У Саудаўскай Аравіі пасля перамогі над Аргенцінай аб'явілі выхадны дзень
У Саудаўскай Аравіі сераду, 23 лістапада, зрабілі выхадным днём. Прычына — перамога зборнай гэтай краіны на чэмпіянаце свету па футболе над адным з фаварытаў гэтых спаборніцтваў, зборнай Аргенціны.
Адзначыць перамогу нацыянальнай каманды дадатковым выхадным для ўсіх грамадзян прапанаваў наследны прынц і кіраўнік урада гэтай краіны Мухамед бен Салман, а кароль прапанову падтрымаў, паведамляе Al Arabiya са спасылкай на дзяржаўнае агенцтва SPA.
У гэты дзень у краіне не будуць працаваць як усе кампаніі і дзяржустановы, так і навучальныя ўстановы.
Каманда з Саудаўскай Аравіі, выйграўшы сёння з лікам 2:1, сенсацыйна спыніла бяспройгрышную серыю Аргенціны ў матчах чэмпіянату свету, якая расцягнулася на 36 матчаў. Камандзе з Паўднёвай Амерыкі не хапіла ўсяго аднаго матча, каб дабрацца да рэкорднага выніку зборнай Італіі, на рахунку якой 37 бяспройгрышных гульняў.
Каментары