Колькасць нафтавых танкераў, якія стаяць у Чорным моры ў чаканні праверкі турэцкімі ўладамі, за ноч павялічылася яшчэ на пяць. Такім чынам, у чарзе на праход праз праліў Басфор у Міжземнае мора знаходзіцца ўжо 16 танкераў.
Як паведамляе Reuters, заходнія і турэцкія афіцыйныя асобы працягваюць перамовы аб мерах, якія б дапамаглі скараціць чэргі пры праходзе судоў праз чарнаморскія пралівы, якія ўзніклі пасля ўвядзення Захадам эмбарга на транспарціроўку расійскай нафты.
З 5 снежня ў Еўрасаюзе ўступіла ў сілу эмбарга на расійскую нафту, якая пастаўляецца марскім шляхам; з гэтага ж дня краіны «Вялікай сямёркі», Еўрасаюз і Аўстралія ўвялі столь цэн на расійскую нафту ў 60 даляраў за бараль — пастаўкі па цане вышэй за гэту не могуць быць застрахаваныя ў кампаніях гэтых краін, а яны фактычна кантралююць увесь сусветны рынак.
Акрамя гэтага, Турцыя з пачатку гэтага месяца ўвяла ўласныя меры, патрабуючы ад суднаўладальнікаў пацверджанне наяўнасці страхоўкі, якая пакрывае праход танкера праз пралівы або стаянку ў турэцкіх партах.
Па паведамленні экспедытарскага агенцтва Tribeca, да паўночнага ўваходу ў Басфор падышло яшчэ пяць танкераў даўжынёй больш за 200 метраў, якія накіроўваюцца далей у Міжземнае мора, у дадатак да адзінаццаці, якія сталі на якар там жа днём раней. Па даных агенцтва, пакуль ніводнае судна не атрымала дазволу на праход.
Больш на поўдзень, ля ўваходу ў праліў Дарданелы, яшчэ дзевяць танкераў чакаюць дазволу на далейшы праход у паўднёвым напрамку — гэта на тры судны менш, чым днём раней.
Каментары