Пад Старымі Дарогамі мікрааўтобус вынесла на сустрэчную. Загінула кіроўца
Трагічнае здарэнне адбылося а 10-й раніцы на 282-м кіламетры дарогі мяжа РФ — Слуцк — Івацэвічы.
53-гадовая жанчына-кіроўца мікрааўтобуса «Фальксваген», паводле папярэдняй інфармацыі, не справілася з кіраваннем, выехала на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнулася з грузавіком «Scania», якім кіраваў жыхар Калінкавічаў, паведамляе прэс-служба МУС.
Кіроўца мікрааўтобуса загінула на месцы. На яе аўто былі ўсталяваныя ўсесезонныя шыны з нераўнамерным зносам пратэктара.
На тэрыторыі Мінскай вобласці Дзяржаўтаінспекцыяй уведзены спецыяльны план «Надвор'е».
Міліцыя нагадвае: у складаных умовах надвор'я і дарожных умовах вадзіцелі павінны быць вельмі ўважлівымі і асцярожнымі. Трэба выбіраць бяспечную хуткасць руху, павялічыць дыстанцыю і бакавы інтэрвал, пазбягаць рэзкіх манеўраў і тармажэнняў.
Каментары