Грамадства22

«Хацеў, каб каля кожнай хаты расло яго дрэўца». Сваячка садавода Івана Сікоры правяла экскурсію па яго сядзібе

Галіна Сікора жыве ў вёсцы Малыя Алашкі Шаркаўшчынскага раёна непадалёку ад хаткі, у якой больш за 40 гадоў шчыраваў апантаны беларускі селекцыянер Іван Сікора (1885-1966). Ён яе траюрадны дзядзька, і пры жыцці Івана Паўлавіча Галіна Іванаўна была тут частай госцяй. «Звязда» папрасіла яе паказаць прысядзібны сад і хату вядомага не толькі ў Беларусі агранома і падзяліцца сваімі ўспамінамі пра яго.

Галіна Іванаўна Сікора чытае свае вершы, прысвечаныя славутаму сваяку на ганку яго хаты. Побач з акном — «чароўная» яблынька, пасаджаная Іванам Сікорам.

Пра чароўную яблыньку і танкасценны фундук

— Раней тут было проста райскае месца. Сюды на экскурсію людзі прыходзілі пешшу, прыязджалі на веласіпедах, машынах. Іван Паўлавіч з задавальненнем прымаў гасцей. У нас у школе была добрая традыцыя (Галіна Іванаўна працавала дырэктарам Слабадской сярэдняй школы. — Аўт.) — першага верасня абавязкова прыязджалі з дзецьмі ў Сікораў сад.

Звычайна Іван Паўлавіч пачынаў сваю экскурсію з гэтай, як ён яе называў, «чароўнай» яблынькі, што расце ля ганка, проста перад акном. Казаў: «Дзівіцеся, вось дрэўца, а на ім прышчэплена ажно восем сартоў яблык». Яблынька давала плады розных колераў з ліпеня па лістапад. Ужо на ёй, на жаль, засталіся толькі два сарты.

Галіна Іванаўна просіць дазволу пачытаць свае вершы, якія прысвяціла славутаму сваяку. Кажа, у яе іх некалькі, і нават песня склалася.

— «Наліваецца чырванню сліва, / Песціць вока духмяны наліў. / Каля дрэў, што растуць у Алашках, /Беларускі «мічурын» хадзіў. / Дрэўца кожнае тут памятае, / Як ён песціў іх, як даглядаў. / Ад марозаў, хвароб і напасцяў, / Як маленькіх дзяцей ратаваў. / І плацілі яму яны шчодрым / Ураджаем дзівосных пладоў. / Помняць постаць яго і паходку, / Хоць прайшло ўжо многа гадоў…».

Іван Паўлавіч займаўся не толькі яблыкамі, як многія думаюць. Ён быў вельмі цікавым, рознабаковым чалавекам. Пасля вайны на яго прысядзібным участку ўжо раслі і вінаград, і персікі… Ён вывеў шмат розных сартоў суніц. Рэмантантных, якія пладаносяць з канца мая і да пачатку зімы. Садавод лічыў, што градкі з суніцамі абавязкова павінны быць ля кожнага дзіцячага садка і школы.

А вунь, бачыце, там унізе, у канцы ўчастка, ляшчына. Больш як 50 гадоў прайшло, дрэўцы ўжо не маюць належнага выгляду, адзічэлі без догляду. Іван Паўлавіч вывеў ажно 119 формаў ляшчыны. У тым ліку незвычайны танкасценны сорт фундуку, яго шкарлупіну можна было расціснуць пальцамі. Я нават памятаю тыя арэшкі, яны былі вельмі буйныя і смачныя.

За той незвычайны сорт ён атрымаў у Маскве прэмію Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы. Вельмі шкада, што яны не прыжыліся. Ды і ляшчынай у нас, на жаль, пакуль сур'ёзна ніхто не займаецца. Хоць адна з мар Івана Паўлавіча была, каб беларусы часцей ужывалі ў ежу карысныя лясныя арэхі.

Побач са старым гібрыдным садам, пасаджаным Іванам Сікорам 72 гады таму, устаноўлены помнік яблыку. Падобны яблык — арыенцір для турыстаў, стаіць і на павароце на Алашкі.

— А якія прыгожыя кветнікі былі ў Сікоры перад хатай, — усміхаецца Галіна Іванаўна. — Тут усё буяла ў кветках. Іван Паўлавіч вельмі любіў ружы, яго калекцыя гэтых кветак перад вайной лічылася адной з найлепшых у Еўропе. У сваім садзе меў 54 разнавіднасці бэзу, сам вывеў некалькі сартоў махровага.

Гэты домік будаваўся ўручную Іванам Паўлавічам. Бярвёны нарыхтоўваў у блізкім лесе і на двуколцы цягаў іх са сваёй жонкай ды родным братам. Што цікава, падмурак зроблены з дубовых калодак, бо камення ў наваколлі было мала. Ужо амаль сто гадоў прайшло, а хата і дагэтуль на іх стаіць.

Дом, дзе жыў Сікора, пасля смерці яго жонкі быў прададзены. Доўгі час ён пуставаў. Потым пайшлі чуткі, што хату хацелі разабраць на дровы. Але, дзякуй богу, атрымалася захаваць гэты ўнікальны будынак. Зараз ён уваходзіць у склад мемарыяльнага музея Сікоры.

Пра барбарыскі і партрэт Льва Талстога

У хаце, кажа Галіна Іванаўна, планіроўка захавалася практычна такой, якой была пры жыцці садавода.

Адзінае, што тут у сенцах раней была перагародачка і стаяў варштат. Іван Паўлавіч майстраваў на ім драўляныя скрыні. Пасылаў у іх па пошце людзям чаранкі, насенне, саджанцы, расаду. Ён марыў, каб Беларусь была ўсцяж пакрытая квітнеючымі садамі.

— Галіна Іванаўна, а вы ў гэтай хаце раней часта бывалі?

— Мой дзядуля і Іван Паўлавіч былі роднымі братамі, таму ўсе самыя найлепшыя дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі побач з Сікорам. Я тут нават часам начавала. Як Іван Паўлавіч увечары збіраўся ў кіно — раней яно было перавознае, вазілі з адной вёскі ў другую — дык тады клікаў мяне ў начлежную. «Галя, ідзі да Наталлі, каб яна не вельмі баялася». Яго жонка Наталля Раманаўна пабойвалася адна заставацца ў хаце, калі на дварэ цямнела.

— А чаму ён не браў жонку ў кіно?

— Не ведаю, магчыма, яна проста баялася пакідаць хату, каб раптам хтосьці туды не залез.

Іван Паўлавіч быў жанаты другі раз. Першая яго жонка Марыя Паўлаўна памерла ў канцы вайны ад запалення лёгкіх. Пазней Сікора ажаніўся з маладой дзяўчынай. Наталля Раманаўна была маладзейшай за яго на 39 гадоў. Прыехала ў Алашкі з іншай вёскі, тут яе родная сястра жыла.

Наталля была такая прыгожая, сарамлівая. Напэўна, яна першая ў яго закахалася, дабівалася пачуццяў, бегала, дапамагала ў садзе што-небудзь рабіць. Пасля таго як яны сталі жыць разам, Іван Паўлавіч вучыў яе ўсяму: як весці гаспадарку, якія стравы для гасцей гатаваць. Вельмі яму падабалася, што ў яго хаце такая прыгожая маладая гаспадыня.

У дзяцінстве я часта назірала, як Іван Паўлавіч пасля прыёму гасцей сам прыбіраў са стала, мыў посуд. Кожную чарачку, шкляначку некалькі разоў праціраў, каб аж зіхацела. Акуратыст быў, любіў, каб парадак быў ва ўсім. Кожны куточак і ў хаце, і на ўчастку быў такі дагледжаны, проста можна было дзіву давацца. Пасля экскурсіі кожную сцяжынку ён раўняў грабелькамі, каб слядоў не засталося перад прыёмам новых гасцей.

Падабалася Івану Сікору залезці на сваю беларускую печку пагрэцца. Звычайна пакідаў там некалькі цукерак. Любіў вельмі соладзь. Мы, дзеці, гэта ведалі, і пасля яго падчышчалі ўсе тыя барбарыскі.

Іван Паўлавіч вельмі шмат чытаў. У яго было тры ці чатыры газавыя лямпы, у якіх ён штовечар ідэальна вычышчаў шкло, каб потым пры святле газоўкі адпачыць з кніжкай.

У кабінеце Івана Паўлавіча была багатая бібліятэка. Пасля таго як у вайну частка яе згарэла, ён зрабіў драўляныя скрыначкі, у якіх і захоўваў кнігі на паліцах. Каб у выпадку пажару ў першую чаргу можна было схапіць іх і вынесці з хаты. Практычна ўвесь свой небагаты заробак без шкадавання садавод аддаваў на кніжкі. Выпісваў іх па пошце. Нават мог пазычыць грошы, каб гэтыя кніжкі выкупіць у час, бо для яго гэта было самае каштоўнае ў жыцці.

У яго ўсе кнігі былі з экслібрысам — імянной пячаткай. Ён ахвотна даваў іх чытаць людзям, але прасіў, каб вярталі чысценькімі і акуратненькімі. Марыў, каб яго вялікая бібліятэка была публічнай і запатрабаванай.

Паштальён практычна кожны дзень быў у яго ў хаце, бо Іван Сікора вельмі цаніў перапіску, нават картатэку вёў. Усе лісты, якія атрымліваў, захоўваў у адмысловых скрыначках. Іван Паўлавіч нават асмеліўся напісаць пісьмо Льву Мікалаевічу Талстому. Той даслаў яму свой партрэт з іменным уласнаручным подпісам. Як скарб, Сікора захоўваў той падарунак да канца жыцця. Арыгінал зараз знаходзіцца ва ўнука Пятра ў Мінску. У музеі на сцяне вісіць копія.

Мы, малыя гарэзы, яшчэ слаба ўмелі чытаць, а ён абавязкова пытаўся: «Якую кніжку ты зараз чытаеш?» — «Ну, мы казкі любім». Ён тады ўсміхаўся: «Чытайце, дзеткі, чытайце. Гэта вельмі-вельмі важна».

Пра несапсаваны смак і пралескі пад кусцікам

Іван Паўлавіч вельмі любіў дзяцей.

Якасць і смак сваіх яблыкаў правяраў на нас, малых: пускаў у сад і глядзеў, пад якую яблыню пабяжым, дзе плады смачнейшыя, бо ў дзяцей, як ён лічыў, несапсаваны смак.

Мы да яго таксама гарнуліся. Трэба збіраць ураджай яблык, усе дзеці з Алашкаў дапамагалі Івану Паўлавічу. Любілі мы яго, паважалі, ну і ягадку нейкую, вядома, з'ядалі. Ён вельмі любіў прыроду, і вучыў нас бачыць у раслінах сяброў.

Запомніўся мне з дзіцячых гадоў адзін выпадак. Як толькі снег сыходзіў, у яго ляшчынніку па вясне расцвіталі першыя кветкі — кураслеп, пралескі. Неяк мы, малыя, сабралі букецік тых кветак. Калі яны неўзабаве завялі, паклалі іх пад кусцік. Ён гэта ўбачыў…

І такое было выхаванне, што я, колькі жыву, нават букет рука не падымаецца паставіць, бо, памятаю яго навуку, што гэта вельмі дрэнна, калі зрываеш жывую кветачку і яна прападае.

У грыбную пару ён браў нас з сабой у лес. І вельмі быў незадаволены, калі хтосьці з коранем выдзіраў грыбок. Вучыў, што так нельга рабіць, грыбніцу патрывожыце і на гэтым месцы грыб больш не вырасце.

Любіў ён прайсціся па вёсцы ў доўгай белай ільняной кашулі, падперазаўшыся тонкім паяском, паглядзець, што расце ў агародчыку ў кожнай гаспадыні. І калі там які непарадак, рабіў культурную заўвагу. Таму ўсе ў вёсцы стараліся садзіць побач з хатамі кветачкі, каб было прыгожа і каб Іван Паўлавіч не вельмі турбаваўся.

Ён хацеў, каб абавязкова каля кожнай хаты было пасаджана яго дрэўца. Таму шчодра дзяліўся з суседзямі сваімі найлепшымі саджанцамі. Раздаваў іх аднавяскоўцам, проста так, як падарунак. І дапамагаў пасадзіць, а потым вучыў, як правільна даглядаць тое дрэўца.

Пасля вайны ўсе елі яблыкі з лесу — даўкія такія, не вельмі смачныя. Дзякуючы Сікору ў нашых садах з'явіліся і ранеткі, і белы наліў, і іншыя смачныя яблычкі.

На развітанне Галіна Іванаўна пачаставала яблыкамі са свайго саду. І не проста яблыкамі, а знакамітым зімнім сортам «Памяць Сікоры». «З-за засушлівага лета іх сёлета зусім мала было і дробныя. Але ад гэтага не менш смачныя. Пакаштуеце сікораўскія яблычкі пасля новага года і згадаеце, як завіталі да нас у Алашкі позняй восеньскай парой. Абавязкова прыязджайце сюды яшчэ вясной, летам ці ранняй восенню. У сезон тут такая стаіць прыгажосць, што словамі не перадаць… Хочацца, каб моладзь сюды ехала, як і раней, каб памяць пра садавода Сікору жыла…»

Каментары2

  • Тодар
    14.12.2022
    Назва "ляшчына"- калька з расейскай "лещина"... у нас "гарэх".... "гарэшнiк"... "гарэшнiкавы сад"... "пайсцi у лес па гарэхi".
  • Vir
    14.12.2022
    Toj hibrydny sad nie vyhliadaje starym. Bačna koļki starych jablyņ, alie boļsasc` kalia 30 hadoū.

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным23

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным

Усе навіны →
Усе навіны

«Тры-пяць разоў перакуліліся»: Аляксандр Саладуха з сынам трапіў у жудаснае ДТЗ — ФОТЫ15

Выйшаў на свабоду доктар-неўролаг Аляксандр Цялега

«Арэшнік» для Беларусі. Куды Лукашэнка ўцягвае краіну8

Беларус-дальнабойшчык знайшоў у сваім рэфрыжаратары двух нелегальных мігрантаў1

Канапацкая падзякавала камуністам за дапамогу, але сама застаецца «нацдэмкай»7

«У нас іншыя прыярытэты цяпер». Расія можа не прыйсці на дапамогу Асаду6

Расійскі віцэ-прэм'ер расказаў, калі ўвядуць агульную валюту з Беларуссю1

Купля трактароў з Беларусі прынесла праблемы польскім фермерам2

Шайгу заявіў пра падрыхтоўку беларускіх экіпажаў комплексаў «Іскандэр»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным23

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным

Галоўнае
Усе навіны →