Кавалеўскі: Мы будзем дабівацца адпаведнага прававога статусу для беларусаў, пазбаўленых рэжымам грамадзянства
Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі пракаментаваў прыняцце лукашэнкаўскім парламентам паправак у закон, якія дазваляюць рэжыму пазбаўляць беларусаў грамадзянства па палітычных матывах.
«Пазбаўленне грамадзянства, якое належыць кожнаму чалавеку па праве нараджэння, — цынічнае беззаконне, якое супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным абавязацельствам Беларусі.
Гэта шок для беларусаў і ўсяго цывілізаванага свету», — адзначыў Кавалеўскі. І правёў канкрэтныя гістарычныя паралелі:
«Дастаткова прыгадаць, што людзей пазбаўлялі грамадзянства, дадзенага па праве нараджэння, у нацысцкай Германіі. І гэтае падабенства шмат пра што кажа, у тым ліку пра тое, якім можа і павінны быць фінал прадстаўнікоў гэтага рэжыму».
Пасля таго, як гэты закон пачне рэалізоўвацца, паводле Кавалеўскага:
«Адной з галоўных задач нашай міжнароднай дзейнасці з'яўляецца здабыццё магчымасцяў для беларусаў мець адпаведны прававы статус, пацверджаны дакументам адпаведнага ўзору, незалежна ад вар'яцкіх дзеянняў рэжыму.
Мы будзем дамагацца непрызнання такіх рашэнняў нелегітымнай улады і вырашэння практычных аспектаў, з якімі могуць сутыкнуцца беларускія грамадзяне за мяжой».
Каментары