Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін падчас справаздачна-выбарнай канферэнцыі Беларускага фонду міру 30 лістапада атрымаў залаты медаль Савецкага фонду міру. Узнагароду арганізацыі даўно няіснай краіны ўручыў яму адыёзны расійскі палітык Сяргей Бабурын.
Такім чынам Веніямін быў ушанаваны, як паведамляецца, «за значны асабісты ўклад у справу міру, дружбы, згоды паміж людзьмі і народамі».
Расійскі палітык Сяргей Бабурын вядомы яшчэ з познесавецкіх часоў. Ён абіраўся дэпутатам у Вярхоўны Савет РСФСР і Дзярждуму Расіі, быў вядомы і як дзеяч левай арыентацыі, і як расійскі нацыяналіст. Ён адзін з сузаснавальнікаў так званай грамадзянскай ініцыятывы «Саюз», якая пасля 2020 года беспаспяхова спрабавала стварыць у Беларусі прарасійскую партыю.
Варта адзначыць, што ў СССР, настальгію па якім эксплуатуюць палітыкі кшталту Бабурына, што праявілася і ў назве «Савецкі фонд міру», якога ён з'яўляецца адным з кіраўнікоў, праводзілася суровая антырэлігійная палітыка, у тым ліку і ў дачыненні да праваслаўя. Але гэта і тады не замінала іерархам Рускай праваслаўнай царквы цесна супрацоўнічаць з савецкай дзяржавай.
Каментары