Беларуска вярнулася з ЗША, пабудавала дом на Нарачы і перавезла туды дзве стогадовыя хаты
Усе ведаюць прыказку «дзе нарадзіўся, там і згадзіўся». Ды толькі ў Ірыны свая трактоўка: «паглядзі на свет, набярыся досведу, а потым зрабі дома нешта добрае». Гераіня realt.by пажыла ў Амерыцы і Маскве, але ў 2013 годзе вярнулася ў родныя мясціны. У лясах у Нарачы, дзе яна ў дзяцінстве збірала грыбы, зараз стаіць дом нібыта з Pinterest. А некалькі гадоў таму жанчына перавезла на ўчастак дзве стогадовыя хаты і назвала іх у гонар папярэдніх уладальнікаў. Ірына расказала, як змяніла працу перакладчыцы на ролю гаспадыні сядзібы і давяла да слёз гісторыяй аб прыёмных дамах.
«Малявала на паперцы ў клетачку эскізы і паказвала камп'ютару»
Вёска Малая Сырмеж знаходзіцца побач з Нараччу, але хаваецца ад падарожнікаў за густым лесам. Участак гераіні зліваецца з ландшафтам нацыянальнага парку. Псаваць такое суседства плотам не падымаецца рука. Дух прыроды жыве і ў сценах двухпавярховага каркасніка. Унутры ўсё аздоблена дрэвам прыемнага балотнага колеру, аддае цяплом руская печ, а бэлькі на фоне вялікіх вокнаў зліваюцца з лясным пейзажам і нагадваюць паваленыя дрэвы.
Ірына — жанчына энергічная. Яе складана ўявіць у невялікай кватэры. Для ўсіх ідэй там і не хапіла б месца. Нават тут кожны куток жыве нейкай гісторыяй. У адным стаіць стары куфар і векавыя пласцінкі бабулі. Сцяна іншага служыць сямейным дрэвам. Больш за ўсё жанчына расказвае пра бабулю. Асабліва захапляецца Іра тым, што тая ў свой час прайшла пешшу 300 км, перш чым здабыць дом і сям'ю. Ірына, відаць, уся ў яе, бо пажыла нават за Атлантычным акіянам, перш чым пабудаваць дом і сядзібу ў Беларусі.
Бацька Ірыны быў капітанам другога рангу Паўночнага флоту. Яна нарадзілася ў Запаляр'і, а ў Мінск ужо прыехала ў шасцігадовым узросце. Ірына скончыла сталічную школу і атрымлівала вышэйшую адукацыю на геаграфічным факультэце. А ў хуткім часе выпадкова ў аб'яве знайшла працу ў Амерыцы — рэдкая магчымасць на той час. Рызыкнула і паляцела. У ЗША яна пражыла амаль 10 год. Там і пазнаёміліся з першым мужам, нарадзіла чацвярых дзяцей.
— Пасля мы пераехалі ў Маскву, дзе я працавала перакладчыцай. Калі гэтае кола цераз абодва берагі Атлантыкі завяршылася, у 2013 годзе разам з дзецьмі я вярнулася назад у Беларусь.
Ідэя пабудаваць дом у Беларусі ў Ірыны з'явілася спантанна. На пошук прыдатнага ўчастка быў усяго тыдзень, бо тады яшчэ сям'я жыла на дзве краіны. Жанчына ўспамінае, што рыэлтар прывозіў яе ў маляўнічыя мясціны з відам на возера, але, пасля таго як пажыла побач з акіянам, Ірына чыста з практычных меркаванняў такія варыянты нават не разглядала.
— На зваротным шляху ён мне прапанаваў з'ездзіць на адзін участак побач з Нараччу. Я ўсяляк супраціўлялася. У гэтыя месцы я ў грыбы з дзядзькам стала прыязджала. Кажу: там адзін дом прадаецца на дарозе і больш нічога цікавага няма. Ён, вядома, угаварыў, але я ведала, што губляю час, — распавядае гераіня. — Я была не ў курсе існавання гэтай вуліцы. Мяне прывезлі на ўчастак і я бачу коніка, што пасецца на траве, побач Нарачанскі парк, удалечыні — невялікая рэчка. Вакол цішыня. Я неяк інтуітыўна зразумела, што мне будзе тут добра. Разумееце, мне не трэба было прымаць рашэнне, яно было прынятае за мяне. Падкупіла яшчэ і тое, што тут ніколі не было ніякіх пабудоў прынамсі апошнія 200 гадоў. Участак насычаны жывой прыродай.
20 сотак у 2012 годзе сям'я купіла за 10 тысяч даляраў. А вось з праектам дома ўсё было значна прасцей. Яго Ірына малявала ў галаве многія гады.
— У Амерыцы я працавала брокерам па продажы нерухомасці, таму наглядзелася рознага. Хата малявалася па выяве пенсільванскага шале, якое, у сваю чаргу, падобнае да аўстрыйскага, толькі большае. Уяўленне — гэта, вядома, добра, але я зразумела, што наогул не ведаю, як абмежаваць яго памеры. Будоўляй павінны былі займацца мясцовыя хлопцы, таму спытала ў прараба Андрэя, чым абмяжоўваць габарыты будынка? На што ён мне адказаў: «Самая вялікая палка ў лесе расце ў восем метраў — болей не будзе», — смяецца гераіня і паказвае 4 бэлькі па 8 метраў, вакол якіх усё ў выніку і будавалася.
На першым паверсе размясціліся чатыры пакоі, санвузел, кухня-сталовая і гасцёўня. Абавязковай умовай была наяўнасць рускай печы з ляжанкай. Яе фасад зараз яшчэ і выконвае ролю дошкі аб'яў.
Ірына прадугледзела ў доме аж тры ўваходы. Трэці, гаспадарчы, побач з кухняй, з'явіўся, каб захаваць эстэтыку: «Дзе гэта бачана, каб смецце праз прыгожыя дзверы выносілі».
Калі з уяўленнем першага паверха праблем не было, то як зрабіць другі паверх і правільна ўпісаць вокны, гераіня не ведала.
— Папрасіла дапамогі ў сяброўкі. Памятаю, яна сядзела ў Пермі, а я — у Маскве, размаўлялі па скайпе. У яе не было доступу да відэа, таму па яе тлумачэннях я малявала на паперцы ў клетачку эскізы і паказвала камп'ютару. Сяброўка карэктавала: туды адну клетачку, сюды; вось тут палачку паставім, тут прыбяром. Як бачыце, усё атрымалася.
Усё, што гераіня ведала пра будаўніцтва, было звязана з каркаснымі дамамі, якія ў Амерыцы часцей за ўсё і ўзводзілі. Для мясцовых будаўнікоў гэты праект стаў эксперыментам.
— Той самы будаўнік Андрэй ні разу не ўзводзіў каркасны дом, толькі пра гэта «чуў». Ён старанна вывучыў гэтую тэму, але ўсё роўна хваляваўся. Неяк нават сказаў сваёй жонцы: «Галя, я так хвалююся. А што, калі ў мяне не атрымаецца?» — смяецца Ірына. — І вось яны на свой страх і рызыку пачалі будаваць. А я на свой страх і рызыку даверылася іх майстэрству. А майстэрства ў іх, як бачыце, ёсць. Усё атрымалася як след. Пасля мяне яны толькі каркаснікамі і займаюцца.
У Амерыцы такі дом пабудавалі б за 4 тыдні. У спецыяльных крамах, як у гастраноме, прадаюцца матэрыялы любой таўшчыні, фармату і фасону, якія ўжо прайшлі тэхнічную сушку — усё падрыхтавана загадзя. Тут жа будаўнікі самастойна рыхтавалі матэрыял да кожнага этапу. Заехаць у пустую хату Ірына са сваімі дзецьмі змагла праз год і дзевяць месяцаў.
Тады кошт лесу быў не такі высокі, і сядзіба, і хлеў, і домік для гасцей, які вырас на месцы лазні, абышліся сям'і ў раёне 120 тысяч даляраў.
Цяпер у сядзібе жыве Ірына з мужам і малодшай дачкой. Старэйшыя з'ехалі ва ўніверсітэт, сярэдняя вучыцца ў гімназіі ў іншым горадзе. Пасля пераезду Ірына працавала перакладчыкам, у тым ліку і на беларускай АЭС. Да ідэі стварыць свой сямейны бізнэс падштурхнуў яе ўсё той жа прараб: «Пабудуй сабе хатку замест лазні і здавай».
— Я падумала: ды ну, што гэта за праца? Хатку здаваць не цікава. А абцасы куды я надзену? Пазногці каму буду паказваць? — іранізуе Ірына. — Ну і наогул, перакладчык — гэта ж артыст, а я тут буду ў вёсцы з пыласосам бегаць. Увогуле не тое. Потым мая сяброўка, якая для мяне з'яўляецца аўтарытэтам, неяк выдала такую ж ідэю. Я — паслухмяны чалавек, дачка ваеннага ўсё ж такі, вырашыла паспрабаваць. Чатыры гады працавала перакладчыкам і здавала гасцявы дом і мансарду.
«Прыязджайце да мяне жыць. Я вас апрану, вы будзеце цёплыя і прыгожыя»
Усе падзеі, якія адбыліся ў жыцці Ірыны потым, нагадваюць казку. Нібы па шчупаковым загадзе выконваліся ўсе яе запаветныя жаданні. Ну і як пасля такога можна ўсумніцца, што хутар «Малінаўка» — гэта не справа ўсяго яе жыцця?
Спачатку жанчына набыла суседні ўчастак, які ўжо шмат гадоў пуставаў.
— Да гэтага часу ўсе 20 сотак зараслі кустамі. Тут трэба сказаць вялікі дзякуй майму мужу, бо ўвесь участак ён вычысціў бензапілой сам. Памятаю, што і госці дапамагалі цягаць у вогнішча гэтыя кусты — для іх гэта была забава, — успамінае Ірына. — На гэтай зямлі я хацела пабудаваць летнюю кавярню і яшчэ два гасцявыя дамы. Калі гаворка заходзіла пра выбар будматэрыялаў, мы з мужам нават без абмеркаванняў уяўлялі старыя брусы, але дзе іх узяць, а галоўнае — як перавезці?
Муж Ірыны, Аляксандр, вырас у суседняй вёсцы. А паколькі праца ляснічага ўключае цеснае знаёмства з мясцовасцю, то ён ведаў, якія дзе хаты даўно пустуюць.
— Ён прывёз мяне ў вёску Дубнікі. На той момант — тры гады таму — там ужо была нават абрэзана электрычнасць. А яшчэ такая зіма непрыгожая была: усё ў лужынах, калдобіны на дарогах, кусты проста за машыну чапляюцца. Вакол стаяць пустыя дамы, якія ўраслі ў кусты. Так сумна. Я так адчула іх… Яны як людзі. Усе дамы моцныя, прыгожыя, дыхтоўныя. Відаць было, што людзі ўзводзілі іх душой, з уменнем.
У глухой вёсцы Ірыне запалі ў душу два дамы.
— Я плакала побач з імі, так я іх пашкадавала. Прасіла домікі: «Прыязджайце да мяне жыць. Я вас апрану, вы будзеце цёплыя і прыгожыя. У вас будзе святло гарэць, печы тапіцца, будуць прыязджаць госці, вас любіць. Ну, што вы тут стаіце, нікому не патрэбныя?» З гэтым болем і нейкай надзеяй я панеслася ў царкву прасіць за гэтыя дамы.
Наступнай раніцай пачаліся пошукі іх уладальнікаў. Як даведалася прозвішчы жыхароў, Ірына вырашыла прабіць іх у фэйсбуку.
— Апошнюю гаспадыню аднаго дома звалі Буйчык Валянціна Мікалаеўна. У сацыяльнай сетцы пад гэтым прозвішчам я знайшла мужчыну майго ўзросту — Аліка. Ён жыў у Вільні. Я напісала і расказала пра гэты дом і вёску. Ён мне тут жа адказвае і піша, што Валянціна Мікалаеўна — яго маці, а ў гэтым доме ён вырас. Так пачалася размова. Паралельна тэлефаную ў Віцебск спадчынніцы другога дома Галіне Леанідаўне.
Ні тыя, ні іншыя прадаваць дамы не хацелі. Нягледзячы на тое, што радня раз'ехалася па ўсім свеце, хата заставалася адзіным месцам, дзе два разы на год збіраліся ўсе. Прыехаць на могілкі і пасядзець за сталом — было святое правіла. Праўда, з гадамі з дома чужынцы вынеслі нават лаўкі.
— Аліка зусім не цікавіў продаж як угода. Цана дома — палова яго заробку ў Вільні. Ён яго вельмі любіў і сказаў мне, што калі дом сапраўды атрымае другое жыццё, то ён будзе толькі рады. Другія раіліся даўжэй. Уся сям'я сабралася, як у «Хросным бацьку», на вялікі кансіліум. Вырашальнае слова было за дзядулем Жыгмандам, які там вырас. Яму 90 год. Выхадныя яны там сядзелі і прыйшлі да высновы, што дом, які дарагі ім як памяць, праз некалькі гадоў з-за адсутнасці гаспадара разваліцца. Найлепшы варыянт — калі гэтая памяць пераедзе.
Абедзве сям'і з дамамі прыехалі развітацца. Ірына ўспамінае, як кранальна гэта было.
— Багуміла — жонка Аліка — плакала, калі была там апошнім разам. Я не магла забыць такую глыбокую сувязь з уладальнікамі і назвала дамы ў гонар Жыгманда і Багумілы.
Разбіралі і перавозілі дамы, як дарагую крыштальную вазу. Будоўля заняла два гады.
— Так, доўга, але гэта не проста дамы, а лёсы дзвюх сем'яў, якім даравалі будучыню.
Багуміла і Жыгімонт зараз нагадваюць адзіны комплекс. Паміж імі Ірына размясціла памяшканне на дзве кухні. Яно і не выбіваецца з агульнага антуражу.
Дух гісторыі жыве ўнутры гэтых дамоў. З-пад бруса вылазіць мох, за вясковы водар адказвае печ. Нават сучасны санвузел і мансардны паверх на месцы гарышча ніяк не ўплываюць на іх першародную прыгажосць. Атрымліваецца, свае абяцанні перад гаспадарамі і дамамі Ірына выканала: памяць захавала, хаты прыбрала. Цяпер іх усе любяць.
— Так атрымалася, што мой досвед жыцця ў іншых краінах у выніку прывёў мяне ў гэтае месца. Ёсць фраза «дзе нарадзіўся, там і згадзіўся». Мне здаецца, што зусім не абавязкова сядзець на адным месцы. Можна набрацца досведу, прыехаць і найлепшым чынам сябе тут рэалізаваць. Гэта будзе нашмат больш прадуктыўна, чым проста прасядзець жыццё. Мой шлях дапамог зрабіць кавалачак радзімы прыгожым і карысным для ўсіх.
Каментары