Грамадства1313

Што такое Infopoint, доступ да якога атрымаў агент ГУБАЗіКа?

Пасля гісторыі з ЧКБ, агентам ГУБАЗіКА і «Інфапойнтам» шмат пытанняў — што ж сабой уяўляе апошняе агенцтва. Для чаго быў створаны «Інфапойнт» і хто ў яго ўваходзіць? Якое дачыненне да яго мае Франак Вячорка? «Наша Ніва» задала гэтыя пытанні дырэктарцы агенцтва Сашы Раманавай.

Саша Раманава. Фота: Белсат

Нагадаем, што скандал разгарэўся вакол сітуацыі з ЧКБ (ініцыятыва па апублічванні даных тых, хто датычны да рэпрэсій), у якую змог укараніцца супрацоўнік ГУБАЗіКа Артур Гайко. Ён атрымаў доступ да чатаў, кантактаў інфарматараў, а таксама нейкі час нават кіраваў арганізацыяй. Адзін з супрацоўнікаў ЧКБ — Даніла Багдановіч — не верыфікаваў агента належным чынам і ігнараваў сігналы калег аб падазронасці новага чальца каманды. 

Гайко таксама атрымаў доступ да працы агенцтва «Інфапойнт».

Як узнікла агенцтва «Інфапойнт»?

Аб'яднанне блогераў пратэсных тэлеграм-каналаў з назвай «Інфапойнт» прыдумаў Франак Вячорка. Гэта адбылося пасля затрымання аўтара тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу» Ігара Лосіка — 25 чэрвеня 2020 года. 

«Ідэя была ў тым, каб сабраць пратэсных блогераў разам і асвятляць выбарчую кампанію, рабіць фактчэкінг кантэнту, што дасылаецца, і каардынаваць пратэсную актыўнасць. Кантэнт стваралі самі беларусы, а каналы яго распаўсюджвалі», — расказвае дырэктарка Infopoint Media Network Саша Раманава. 

У канцы 2020-га — пачатку 2021 года сетка самастойных тэлеграм-каналаў і некалькіх медыя працавала ў фармаце кааліцыі. 

«Некаторыя нават не былі знаёмыя паміж сабой, — кажа яна. — Іх аб'ядноўваў чат у тэлеграме, дзе было некалькі дзясяткаў актывістаў, экспертаў і галоўных рэдактараў. Частка іх пад выдуманымі нікнэймамі. Абмяркоўвалі парадак дня, абменьваліся інфармацыяй. 

Усё змяніла пасадка самалёта Ryanair, арышт Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапега». 

Тады стала дакладна вядома, што супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Артур Гайко, які быў і ўдзельнікам чата «Інфапойнт», — губазікавец.

Супрацоўнік ГУБАЗіКа Артур Гайко быў укаранёны ў «Чорную кнігу Беларусі»

«Агента адразу ж адключылі ад доступу, звязаліся з Bypol, — кажа Саша Раманава. — Пасля 23 мая 2021 года ён ужо не меў доступу ні да бота ЧКБ, ні да агульных чатаў, бо яго выкрылі. 

Менавіта пасля выкрыцця я і мае калегі даведаліся пра гэту гісторыю. Мы ўсе глядзелі інтэрв'ю Рамана Пратасевіча прапагандысту Марату Маркаву на АНТ, і нам было шкада маладых хлопцаў, з якімі ён працаваў, і якіх ён здаў у жывым эфіры». 

Публічных заяў пра гэту сітуацыю і небяспеку праз агента для інфарматараў ЧКБ тады не прагучала. 

Пасля гэтага Саша Раманава і яе калегі вырашылі перафарматаваць арганізацыю.

«Зрабілі фокус на якасці кантэнту. Таксама распрацавалі сістэму бяспекі. Пачалі думаць над новымі пляцоўкамі, фарматамі. Пры гэтым за кожным каналам заставаўся ўласны стыль, бо ва ўсіх розная аўдыторыя. 

Таксама мы хацелі арганізаваць сістэму размяшчэння рэкламы на розных каналах. Так з'явіўся Infopoint Media Network, які быў зарэгістраваны ў якасці НДА ў Літве у чэрвені 2021 года», — кажа яна. 

Раней у Польшчы, у сакавіку 2021 года была зарэгістравана таксама камерцыйная кампанія Infopoint Agency на імя Сашы Раманавай. Гэта кампанія працуе толькі з рэкламай. 

Што да сеткі блогераў у складзе Infopoint Media Network, то туды ўваходзіць 40 праектаў з сумарным ахопам у 200 мільёнаў за месяц. На канец лістапада 2022 года ўсяго ў арганізацыі было каля 70 пастаянных супрацоўнікаў і часовых падрадчыкаў.

«Апроч класічных медыя, гэта YouТube, Tiktok, Telegram, таксама праекты ў Twitter і Instagram. Іх аб'ядноўвае супрацьстаянне ўсім формам аўтарытарызму, свабода слова і дэмакратычныя каштоўнасці.

Мы робім стаўку на працу з камандамі, навучанне, актуальнасць, даследаванне аўдыторыі, супрацьстаянне прапагандзе. Арганізацыя падтрымлівае журналісцкія праекты і навучае каманды блогераў працаваць з парадкам дня так, як гэта робяць у класічных СМІ. Гэтая праца пачалася ў другой палове 2021 года і працягваецца сёння», — тлумачыць Саша Раманава. 

Пералічыць усе праекты і СМІ дырэктарка не можа, бо не ўсе іх удзельнікі публічныя. Але сярод іх, напрыклад, — «Беларусь галаўнога мозгу», KYKY.org, The Village Belarus. 

Такія буйныя незалежныя медыя, як «Наша Ніва», «Зеркало», «Радыё Свабода», «Белсат», у «Інфапойнт» ніколі не ўваходзілі.

«Што да праекта «Чорнай кнігі Беларусі», то ён не ўваходзіць у сетку сёння, але быў часткай кааліцыі тэлеграм-каналаў».

«Адразу дамаўляліся, што дырэктарства Франака — часовая мера»

Структуры, якія ўваходзяць у «Інфапойнт», самі выявілі жаданне аб’яднацца ў такой кампаніі, кажа Раманава.

«Часам да нас прыходзяць вядомыя блогеры і журналісты з ідэямі запуску ўласных праектаў, часам мы прапануем нашым калегам паспрабаваць сілы ў аўтарскім праекце, калі ў іх ёсць амбіцыі і жаданне. 

Як прыклад магу назваць YouТube-шоу «Мне таксама не падабаецца» галоўнага рэдактара The Village Belarus Жэні Сугак. Яна сама ў адным з выпускаў згадвала аб тым, што праект уваходзіць у склад Infopoint — кампанія прафінансавала і запусціла ў свет гэтае шоу», — кажа яна.

Указана, што кіраўніком Infopoint Media Network з'яўляецца Франак Вячорка. Сам жа Франак казаў, што на рашэнні ў «Інфапойнце» не ўплывае, «быў на планёрцы адзін раз, дзе расказваў аб палітычных пазіцыях Офіса». 

Так за што адказвае Франак Вячорка ў «Інфапойнце»? 

«Мы ўдзячныя Франаку Вячорку за тое, што ён дапамог нам з легалізацыяй і пагадзіўся паставіць свой подпіс пры стварэнні НДА, — тлумачыць Саша Раманава. — Мы адразу дамаўляліся, што яго дырэктарства — часовая мера. 

Зарэгістраваны мы як некамерцыйная арганізацыя, якая не прадугледжвае вывядзення прыбытку заснавальнікам па выніках года. 

Сам Франак яшчэ з мінулага года просіць яго зняць з пасады дырэктара, паколькі ён з'яўляецца супрацоўнікам офіса Святланы Ціханоўскай і ўцягнуты ў палітыку. Мы ўжо запусцілі гэты працэс. На жаль, гэта не хутка, але ўжо больш за год Франак не ўплывае на працэсы ў арганізацыі». 

«Інфапойнт», палітыка і рэдпалітыка

На пытанне, наколькі Саша Раманава лічыць дапушчальным наяўнасць супрацоўнікаў у «Інфапойнце», якія займаюцца палітыкай, яна адказвае, што «нельга сумяшчаць працу ў палітыцы і журналістыцы». 

«Менавіта па гэтай прычыне Франак зараз праходзіць працэс вываду з пасады дырэктара. Акрамя таго, мы мяняем галоўнага рэдактара KYKY.org на фігуру, не звязаную з палітыкай. Такое рашэнне было прынятае некалькі месяцаў таму, і звязанае яно з тым, што Наста Рагатка (галоўная рэдактарка KYKY.org) таксама з'яўляецца дзейным супрацоўнікам Офіса Святланы Ціханоўскай», — тлумачыць яна. 

Ці звязаны «Інфапойнт» з Офісам і ці ўплывае ён на рэдакцыйную палітыку?

Саша Раманава кажа, што не. 

«Не звязаны, не выконвае палітычных заказаў. Таксама не ўплывае «Інфапойнт» на рэдакцыйную палітыку СМІ, якія туды ўваходзяць.

Мы распрацавалі толькі каштоўнасную рамку, якой павінны прытрымлівацца ўсе праекты, якія ўваходзяць у сетку. Напрыклад, не ўжываць мову варожасці і прыёмы прапаганды, папярэджваць чытачоў і гледачоў аб сцэнах гвалту, з павагай ставіцца да аўтарскага права і іншых законаў цывілізаванага свету. Пад забаронай у тым ліку раскрыццё асабістых даных або так званы дэанон. Кожны супрацоўнік павінен прачытаць гэтыя правілы і пагадзіцца з імі, мы ўважліва сочым, каб правілы выконваліся», — расказвае Саша Раманава. 

Яніна Сазановіч у адкрытым лісце высунула патрабаванні да Франака Вячоркі і «Інфапойнта». Саша Раманава запэўнівае, што два з іх ўжо выконваюцца:

«Запушчаны юрыдычны працэс па вывадзе Франака Вячоркі з пасады дырэктара, адхілены ад працы з камандамі і праектамі супрацоўнік, які ўзяў на працу агента.

Што да дапамогі палітвязням, то мы заўсёды гатовы падтрымаць легальны збор сродкаў, якім займаюцца нашы партнёры з дабрачынных фондаў. Больш за тое, мы не сумняваемся, што аўтары розных праектаў у нашай сетцы падтрымаюць такія зборы сваімі ахопамі, каб пра яго даведалася як мага больш людзей».

Пасля кейсу з агентам і супрацоўнікам, які ўзяў яго на працу, агенцтва «не бярэ старонніх людзей, якіх не ведае асабіста».

«І за якіх не можа паручыцца ніхто з людзей, якім мы давяраем. Акрамя таго, мы маем зносіны з Bypol і прыслухоўваемся да іх рэкамендацый. Прыкладна раз у паўгода праводзім трэнінгі па бяспецы, дзе запрошаныя эксперты расказваюць нашым супрацоўнікам, як паводзіць сябе ў сацыяльных сетках і інтэрнэце, калі за табой палююць спецслужбы. Таксама ў нас няма супрацоўнікаў унутры Беларусі з меркаванняў бяспекі. 

Тое, што адбылося — гэта трагедыя. Мы робім усё, каб яе паўтарэнне было немагчымым», — падсумоўвае яна. 

Чытайце таксама: 

«Агент мог бачыць асабістыя даныя людзей, якія дасылалі інфармацыю ў бот». Вячорка і «Інфапойнт» пракаментавалі сітуацыю з ЧКБ

«Казаў, што ў яго маці ў закладніках і мы нічога не разумеем». Былая рэдактарка ЧКБ пра сітуацыю з агентам у камандзе

«Інфапойнт» распаўсюдзіў зварот да крыніц «Чорнай кнігі Беларусі»

Каментары13

  • Ivan
    15.11.2022
    Нажала, слаба.
    1.Тыя, хто дапусцілі супрацоўніка ГУБАЗІКу не названыя і працуюць унутры структуры. Адказнасці не панеслі.
    2. Чаму пра катастрофу з агентам унутры не было паведамлена адразу, каб інфарматары маглі выратавацца?
    3. Усё ўнарылася ў сярэдзіне 2021. Зараз канец 2022.
  • Пентен
    15.11.2022
    Так а где ответ на вопрос: почему не предупредили людей о губиззиковце сразу?? Почему ждали ??? Как помогли пострадавшим людям? Вы просто .... Слов нет... Или есть но всё не для печати....
  • даведка
    15.11.2022
    Белсат вчера в эфире прижал к стенке эту Сашу Романову, а Франак Вечорко вообще отказался от участия.

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку13

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

Зянон Пазняк расказаў, чым займаўся 10 дзён ва Украіне61

«Пратэст завадчан у 2024». Найлепшыя твіты тыдня3

Беларускі вундэркінд Аляксей Маёраў забіў чатыры галы за «Рэал» і прывёў у захапленне іспанскую прэсу4

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь170

Ксяндзу Анджэю Юхневічу пагражаюць фэйкавымі абвінавачаннямі ў педафіліі2

«Перавыхоўваюць і мілітарызуюць». Для суда ў Гаазе падрыхтавалі даклад пра тое, хто і як вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь4

Пісьменнік і цырульнік Сяргей Календа пастрыг Андрэя Хадановіча проста на сцэне ФОТАФАКТ2

У Жодзіне мужчына памёр у паліклініцы ў чарзе па талоны18

У Расіі жорстка затрымалі ваеннага блогера «Трынаццатага»8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку13

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →