Эканоміка

Беларус паскардзіўся на налічаны за 10 гадоў падатак. Каму яшчэ гэта пагражае?

Беларус, які з’ехаў у Польшчу, апублікаваў у Facebook фота паперы ад падатковай інспекцыі з патрабаваннем заплаціць 4 тысячы 316 рублёў 24 капейкі. Столькі мужчыну налічылі за 10 гадоў. У сваім допісе ён указаў, што гэта падатак на дармаедства, але ён памыляецца. «Белсат» разбіраўся, якія грошы налічылі нашаму суайчынніку і кім яшчэ можа зацікавіцца падатковая.

У Facebook-суполцы беларусаў у Польшчы мужчына напісаў, што з яго патрабуюць падатак на дармаедства за 10 гадоў, і далучыў фота дакументаў, а таксама перапіскі ў мэсэнджары з інспектаркай. Тая пыталася, дзе дакладна ён знаходзіцца, калі вернецца ў Беларусь і «хто будзе аплачваць запазычанасць». Напрыканцы яна прыгразіла, што абвесціць даўжніка ў вышук.

У каментарах да допісу мужчына паведаміў, што плаціць не будзе і вяртацца на радзіму бліжэйшым часам не збіраецца. Сам ён апошнія гады не працаваў стала, зарабляў час ад часу, грошы выдаткоўваў толькі на самае неабходнае: ежу і вопратку. Дапамагалі родныя. Мужчына абураецца, што такім жа чынам падаткавікі могуць прыйсці да кожнага, у каго няма афіцыйнага даходу, і спагнаць значную суму.

Насамрэч з беларуса патрабуюць не падатак на дармаедства, а падаходны падатак, што вынікае з апублікаванага ім дакумента.

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтра BEROC Настасся Лузгіна распавяла, што часцей за ўсё падатковыя службы звяртаюць увагу на буйныя пакупкі, гэта, напрыклад, нерухомасць ці аўтамабіль, і тады правяраюць, колькі асоба афіцыйна зарабляе.

«Падатковая шукае людзей, якія атрымліваюць заробак у канверце або займаюцца незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Калі ёсць падставы так лічыць, пачынаецца праверка. На першым этапе асоба не ведае аб тым, што ёю зацікавіліся падаткавікі. Калі на гэтым этапе выявіліся выдаткі, якія перавышаюць даходы, тады асобе паведамляюць аб неабходнасці растлумачыць, адкуль грошы», — сказала Лузгіна.

«Засвяціцца» перад падатковай інспекцыяй лёгка, калі доўгі час афіцыйна не працаваць (гэта акурат выпадак беларуса, які паскардзіўся ў Facebook). Інспектары лічаць, што такая асоба нейкія грошы аднекуль атрымлівае, бо не паветрам жа яна харчуецца.

«За студзень — верасень сёлета праверылі больш за 9 тысяч грамадзян, у 2,8 тысячы выяўленыя нестыкоўкі паміж даходамі і расходамі. З іх спагналі 17,5 мільёна рублёў», — паведаміла Настасся Лузгіна.

Яна адзначыла, што бюджэт на наступны год прадугледжвае павелічэнне збораў паводле артыкула «Штрафы, пені, няўстойкі» на 42% у параўнанні з гэтым годам. То-бок можна чакаць, што праверак стане болей. Да таго ж павялічыцца стаўка падатку. Сёлета трэба плаціць 20% ад сумы, што перавышае даход, налета будзе 26%.

Эканамістка кажа, што гэты падатак не пагражае беларусам, якія стала жывуць за мяжою і раз-пораз прыязджаюць на радзіму ды штосьці набываюць. У такім выпадку асоба не лічыцца ў Беларусі падатковым рэзідэнтам, таму ніякіх пытанняў ад інспектараў не мусіць быць.

Таксама спакойнымі могуць быць беларусы-вахтавікі. Галоўнае — працаваць у той краіне, якае мае з Беларуссю пагадненне аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання.

«Калі грамадзянін жыве ў Беларусі і працуе вахтавым метадам, напрыклад, дальнабойнікам у літоўскай фірме, ён застаецца падатковым рэзідэнтам Беларусі. Літоўскі працадаўца па поўнай праграме бярэ з яго падаткі. Тут уступае ў дзеянне пагадненне аб падвойным падаткаабкладанні. Яно абараняе чалавека, і ў Беларусі з яго падаткі не возьмуць», — адзначыла экспертка.

Краіны-ўдзельніцы такіх пагадненняў мусяць абменьвацца інфармацыяй, таму падатковая сама можа пабачыць, што вы працуеце за мяжою і заплацілі там падаткі. Што праўда, складана сказаць, наколькі нармальна цяпер ідзе гэты абмен інфармацыяй. Можа ўзнікнуць сітуацыя, што давядзецца даказваць, што вы афіцыйна працавалі і плацілі падаткі ў іншай краіне, канстатавала Настасся Лузгіна.

Дарэчы, хутка краін, дзе беларусам можна працаваць без падвойнага падаткаабкладання, паменшае. У кастрычніку Украіна пастанавіла скасаваць адпаведнае пагадненне з Беларуссю. Беларускія ўлады і самі заяўлялі, што збіраюцца адмяніць такія пагадненні з «несяброўскімі» дзяржавамі, у тым ліку гэта ўсе краіны Еўрасаюза.

Каментары

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы1

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы

Усе навіны →
Усе навіны

Палкоўнік з Вайсковай акадэміі Беларусі: Тое, што адбываецца ў Сірыі, гэта параза Расіі5

Смешны выпадак у «Мінск-Свет»: нейкі маладзён сцягнуў калядны вянок, але разлічыўся за гэта 10 рублямі

За год машына страціла амаль палову цаны. Уласнікі электрамабіляў скардзяцца, што іх машыны імкліва таннеюць8

Лосік схуднеў, Пачобут трымае марку, Аляксандраў выязджае на пазітыве. Што з палітзняволенымі журналістамі з ПК-12

Лукашэнка: Беларусы нічым не адрозніваюцца ад людзей, якія нарадзіліся ў Пскове ці Ленінградзе23

Беларуска запісала тыкток пра вяртанне сына са школы — і сабрала 7 мільёнаў праглядаў5

У Маскве забілі канструктара крылатых ракет26

Беларускія дэмакратычныя сілы правядуць з'езд у Варшаве ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі5

Былы юрыст штаба Бабарыкі купіў на аўкцыёне працу Марка Шагала2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы1

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы

Галоўнае
Усе навіны →