Расійская прапаганда: Бацька Пуціна загінуў за 10 гадоў да нараджэння сына
Галоўны расійскі тэлеканал «пахаваў» бацьку Пуціна нашмат раней, чым той мог паспець біялагічна стаць бацькам будучага прэзідэнта Расіі.
Расказваючы на Першым канале пра канферэнцыю, прысвечаную ахвярам нацызму, адзін з прапагандыстаў заявіў, што бацька Пуціна загінуў, абараняючы Ленінград у гады Другой сусветнай вайны.
Між тым, Уладзімір Пуцін нарадзіўся ў 1952 годзе, а біяграфія ягонага бацькі, Уладзіміра Спірыдонавіча Пуціна, асаблівай таямніцай не з'яўляецца. Ён пражыў да 88 гадоў і памёр 2 жніўня 1999 года, роўна за тыдзень да таго, як ягоны сын стаў выконваць абавязкі прэм'ер-міністра Расіі і тым самым пачаў свой імклівы шлях на самую вяршыню ўлады ў гэтай краіне.
Зрэшты, у грамадстве, дзе падзеі Другой сусветнай вайны ўзведзеныя ў культ, падобныя сцвярджэнні не дзіўныя. Аляксандр Лукашэнка, які нарадзіўся ў 1954 годзе, аднойчы таксама сам сказаў, што ягоны бацька нібыта загінуў на вайне. Але пра ягонага бацьку, у адрозненне ад пуцінскага, прынамсі нічога толкам не вядома.
Каментары