зацыкліліся на грашах. Але 2020 год паказаў адваротнае: некалькі сотняў кваліфікаваных і паспяховых адвакатаў толькі ў Мінску працавалі з маральных меркаванняў бясплатна або за сімвалічны ганарар у адзін рубель. Значная частка з іх ужо не мае адвакацкай ліцэнзіі. Частка з іх была яе пазбаўленая, частка сама здала. Каля 12% адвакатаў самі здалі ліцэнзіі.

«Не магу проста перагарнуць старонку і стаць юрысконсультам, які піша дамовы пастаўкі»

— А чаму некаторыя адвакаты здалі ліцэнзіі добраахвотна?

— Таму што закрылі адвакацкія бюро і трэба было ісці ў юркансультацыі, што для многіх не падыходзіць, таму што ты павінен быць падкантрольным дзяржаве, таму што прафесійныя правы і інструментарый адвакатаў у 2020 і 2021 гадах былі абясцэненыя. Некаторыя проста не змаглі вынесці людскія пакуты, якія бачылі падчас працы.

Значная частка тых, каго пазбавілі ліцэнзіі, хто не можа працаваць у такіх умовах, з'язджае. І гэта больш праблема не адвакатаў, а краіны. Беларуская эканоміка неяк працуе. А з прававым становішчам асобы ў нас поўнае фіяска. І чым далей, тым больш людзі і дзяржінстытуты, закліканыя абараняць правы асобы, забываюць, што такое добра і што такое дрэнна. Дзяржінстытуты працуюць эфектыўна, калі там ёсць людзі, якія вызнаюць правільныя каштоўнасці. Цяпер такія носьбіты каштоўнасцей вымываюцца з прафесіі і нават з краіны, і можа так атрымацца, што, калі паўстане пытанне будаваць усё нанова, у нас не будзе дастаткова такіх людзей.

Адвакат — гэта адзіная прафесія, прадстаўнікі якой спрачаюцца з уладай наконт правоў чалавека. І ў 2020—2021 годзе адвакаты ўдзельнічалі ў гэтых спрэчках, рызыкуючы прафесіяй, тым самым адстойваючы гэтыя каштоўнасці. А цяпер яны з'язджаюць.

— Але гэтыя каштоўнасці застаюцца пры людзях, і яны вернуцца з імі ў новую Беларусь.

— Хто вернецца? Адвакат і юрыст — прафесіі, вельмі прывязаныя да дзяржавы. Юрысты замацоўваюцца за мяжой не толькі ў бытавым плане, але і прафесійна, гэта вельмі працяглы, складаны і затратны працэс. Таму цяжка ўявіць, што, прапрацаваўшы, скажам, 5 гадоў юрыстам за мяжой у міжнароднай кампаніі, чалавек захоча зноў усё мяняць. Сёння яшчэ не патавая сітуацыя. Але калі гэта працягнецца некалькі гадоў, то людзі застануцца там. Я гэта бачу па размовах з калегамі, якія з'ехалі. А хтосьці ж павінен застацца тут, у Беларусі.

— З вашых сяброў больш адвакатаў з'ехала або засталося?

— Наталля Мацкевіч тут. Усе Пыльчанкі тут. Максім Знак тут, праўда, у турме. Большая частка застаецца. Але я ведаю, якія настроі.

— Ці былі ў вас прама зусім крытычныя сітуацыі?

— Так. У канцы 2021 года востра стаяла пытанне недахопу сродкаў і наогул не было разумення, што рабіць.

— І што адбылося, што дапамагло выкараскацца?

— Са мной адбылося нечаканае. Савет адвакатур і юрыдычных супольнасцей Еўропы, адна з найбуйнейшых міжнародных арганізацый, якая аб'ядноўвае больш за мільён юрыстаў, раз на год уручае ўзнагароду ў галіне правоў чалавека за значны ўклад у адстойванне фундаментальных правоў і вяршэнства права ў рэгіёне. І вось калі я знаходзіўся ў складанай сітуацыі і не разумеў, куды рухацца далей, мне патэлефанавалі і паведамілі, што я намінант гэтай узнагароды разам з Максімам Знакам, Леанідам Судаленкам і Ліліяй Уласавай. Аказалася, аўтарытэтныя людзі ў Еўропе чамусьці назіралі за Беларуссю і адвакатамі і ацанілі наш уклад.

Каментары

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць6

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць

Усе навіны →
Усе навіны

Як змяніць беларускія нумары на літоўскія. Што трэба і колькі каштуе працэдура?15

Ірына Фарыён памерла ў бальніцы15

Стары паплечнік Лукашэнкі параўнаў яго з аяталой Хамейні. Параўнанне так сабе2

На Менцы раскапалі ўжо тры рады гакавых драўляных канструкцый ФОТА3

16-гадовая беларуска ўпала з шостага паверха ў Варшаве

Ірына Абельская стала заслужанай доктаркай16

Полк Каліноўскага афіцыйна пацвердзіў замену свайго камандзіра і заявіў пра рэфармаванне18

Польшча распачала паляванне на кампаніі, якія абыходзяць санкцыі супраць Беларусі і Расіі1

Лукашэнка загадаў адпраўляць на ліквідацыю наступстваў урагану палітзняволеных18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць6

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць

Галоўнае
Усе навіны →