Даследчыкі прыйшлі да высновы, што карта, мусіць, фіксуе межы палітычнага ўтварэння, «княства» бронзавага веку.
Колькі людзі падарожнічаюць па свеце, існуе неабходнасць адсочваць і дакументаваць месцы, дзе яны пабывалі. National Geographic дае наступнае азначэнне картам: гэта «сімвалічнае адлюстраванне выбраных характарыстык месца». Яны бываюць на розных носьбітах, розных формаў, памераў і тыпаў. Ад дарожных карт да назіранняў за з'явамі прыроды — на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва карты былі неад'емнай часткай чалавечага вопыту.
За доўгі час было знойдзена шмат гістарычных і старажытных карт, якія дапамагаюць нам зразумець, як і куды падарожнічалі нашы продкі. Вавіланяне, егіпцяне, грэкі і многія іншыя народы старажытных цывілізацый па ўсім свеце мелі розныя варыянты картаў. Нягледзячы на тое, што многія з тых картаў выглядалі зусім не так, як сучасныя, і ў выніку аказаліся недакладнымі, яны ўсё ж даюць разуменне таго, як бачылі навакольны свет нашы продкі. Прыкладам такой карты, якая адкрыла нам адну з таямніц старажытнасці, ёсць пліта Сен-Белек — самая старадаўняя карта ў Еўропе.
Пліта Сен-Белек (Saint-Bélec) была раскапаная яшчэ ў 1900 годзе ў французскім рэгіёне Брэтань. Археолаг Поль дзю Шатэлье (du Châtellier) праводзіў раскопкі, калі наткнуўся на гэтую разбітую каменную пліту ў кургане бронзавага веку. Карта была перададзена ў прыватную калекцыю, а праз два дзесяцігоддзі яе забраў Музей нацыянальнай археалогіі Францыі. І пра яе не ўспаміналі наступныя 60 гадоў.
У 1990-я гады пліта была размешчана ў склепе дома пана дзю Шатэлье (Шато дэ Кернуз), дзе яна зноў праляжала ў спакоі да 2014 года. Толькі праз тры гады пліта была па-сапраўднаму вывучаная даследчай групай. Пасля шматлікіх аналізаў і шырокіх даследаванняў археолагаў сапраўдная каштоўнасць гэтай каменнай таблічкі была нарэшце ўстаноўленая.
Нацыянальны цэнтр навуковых даследаванняў Францыі, Нацыянальны інстытут прэвентыўных археалагічных даследаванняў, Універсітэт Борнмута і Універсітэт Заходняй Брэтані правялі сумеснае даследаванне пліты ў перыяд з 2017 па 2021 год. Даследчыкі незалежна адзін ад другога прыйшлі да высновы, што пліта ўяўляе сабой раннюю карту з-за мудрагелістай разьбы на ёй. Вынікі даследавання былі апублікаваныя ў красавіку 2021 года ў Бюлетэні Французскага дагістарычнага таварыства (Bulletin de la Société préhistorique française).
Разьба на пліце добра захавалася, што сведчыць аб тым, што яна не знаходзілася занадта доўга на адкрытым паветры; даследчая група зрабіла 3D-здымкі і фотаграметрыю для іх запісу.
Элементы выразанага рэльефу, якія складаюцца з такіх геаметрычных фігур, як лініі, кругі і квадраты, былі інтэрпрэтаваныя як сімвалы карты, якія адлюстроўваюць паселішчы, курганы і палеткі.
Таксама навукоўцы адзначылі, што сімвалы на пліце адпавядаюць ландшафту даліны ракі Одэт у дэпартаменце Фіністэр, а лініі выкарыстоўваюцца для адлюстравання прытокаў ракі. Паверхня пліты была выразаная так, што яна паўтарае сабой няроўнасці рэльефу.
Карта-пліта адлюстроўвае ўчастак зямлі памерам прыкладна 30 на 21 кіламетр з дакладнасцю каля 80% у параўнанні з сучаснымі картамі.
Даследчыкі прыйшлі да высновы, што карта, мусіць, фіксуе межы палітычнага ўтварэння, «княства» бронзавага веку.
Цэнтральны круглы матыў, размешчаны недалёка ад вытокаў рэк Одэт, Ізоле і Стэр-Лаэр, можа ўяўляць сабой агароджанае ўмацаванне князя.
Верагодна, карта выкарыстоўвалася не ў навігацыйных мэтах, а як сімвалічная дэманстрацыя ўлады. Гэта мог быць «кадастравы план», звязаны з увядзеннем новага віду землекарыстання ў «княстве»; некаторыя пазнакі на карце могуць адлюстроўваць землекарыстанне або права ўласнасці. Стварэнне карты дэманструе моцную іерархічную палітычную арганізацыю, якая, імаверна, ажыццяўляла моцны кантроль над пазначанай тэрыторыяй на працягу некалькіх стагоддзяў.
Пліта была выраблена ў раннім бронзавым веку (2150—1600 гады да н. э.), што робіць яе самай старой вядомай картай у Еўропе і, «магчыма, самай старой картай тэрыторыі, якая была дагэтуль ідэнтыфікаваная». Яна прыкладная сучасніца нябеснага дыска з Небры, карты космасу, знойдзенай у сучаснай Германіі.
Пліту Сен-Белек разбілі і выкарыстоўвалі як надмагільную ў канцы ранняга бронзавага веку, прыкладна ў 1900—1600 гадах да н. э. Яе знішчэнне, магчыма, было іканаборчым актам, які дэманстраваў фармальную адмову ад папярэдняга палітычнага ўтварэння.
-
Ордэн для здушыцеля паўстання. Лукашэнка атрымаў ад Расіі тую ж узнагароду, што і Мураўёў-Вешальнік
-
«Для мяне гэты занятак — не каб пакласці паштоўку ці фотку ў шуфляду». Як і для чаго краязнаўца набывае старыя фатаграфіі з Беларусі
-
Свавольныя беларускія княгіні. Як дачка гарадзенскага князя збегла да дзікуна
Каментары