Эканоміка11

Нарошчванне дэфіцыту і разлік на падтрымку Расіі. Абмеркавалі з эканамістам праект бюджэту і прагнозы ўлад на 2023 год

Інфляцыя да 7-8%, а ВУП вырасце на 3,8% — такі эканамічны празноз уладаў на наступны год. «Наша Ніва» спытала ў эксперта, наколькі рэалістычныя такія разлікі.

Бюджэт з разлікам на расійскія пазыкі

У 2023 годзе ўрад плануе нарошчваць дэфіцыт (у праекце бюджэту ён закладзены ў памеры 3,1 мільярда рублёў) і падымаць столь па ўнутраным і вонкавым даўгах. Гэта можна суаднесці з прагнозам Рамана Галоўчанкі пра рост інвестыцый у наступным годзе на 22%.

«Павелічэнне інвестыцый у першую чаргу будзе адбывацца за кошт дзяржавы, а не нейкіх замежных або мясцовых інвестараў. А паколькі ў дзяржавы грошай няма, то адбывацца гэта будзе за кошт павышэння дэфіцыту і патэнцыйных пазык, перш за ўсё з боку Расіі», — кажа эксперт BEROC Леў Львоўскі.

Ён лічыць, што калі на працягу года не будзе новых шокаў і Расія будзе даваць нам новыя крэдыты або працягваць прадастаўляць адтэрміноўку па старых, то ў эканоміцы ўсё будзе больш-менш стабільна. Дзякуючы гэтаму, яна зможа знаходзіцца ў стане стабільнай рэцэсіі.

Таксама эксперт адзначае, што калі РФ дасць дастаткова грошай у доўг, то за кошт гэтых інвестыцый Беларусі ўдасца нарасціць ВУП на некалькі працэнтаў у наступным годзе.

«Аднак нават, згодна з традыцыйна залішне пазітыўным прагнозам ад уладаў, рост, які прагназуецца, не кампенсуе таго падзення, якое мы маем (за студзень-кастрычнік ВУП знізіўся на 4,7%). Атрымліваецца, што нават па самым пазітыўным сцэнары мы не дасягнём узроўню 2021 года».

«Мы ўсё роўна запазычваем з будучыні»

Тым не менш, нават пры такім адносна пазітыўным развіцці падзей, што чакаюць улады, застаецца некалькі праблем.

«Мы ўсё роўна запазычваем з будучыні. Паколькі інвестыцыі будуць нарошчвацца не за кошт чагосьці назапашанага, а за кошт новых крэдытаў, з вяртаннем якіх у нас і так ёсць вялікія праблемы. Па частцы крэдытаў, якія не тычацца Расіі, у гэтым годзе Беларусь ужо абвясціла дэфолт. Расія ж дазволіла нам не выплачваць доўг у гэтым годзе».

Эксперт таксама звяртае ўвагу на тое, што ні адзін з эканамістаў не можа дакладна прагназаваць, як будуць развівацца падзеі, паколькі толькі ўраду вядома, якім можа быць узровень фінансавання з боку РФ. Улады могуць разлічваць бюджэт, абапіраючыся ў тым ліку на гэтую інфармацыю.

Фота: АР

«Урад можа нешта ведаць аб тым, гатовы Пуцін даць яшчэ два мільярды даляраў у наступным годзе ці не. Магчыма, ёсць нейкія папярэднія дамоўленасці па гэтых пытаннях, аб якіх нам не вядома», — адзначае эканаміст.

У любым выпадку Львоўскі лічыць, што перспектыва такіх дзеянняў — гэта знаходжанне ў стагнацыі. І так можа працягвацца, пакуль эканоміка не сустрэнецца з чарговым шокам. 

«Многае будзе залежаць і ад сітуацыі на фронце»

Прыняты эканамічны сцэнар не ўлічвае рызыкі, звязаныя з вайной.

«Ваенныя эксперты сцвярджаюць, што гэта малаверагодна, але калі раптам беларускія войскі апынуцца на тэрыторыі Украіны, то закладзеныя лічбы ў бюджэце стануць нічога не вартымі.

Акрамя таго, многае будзе залежаць і ад таго, як будзе развівацца сітуацыя на фронце. Калі фронт будзе адносна замарожаны, то такое развіццё падзей уваходзіць у гэты сцэнар бюджэту. Калі ж Украіна будзе развіваць сваё контрнаступленне і будзе мець вялікія поспехі, то гэта будзе пагражаць вялікім спадам эканомікі Расіі, а значыць закране і Беларусь», — адзначае эксперт.

Таксама пры складанні праекта бюджэту і асноўных паказчыкаў на 2023 год не прадугледжвалі таго, што ў дачыненні да Беларусі і Расіі могуць быць уведзеныя новыя санкцыі.

«Напрыклад, у хуткім часе ў дачыненні да Расіі павінен запрацаваць прынцып абмежавання цэн на нафту. Пакуль мы дакладна не ведаем, ці будзе ён дзейнічаць, але калі яго запусцяць, то гэтыя прагнозы прыйдзецца моцна карэктаваць. Прагнозы па ВУП пры такім развіцці падзей таксама будуць мяняцца на некалькі працэнтаў», — упэўнены эксперт.

Кажучы іншымі словамі, прагноз на наступны год распрацаваны без уліку магчымага пагаршэння сітуацыі, якое можа адбыцца па шэрагу знешніх фактараў, што не залежаць ад дзеянняў самой Беларусі.

Сярод такіх важных аспектаў, якія могуць у значнай меры паўплываць на эканамічную сітуацыю, Леў называе рызыку сусветнай рэцэсіі, якая ўдарыць як па Расіі, так і па Беларусі.

«Па Беларусі гэта можа нанесці двайны ўдар, паколькі мы пацерпім як самі па сабе, так і за кошт таго, што гэта адаб'ецца на Расіі, якая з'яўляецца нашым асноўным партнёрам і паўспонсарам.

Таксама патэнцыйны шок можа адбыцца і ад унутранай беларускай палітыкі.

Наш урад паказаў, што ён на гэта здольны, калі Лукашэнка ўвёў татальную забарону на рост цэн. Гэта павышае рызыку развіцця вострай рэцэсіі выключна з-за ўнутраных рашэнняў».

Акрамя таго, Львоўскі звяртае ўвагу на некаторыя супярэчнасці ў прагнозах улад.

«Напрыклад, мяркуецца, што інфляцыя будзе нізкай — на ўзроўні да 7%. Адначасова дапускаецца, што ў нас будзе праводзіцца мяккая манетарная палітыка, якая, наадварот, спрыяе павелічэнню інфляцыі.

Як гэтыя дзве рэчы будуць ужывацца — незразумела. Застаецца спадзявацца, што гэта будзе адбывацца не за кошт якіх-небудзь штучных метадаў тыпу ручнога рэгулявання цэн, якія могуць прывесці да паўнавартаснага вострага крызісу», — кажа эканаміст.

«Кожны палітык заігрывае перад сваім асноўным электаратам»

Што тычыцца рашэння павялічыць бюджэт на ўтрыманне сілавікоў і вайскоўцаў, то, на думку Львоўскага, у гэтым няма нічога дзіўнага, паколькі на гэтым трымаецца ўлада Лукашэнкі.

«Кожны палітык заігрывае перад сваім асноўным электаратам, таму лагічна, што Лукашэнку трэба закладваць больш грошай на сілавы блок», — адзначае эксперт.

З эканамічнага пункту гледжання гэта нявыгадныя ўкладанні, паколькі сілавікі не вырабляюць якога-небудзь прадукту.

Аднак, нягледзячы на тое, што павелічэнне выдаткаў на сілавы блок з'яўляецца дрэнным выкарыстаннем грошай з пункту гледжання эканомікі, па такім шляху ў будучыні пойдуць многія краіны, мяркуе Львоўскі.

«Пасля завяршэння вайны ва Украіне мы прачнёмся ў свеце, дзе многія краіны павялічаць бюджэт на ваенныя патрэбы».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: 

ВУП працягвае падаць. Як гэта адаб'ецца на жыцці простага беларуса? 

Каментары1

  • Фантазёры
    01.12.2022
    Пока не вылезут из таёжного союза, где, всё, отданно РФ, которая устанавливает таможенные, акцизные, тарифные правила, параллельно прокручивая, минимум 3 месяца, снятое с акцизов, тарифов и таможни, то, до тех пор, будет стагнация и падение. В таёжном союзе выгода только для семейных, нефте-газово-калийных схем есть, остальное - убыток и тотальная зависимость от России.
    Плюс расчёт за участие в геноциде украинцев никто не собирается отменять.

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай1

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»37

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →