Аб'яднаны пераходны кабінет апублікаваў справаздачу за 100 дзён
За сто дзён ад моманту свайго заснавання Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі апублікаваў справаздачу, у якой распавядае пра свае дасягненні і найбліжэйшыя планы ў суаднясенні з мэтамі, сфармуляванымі на пачатку дзейнасці.
У сферы абароны незалежнасці і аднаўлення законнасці Кабінет лічыць сваімі дасягненнямі:
- Выбудоўваюцца адносіны ў галіне ваенна-палітычнага супрацоўніцтва з ключавымі міжнароднымі партнёрамі.
- Утворана і функцыянуе сістэма падрыхтоўкі ўдзельнікаў мерапрыемстваў па аднаўленні законнасці ў Беларусі і абароне яе незалежнасці, адладжана працэдура верыфікацыі ўдзельнікаў. Кансалідацыя і навучанне ўдзельнікаў вядзецца ў т.зв. Харугвах — добраахвотных аб'яднаннях беларусаў, якія праходзяць фізічнае і інтэлектуальнае навучанне, медыцынскую падрыхтоўку з мэтай удзелу ў мерапрыемствах па абароне незалежнасці Беларусі і аднаўленні законнасці на яе тэрыторыі.
- Здзейсненыя новыя перспектыўныя захады па наладжванні сістэмы матэрыяльна-тэхнічнага забяспячэння дзейнасці беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і рэгулярных трэніровачных збораў Харугваў.
Інфармацыя пра іншыя мерапрыемствы, як рэалізаваныя, так і запланаваныя ў рамках дзейнасці сілавога блока, не падлягае распаўсюду з меркаванняў бяспекі ўдзельнікаў гэтых мерапрыемстваў і асаблівасцяў іх задач.
Асноўная частка справаздачы прысвечаная дзейнасці па міжнароднаму ціску на рэжым і стварэнні новых магчымасцяў для дэмакратычных сіл. Тут адзначаюцца міжнародныя візіты і перамовы як Святланы Ціханоўскай, так і яе паплечнікаў ды супрацоўнікаў, адкрыццё прадстаўніцтваў Кабінета ў Бруселі і Празе. Асабліва адзначаецца, што
«адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця міжнародных адносінаў стала наладжванне афіцыйных сувязяў з уладамі Украіны, чыю тэрытарыяльную цэласнасць Кабінет вызнае безумоўна і якой Кабінет выказаў падтрымку ў яе супрацьстаянні расійскай агрэсіі».
Прынцыпова важным для Кабінета, як сцвярджаецца, з’яўляецца даць грамадству выразны адказ на пытанне — а што будзе пасля дэмантажу рэжыму? Як дэмакратычныя сілы плануюць не дапусціць пагружэння краіны ў хаос, беззаконне, эканамічны крызіс, — якія, як вядома з гістарычнага вопыту, часта спадарожнічаюць дэмакратычным пераменам? Адказам на гэтае пытанне, паводле справаздачы, стала
«сістэмная праца Кабінета і стратэгічнай групы экспертаў, створанай для дапамогі Кабінету ў справе распрацоўкі плана транзіту. Група экспертаў выявіла шмат выклікаў датычна працэдур змены палітычнага ладу, канстытуцыйнай рэформы і іншых пытанняў, адказы на якія трэба будзе шукаць разам з грамадзянскай супольнасцю Беларусі».
У раздзеле «Нацыянальнае адраджэнне Беларусі» адзначаецца, што ўдалося «наладзіць працоўныя адносіны з найбольш буйнымі беларускімі незалежнымі культурніцкімі ініцыятвамі і экспертнай супольнасцю ў галіне культуры і адукацыі, як за межамі, так і ўнутры Беларусі. Істотным для выканання пастаўленых задач з’яўляецца наладжванне кантактаў на ўзроўні дзяржаўных міністэрстваў з важнымі партнёрамі Беларусі — Чэхіяй, Польшчай, Украінай, Літвой». Таксама Аб'яднаны пераходны кабінет знаходзіцца ў цесным узаемадзеянні з Радай БНР.
У якасці планаў Кабінета на наступныя 6 месяцаў заяўленыя наступныя дзеянні:
- Працяг працы па легітымізацыі Кабінета на міжнароднай палітычнай арэне.
- Далейшая кансалідацыя дэмакратычных сілаў Беларусі, наладжванне супрацоўніцтва са згуртаваннямі беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, прыцягненне да працы ў Кабінеце новых спецыялістаў.
- Нарошчванне патэнцыялу сілавога блока да ўзроўню, неабходнага для выканання ключавых задач.
- Працяг санкцыйнага ціску на рэжым і яго прадстаўнікоў.
- Дапрацоўка плана дзеянняў на транзітны перыяд.
- Далейшая акумуляцыя міжнароднай падтрымкі Беларусі з выкарыстаннем новых магчымасцяў: прадстаўніцтва ў Радзе Еўропы, прадстаўніцтваў дэмакратычных сіл у краінах ЕС і Украіне.
- Наладжванне ўстойлівых працоўных адносінаў з дзяржаўнымі органамі ўлады Украіны з мэтай сумеснага супрацьстаяння расійскай агрэсіі і дэакупацыі Беларусі.
- Актывізацыя расследаванняў крымінальных спраў у рамках універсальнай юрысдыкцыі.
- Прызначэнне прадстаўніка па фінансах і эканоміцы і прадстаўніка па сацыяльных пытаннях.
- Пошук крыніц устойлівага фінансавання дзейнасці Кабінета.
Каментары