Мінюст прапануе ліквідаваць партыі, якія «не адпавядаюць канцэпцыі нацбяспекі»
У Палаце прадстаўнікоў прайшоў круглы стол па пытаннях прыняцця новага заканадаўства аб палітычных партыях і грамадскіх аб'яднаннях. На мерапрыемстве выступіў намеснік міністра юстыцыі Алег Кот, які прапанаваў увесці ў заканадаўства новую падставу для ліквідацыі палітычных партый. На яго думку, партыі варта ліквідоўваць тады, калі іх дзейнасць не адпавядае канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, паведамляе БелТА.
Іншыя падставы для ліквідацыі партый прадугледжваюцца такія: ажыццяўленне тэрарыстычнай, экстрэмісцкай і іншай забароненай заканадаўствам дзейнасці, нанясенне шкоды дзяржаўным альбо грамадскім інтарэсам, атрыманне грашовых сродкаў і іншай маёмасці з замежных крыніц.
На працягу паўгода пасля ўступлення ў сілу новага закона аб палітычных партыях усе яны павінны будуць прайсці перарэгістрацыю, прапануе Мінюст.
Ведамства нагадала і пра іншыя абмежаванні для партый: іх назва і сімволіка не павінны служыць мэтам прапаганды вайны, тэрарыстычнай, экстрэмісцкай і іншай забароненай дзейнасці альбо якая дапускае магчымасць яе ажыццяўлення.
Паколькі ўсё пералічанае дзяржаўнымі органамі трактуецца вельмі адвольна і шырока, можна не сумнявацца, што новы закон будзе выкарыстаны для ліквідацыі ўсіх апазіцыйных партый, якія і без таго пры цяперашніх абставінах фактычна пазбаўленыя магчымасці праводзіць хоць бы якую рэальную дзейнасць.
Каментары