Кавідныя пратэсты ў Кітаі: жыхары Урумчы правялі дэманстрацыю пасля пажару ў шматпавярховіку
У кітайскіх сацсетках з'явіліся відэа новых масавых пратэстаў супраць жорсткіх абмежаванняў у горадзе Урумчы Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна. Паведамляецца, што дэманстрацыі ўспыхнулі пасля пажару ў шматпавярховым жылым доме, у выніку якога загінулі 10 чалавек, піша Бі-бі-сі.
На кадрах відаць, як мясцовыя жыхары, многія з якіх у масках, пасля наступлення цемры збіраюцца на вуліцах горада. Пасля гэтага пачынаецца супрацьстаянне з прадстаўнікамі ўладаў, людзі скандуюць: «Канец кавіднаму лакдаўну!» У іншым роліку натоўп прарываецца праз бар'ер, які ўтрымліваюць супрацоўнікі гарадскіх службаў у ахоўным рыштунку.
Агенцтва Reuters пацвердзіла лакацыю месца, дзе праходзіла дэманстрацыя. Стрымы з месца, якія Бі-бі-сі адсочвала ў пятніцу ўвечары, таксама паказвалі пратэстоўцаў, якія сабраліся каля будынка гарадской адміністрацыі.
A rare but powerful protest against tyranny in Urumqi brought communities of the different races together. pic.twitter.com/UTXA7NOkZe
«Нулявы кавід»
Афіцыйны Пекін працягвае праводзіць палітыку «нулявога кавіду». Аднак колькасць заражэнняў працягвае расці, мясцовыя жыхары ўсё часцей выказваюць незадаволенасць у сувязі з лакдаўнамі.
У той час як іншыя краіны зрабілі стаўку на вакцынацыю і на тое, каб навучыцца жыць з вірусам, Кітай пайшоў шляхам поўнага падаўлення кожнай наступнай успышкі і жорсткіх абмежаванняў, калі нават з-за адзінкавых выпадкаў улады адпраўляюць у лакдаўн цэлыя гарады.
Сталіца Сіньцзян-Уйгурскай аўтаномнай акругі Урумчы знаходзіцца ў лакдауне з пачатку жніўня. Раней адзін з жыхароў паведаміў Бі-бі-сі, што жыхарам комплексу, дзе здарыўся пажар, было забаронена пакідаць свае дамы.
Улады Урумчы сцвярджаюць, што кавідныя абмежаванні не перашкаджалі людзям выратавацца ад пажару, і нават пайшлі на незвычайны крок — прынеслі прабачэнні, паабяцаўшы пакараць усіх, хто не выканаў свой абавязак.
Інтэрнэт у Кітаі жорстка цэнзуруюць, і ўжо да раніцы суботы практычна ўсе згадкі пра пратэсты ва Урумчы былі выдаленыя з сацсетак.
Многія СМІ паведамлялі, што пажар ва Урумчы ў чацвер, у якім загінулі людзі, відаць, быў выкліканы няспраўнасцю ў электраправодцы, а кавідныя абмежаванні перашкаджалі тушэнню агню.
Позна ўвечары ў пятніцу гарадскія ўлады гэта абверглі, заявіўшы, што ў праблемах з тушэннем былі вінаватыя прыпаркаваныя ля дома аўтамабілі — яны нібыта перашкаджалі доступу пажарных машын да палаючага будынка.
Пратэсты ў Кітаі здараюцца рэдка, хоць грамадская незадаволенасць палітыкай Пекіна па барацьбе з каранавірусам расце.
Палітыка «нулявога кавіду» тлумачыцца нізкім узроўнем вакцынацыі і намаганнямі ўладаў па абароне пажылых людзей.
Але гэтая палітыка працуе не занадта эфектыўна — у сераду ў Кітаі было зарэгістравана 31 444 новыя выпадкі заражэння каранавірусам. Гэта абсалютны рэкорд — нават больш, чым падчас папярэдняга піку ў красавіку. Тады кітайскім уладам прыйшлося цалкам закрыць на каранцін Шанхай, і два месяцы 25-мільённы горад фактычна правёў у поўнай ізаляцыі.
Зараз аб успышках захворвання паведамляюць улады 31 правінцыі, на тэрыторыі якіх знаходзіцца і некалькі велізарных мегаполісаў. У іх ліку — і сталічны Пекін (больш за 22 млн жыхароў), і Гуанчжоу — буйны гандлёвы горад на поўдні краіны (18,5 млн), і некалькі іншых.
Каментары