Карпенка расказаў, ці будзе электроннае галасаванне на выбарах у 2024 годзе
Спойлер — не.
Электроннага галасавання ў Беларусі падчас электаральнай кампаніі 2024 года не будзе, заявіў кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, піша «Спутнік».
«Электроннае галасаванне так проста не ўводзіцца. Нават Расія, маючы досвед правядзення не адной электаральнай кампаніі, усё роўна паўсюдна не ўвяла электроннае галасаванне», — адзначыў Карпенка.
Карпенка растлумачыў, што для таго, каб увесці ў краіне электроннае галасаванне, павінны быць дастаткова бяспечныя платформы. «Зноў жа, мы павінны выйсці ў нашай краіне на адзіную сістэму рэгістра насельніцтва і на яго аснове стварыць рэгістр выбаршчыкаў, без гэтага немагчыма гэта рабіць», — лічыць ён.
Кіраўнік ЦВК падкрэсліў, што электроннае галасаванне — гэта доўгатэрміновая перспектыва, якая «можа быць у нашай краіне».
«Але адразу магу сказаць, што ў 2024 годзе адзіны дзень галасавання будзе праходзіць пакуль традыцыйным шляхам, ва ўсякім выпадку — без электроннага галасавання», — падсумаваў Карпенка.
Каментары