The Times: Пентагон даў Украіне зялёнае святло на ўдары дронамі па цэлях у Расіі
Мінабароны ЗША маўкліва ўхваляе далёкія ўдары Узброеных сіл Украіны па цэлях на тэрыторыі Расіі пасля шматлікіх ракетных абстрэлаў украінскай крытычна важнай цывільнай інфраструктуры. Пра гэта піша брытанская газета The Times.
Праз тое, што ў кастрычніку Расія пачала рэгулярныя атакі мірных жыхароў ва Украіне, міністэрства абароны ЗША перагледзела сваю ацэнку пагрозы гэтай вайны. У прыватнасці, размова ідзе пра новыя думкі наконт таго, ці могуць пастаўкі зброі УСУ прывесці да ваеннай канфрантацыі паміж РФ і НАТА.
Як гаворыцца ў матэрыяле, гэта ўяўляе сабой важную падзею ў расійскай поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, бо зараз Вашынгтон з большай верагоднасцю паставіць Кіеву зброю большай далёкасці.
«Мы ўсё яшчэ выкарыстоўваем тыя ж разлікі эскалацыі, але страх перад эскалацыяй змяніўся ў параўнанні з тым, якім ён быў у пачатку. Цяпер усё па-іншаму. Гэта таму, што ацэнка вайны змянілася ў выніку пакут і жорсткасці, якія ўкраінцы церпяць з боку расіянаў», — сказала крыніца выдання ў амерыканскім абаронным ведамстве.
Вашынгтон цяпер менш занепакоены тым, што новыя дальнабойныя ўдары на тэрыторыі РФ могуць прывесці да драматычнай эскалацыі. Дагэтуль усе «зваротныя» атакі Масквы ўключалі звычайныя ракетныя ўдары па цывільных аб'ектах ва Украіне.
Перад гэтым Пентагон з большай асцярожнасцю ставіўся да ўкраінскіх удараў па РФ, бо баяўся, што Крэмль адкажа тактычнай ядзернай зброяй або нацэліцца на суседнія краіны НАТА.
Пры гэтым Вашынгтон не збіраецца публічна падтрымліваць далёкія ўдары УСУ ўглыб расійскай тэрыторыі. Афіцыйную пазіцыю Штатаў у дачыненні да іх на гэтым тыдні агучыў дзяржсакратар Энтані Блінкен, які адзначыў: «Мы не заахвочвалі і не дазвалялі ўкраінцам наносіць удары ўнутры Расіі».
У той жа час крыніца ў Мінабароны ЗША сказала: «Мы не кажам Кіеву: «Не рабіце ўдары па расіянах. Мы не можам сказаць ім, што рабіць. Ім вырашаць, як яны выкарыстоўваюць сваю зброю. Але, калі яны выкарыстоўваюць пастаўленую намі зброю, мы настойваем толькі на тым, каб украінскія вайскоўцы выконвалі міжнародныя законы вайны і Жэнеўскую канвенцыю».
«Гэта адзіныя абмежаванні», — падкрэсліла крыніца ў Пентагоне і дадала, што «наколькі ім вядома», Украіна іх выконвае.
Украінскія сілы ў рамках гэтых абмежаванняў цяпер вядуць больш актыўныя дзеянні супраць цэляў на тэрыторыі РФ. Украіна старалася выкарыстоўваць уласныя беспілотнікі, а не зброю, пастаўленую ЗША, для нанясення ўдараў.
Беспілотнікі, заснаваныя на савецкіх сістэмах назірання Ту-141 «Стрыж», распрацаваных у 1970-х гадах, былі перапраграмаваныя, каб павялічыць іх далёкасць і боезапас для запуску на малой вышыні.
У матэрыяле гаворыцца, што такія мадыфікаваныя Ту-141 былі задзейнічаныя на гэтым тыдні ў трох налётах на вайсковыя базы за 480 км ад расійскай мяжы і на паліўныя бакі прыкладна за 130 км ад мяжы з Украінай, у кожным выпадку яны ўхіляліся ад сродкаў СПА. Дроны могуць лётаць з хуткасцю каля 965 км/г на малой вышыні, як крылатыя ракеты.
Каментары