«Мне здавалася, што мэр горада — гэта суперпрашараны чувак. Але ён аказаўся калгаснікам». Аўдзевіч — пра тролінг уладаў
Саша Аўдзевіч — самы вядомы вазочнік Беларусі, стваральнік кавярняў «Інклюзіўны барыста». Цяпер ён жыве ў Варшаве. У інтэрв’ю «Ток» Саша распавёў, як троліў улады ў 2021 годзе, чаму падколвае мясцовага мэра і чаму не вяртаецца ў Беларусь.
«Мэр выклікаў на мяне УАЗік мянтоў»
Саша распавядае, што, калі прыехаў на выбары ў 2020 годзе галасаваць, калі ўбачыў «увесь трындзец з кулямі, пратэстамі, людзьмі на вуліцах», падумаў, а што было б, калі кіраўнік хоць аднаго горада раптам адмовіўся фальсіфікаваць выбары.
І ён вырашыў падбіць на гэта старшыню Лідскага райвыканкама Сяргея Ложачніка. Тым больш, што мэр — досыць малады. «Я разумеў, што гэта не саўковы чувак. Я інсту яго ўбачыў, ён там, ён там. Думаю, нармас», — распавядае Саша.
Ён стаў Ложачніку пісаць у інстаграме, маўляў, вы там сфальсіфікавалі выбары, давайце сустрэнемся, пагаворым.
«Ён нічога не адказваў, потым пачалі баніць мае паведамленні, і потым я ўжо пачаў проста тэгаць яго ў інсце і казаць: «Сяргей, непрыгожа, падманулі людзей, людзі выйшлі, давай нешта вырашаць».
Потым у нейкі момант сабралі актыў горада і адправіліся да Ложачкіна пагаварыць. Аўдзевіч увайшоў у гэты актыў. Чалавек 10 пайшлі да мэра. Ён Сашу ўбачыў, сказаў, што пакуль гэты чалавек не выйдзе, я з вамі размаўляць не буду.
«Я кажу: а што так, Сярога, ты ж прадстаўляеш горад?» «Не, Аляксандр, усё».
Аўдзевіч пайшоў з выканкама.
«Калі ты мэр, нават калі цябе хтосьці там моцна лае, ты — мэр, ты на эмоцыі проста не маеш права, інакш навошта такі кіраўнік? Гэта наколькі трэба быць наогул нейкім нізкім чуваком, каб на хлопца-актывіста, які веладарожку пабудаваў у Лідзе, зрабіў там workout, купіў некалькі хэндбайкаў, велапрыстаўкі купіў, выклікаць ужо праз хвіліну УАЗік мянтоў.
Вось я еду па Савецкай, пад'язджае УАЗік: «Аляксандр — у РАУС».
Я такі: «Хлопцы, вы чаго, вы ж мяне з гэтай штукай [вазком] не зацягнеце». Яны такія: «Ну так, так. Едзьце дадому, за вамі прыедуць». Знайшоў адваката. Адвакат сказаў: «Едзь у Мінск, працуй, захочуць — прыедуць».
Потым Саша стаў прыглядацца да мэра. «Што ён робіць, чым ён адрозніваецца ад мяне, разумнейшы ён за мяне, не разумнейшы, што робіць для горада. Мне заўсёды здавалася, што мэр горада — гэта суперпрашараны чувак. Але ён аказаўся калгаснікам, проста калгаснікам».
Аўдзевіч упэўнены, што ён, калі б быў мэрам, для горада зрабіў бы больш. «Я б нашмат больш прыцягнуў інвестыцый, я разумею, як дзейнічаюць замежныя фонды, ну і наогул час асвяжыць Ліду», — кажа ён.
Акрамя таго, што ён адчувае сабе ўпэўнена як менеджар, Саша кажа, што ён добра камунікуе з людзьмі.
«І мне здаецца, што каларыту гораду, нейкіх бонусаў дадало б тое, што першы мэр на інваліднай калясцы. Горача было б».
«Капітан Брытва караў усіх, хто пераабуўся»
Адным тролінгам Ложачніка справа не скончылася.
«Я ўжо настолькі зрабіўся нахабны, што пачынаю здымаць у інстаграм, як я пераапранаюся ў капітана міліцыі СССР і пачынаю троліць улады. Капітан Брытва — гэта капітан-вазочнік, які карае ўсіх, хто пераабуўся. У мяне быў такі пасыл.
Карацей, я хацеў сцябацца з усёй гэтай савецкай сістэмы, таму што ніколі не паважаў яе».
Хтосьці падагнаў Сашу фуражку са здымак, нехта — савецкую міліцэйскую форму з пагонамі.
«Я як бы быў капітан, які добрае гаворыць пра прэзідэнта, я казаў, што больш жорсткім трэба быць і што тыпу я яго падтрымаю, магу проста прагнуцца, магу рабіць усё, што ён хоча».
Аўдзевіч быў занадта яскравы і заўважны.
У 2021 годзе ў сваё кафэ ён, напрыклад, запрасіў паслоў.
«У мяне было шмат кантактаў у праграме развіцця з пасламі, і тады я запрасіў да нас у госці ў кафэ пасла Аўстрыі, пасля Швецыі, Эстоніі, кагосьці яшчэ. Паслы, усе жанчыны, прыехалі са сваімі нацыянальнымі гасцінцамі, мы ў кафэ ў Белаграпрамбанку там тусім, і Вася [дырэктар] мне кажа: «Сашка, тут нейкі чувак прыйшоў, нас здымаюць на тэлефон». А тады ўсе гэтыя ціхары… Дакладна той час быў. Нічога сабе, столькі дыпламатычных тачак прыехала ў кафэ, зразумела, што ім трэба справаздачу нейкую напісаць. Я кажу: «Васян, ідзі спытай, можа, кавы хоча. Ну карацей, паржалі», — распавядае ён.
Але гэта былі званочкі.
Неяк кіраўніцтва, дзе размяшчалася кафэ, сказала Аўдзевічу: «Саня, калі там хочаш працягваць, то неяк выбірай, усе хлопцы працаўладкаваныя могуць пазбавіцца сваёй працы».
І Аўдзевіч падумаў, што наўрад ці спыніцца, а паколькі ён — адказны, ён — кіраўнік, то і будзе вінаваты, што людзі апынуцца на вуліцы.
«Думаю, вазьму свой велік і паеду пакатаюся, павандрую. Фінансы мне тады дазвалялі, я прадаў сваю тачку. Так я і паехаў».
Ён кажа, што гэта не было ўцёкамі. Ён думаў рэальна адпачыць, зрабіць блог, адцягнуцца.
«Паняцце, што я не так хутка вярнуся, у мяне ўзнікла на Канарах пасля таго, як Расія напала на Украіну. Для мяне Беларусь і Лукашэнка ўжо ў прынцыпе немагчымыя, гэта нейкае трызненне, нейкі «Аповед служанкі», — кажа ён.
Каментары