Культура

Найлепшыя беларускія стэндаперы — хто яны?

Славу Камісаранку ўспрымаюць як амбасадара беларускага сучаснага гумару. Аднак, акрамя галоўнага «чык-чырыка» беларускага стэндапу, існуе яшчэ цэлы россып таленавітых аўтараў. «Наша Ніва» расказвае пра самых цікавых творцаў у гэтай галіне — і звяртае ўвагу не толькі на гісторыю іх уздыму, але і на грамадзянскую пазіцыю.

Стэндап — самы запатрабаваны камедыйны жанр сучаснасці. Спешыялы папулярных артыстаў збіраюць у ютубе мільёны праглядаў, а жывыя выступы — аншлагі. Беларусы таксама адзначыліся ў гумарыстычным асяроддзі. І іх, годных да праслухоўвання, болей, чым вы можаце сабе ўявіць.

Слава Камісаранка

Галоўны «чык-чырык» беларускага стэндапу стаў вядомы дзякуючы гумарыстычным шоу на расійскім тэлебачанні. У тандэме з таварышам па БДЭУ Дзімам Няўзоравым ён заняў другое месца на праекце «Смех без правілаў». Пасля праз «Убойную лігу», «Cheesecake factory» і «Камедзі Батл» мінчук усё больш набываў папулярнасць — і выспяваў да самастойных выступаў. Яны спачатку прывялі Камісаранку ў «Стэндап» на канале ТНТ, а пасля ў шэраг шоу кшталту «Студыя Саюз» ды «Кантакты».

Натуральна расла і аўдыторыя беларуса, якую ён заваёўваў шчырай падачай, дасціпнымі жартамі пра беларускія рэаліі ды асабістае жыццё, а таксама годнай камунікацыяй з залай на жывых шоу.

Падтрымка дэмакратычнага руху Беларусі і кпіны з абсурднай палітыкі Лукашэнкі ды яго паводзінаў прывялі да забароны выступаў Камісаранкі на радзіме. Пасля ж, па расповедах самога коміка, беларускі КДБ атрымаў загад вывезці Славу з Масквы ў Мінск ды завесці крымінальную справу за абразу ўлады. З гэтай нагоды Камісаранка спачатку з'ехаў у Кіеў, а пасля расійскага ўварвання ва Украіну перабраўся ў Варшаву. Сёння комік актыўна гастралюе па Польшчы, дзе працягвае бічаваць сістэму Лукашэнкі, а таксама бярэ ўдзел у дабрачынных ініцыятывах беларусаў. Да таго ж Слава спрабуе папулярызаваць стэндап на роднай мове — і з верасня 2022-га выкладвае такія выступы на сваім ютуб-канале.

Ідрак Мірзалізадэ

Выхадзец з КВЗ, дзе коміка ведалі па тандэмах з Расціславам Шлапаком ды Ванем Усовічам, на самастойны гумарыстычны шлях рушыў пасля заканчэння журфака БДУ. Першыя выступы ў «Вольным мікрафоне» аўдыторыі не зайшлі, а вось у 2014-м Ідрак пакінуў неблагое ўражанне падчас удзелу ў «Стэндапе» на канале ТНТ. Пасля беларус стаў рэзідэнтам «Стэндап клуба нумар 1» на Арбаце, атрымаў запрашэнні ў розныя шоу — «ВечарВечар», «Разгоны», «Парараз Бірацца».

Гумар Ідрака блізкі да амерыканскай стылістыкі, дзе з мэтай дагрукацца да гледачоў за аснову бярэцца разрыў шаблона, парушаецца асабістая прастора. Гэта, дарэчы, і прывяло да самага гучнага скандалу з яго ўдзелам. У сакавіку 2021-га падчас перадачы «Разгоны» ён даў няўдалы жарт, які выклікаў абурэнне ў сацсетках. Нягледзячы на тлумачэнні з боку Мірзалізадэ і выбачэнні перад людзьмі, каго жарт пакрыўдзіў, хлопца пачалі цкаваць палітыкі і прапагандысты на чале з Уладзімірам Салаўёвым. У выніку беларус апынуўся за кратамі на 10 сутак, а яго ВНЖ анулявалі, пасля чаго Мірзалізадэ з'ехаў з Расіі.

Тым не менш стэндап-кар'еру комік не спыніў. Сёння ён дае канцэрты на беларускай мове, распавядае пра культуру талышоў, носьбітам якой з'яўляецца, актыўна гастралюе ды робіць кантэнт для «агульнага канала» на ютубе.

Дзмітрый Нарышкін

Адзін з найбольш дасведчаных комікаў: яшчэ да пачатку сольнай кар'еры паспеў прайсці школу КВЗ, папрацаваць промапрадзюсарам на ТНТ, сцэнарыстам забаўляльных і рэкламных ролікаў, а таксама ладзіў кааперацыю з маскоўскім «Камедзі Клабам».

Агульны стаж мінчука сягае ўжо пад 20 гадоў, але яго выступы заўсёды актуальныя для беларускіх рэалій. Камусьці жарты Нарышкіна пададуцца даволі жорсткімі, але гэта і ёсць адна з адметных стылістычных рыс коміка. Прычым тычыцца гэта што палітычнай сітуацыі ў Беларусі ды стаўлення да ўлады, што нейкіх бытавых недасканаласцяў.

Цікава, што Дзмітрый мог будаваць кар'еру ў Расіі, дзе быў запатрабаваны, аднак вярнуўся ў Беларусь, каб стварыць першы ў краіне «Стэндап Клуб».

Папярэдне з яго ініцыятывы ў барах Мінска рэгулярна ладзіліся «адкрытыя мікрафоны». Аднак у 2019-м Нарышкін адкрыў дом для гумарыстаў, адкуль пасля выйшаў цэлы шэраг выбітных комікаў.

На жаль, наступствы падзей 2020 года вымусілі Дзмітрыя спачатку адысці ад спраў «Стэндап Хола», а пасля і ўвогуле пакінуць краіну. І рэч тут не толькі ў палітычнай пазіцыі, але і ў грамадзянскай дзейнасці коміка. Падчас пандэміі ён разам з актывістам Андрэем Ткачовым браў удзел у ініцыятыве ByCovid-19, якая дапамагала медыкам змагацца з каранавірусам.

Зараз Нарышкін жыве ў Польшчы, актыўна выступае ў асяроддзі суайчыннікаў і рыхтуе чарговы сольнік для ютуб-канала.

Ірына Прыходзька

Шалёная імператрыца беларускага стэндапу ўпершыню з'явілася на экранах, калі яшчэ студэнткай прайшла адбор у беларускі «Камедзі Клаб».

Аднак пасля некалькіх эфіраў работа ды вучоба вымусілі дзяўчыну прыпыніць кар'еру коміка. Паўторны заход на сцэну адбыўся ўжо па заканчэнні БДЭУ, калі Прыходзька завітала на «Адкрыты мікрафон» у Мінску — і праз выступ адразу патрапіла ў склад «Stand-Up Union». Ірына пачала не толькі рэгулярна выступаць дома, але і выбірацца з гастролямі ў Расію, Украіну ды Прыбалтыку.

Трамплінам для кар'ернага ўзлёту стаў удзел у першым сезоне «Адкрытага мікрафона» на ТНТ. Там беларуска дайшла да фіналу, што дазволіла ей замацавацца ў расійскім гумарыстычным шоу-бізнэсе. З 2018 года Ірына стала пастаяннай удзельніцай шоу «Прапечка».

Па словах коміка, усе яе жарты заснаваныя на сапраўдных падзеях. Пры гэтым Ірына цудоўна імправізуе — і можа наўмысна правакаваць аўдыторыю падчас канцэртаў на зваротную сувязь ды жорсткія панчы ў адказ на рэплікі.

Дадамо, што Ірына падтрымала дэмакратычныя перамены ў Беларусі ў 2020-м. А пасля пачатку ваеннага ўварвання з боку Расіі пакінула краіну — і зараз выступае з дабрачыннымі канцэртамі ў Еўропе на карысць украінскіх праектаў.

Дзмітрый Саўяненка

Комік з акцёрскай адукацыяй узяў удзел амаль у двух дзясятках фільмаў, а яшчэ да некалькіх напісаў сцэнары. Аднак кар'ера гумарыста падалася хлопцу з Ашмян больш прывабнай.

Таму апошнія гады ён выступае ў жанры музычнага стэндапу, прычым не толькі на профільных канцэртах, але і на больш глабальных шоу. У прыватнасці, год таму Саўяненка браў удзел у праекце «Украіна мае талент».

Дзмітрый файна імправізуе і стварае песні проста падчас камунікацыі з публікай. Да таго ж музычнае аздабленне вылучае яго выступы з шэрагу проста моўных стэндапаў.

Міхась Ільін 

Асоба коміка шматгранная. Людзі па-за гумарам ведаюць яго як журналіста, твітарскія ўспрымаюць выключна жартаўніком з нікам m_for_mixacb, а ў гумарыстычным свеце ён той самы Міша с суполкі «panstandup».

Цікава, што яшчэ гадоў пяць таму імя коміка было невядомае шырокай грамадскасці, бо Ільін жыў і выступаў у Брэсце. Аднак пераезд у Мінск у 2018-м і далучэнне да стэндап-суполкі дало штуршок яго папулярнасці. А шырокую вядомасць ён набыў у 2020-м, калі яго пасты пачалі рэтвіціцца.

Міхася вызначаюць жорсткія жарты на палітычныя тэмы і ў той жа час велізарная самаіронія пры аповедзе пра бытавыя недарэчнасці.

Адзначым і тое, што Ільін даволі лёгка жартуе на беларускай мове, хаця разам з сям'ей пераехаў у Беларусь з Украіны толькі ў 1996 годзе — перад тым, як пайсці ў першы клас.

Месца працы Ільіна, як і яго панчы ў дачыненні да Лукашэнкі, яго сістэмы і палітыкі, змусілі хлопца з'ехаць з краіны ўвосень 2021-га. Аднак ён і зараз, жывучы ў Польшчы, актыўна высмейвае беларускі парадак дня. Запатрабаванасць у гумары на беларускай мове можна пабачыць па вялікай колькасці канцэртаў коміка ў Еўропе. Да таго ж ён працягвае дасціпна жартаваць у твітары.

Максім Канавал

Выхадзец з Наваполацка пасля выпуску з БДЭУ і спроб КВЗшных выступаў перабраўся у Кіеў — у 2012-м яго запрасілі працаваць сцэнарыстам гумарыстычных серыялаў да шоу.

Паклікалі, дарэчы, суайчыннікі, якія стварылі ва Украіне ўласны прадакшн. Аднак паступова Канавал зацікавіўся стэндапам, пачаў сумяшчаць сцэнарную працу з выступамі і ў выніку зрабіў выбар на карысць самастойнай кар'еры. Яна, дарэчы, амаль адразу пайшла ўгару: у 2014-м Макс перамог у «Стэндап Шоу» на Новым канале, а крыху пазней атрымаў ухвалу ад Уладзіміра Зяленскага пасля трыумфу на шоу «Рассмяшы коміка». Далей былі рэзідэнцтва ў «ГудНайт Клаб», больш за восем соцень жывых выступаў ва Украіне, а таксама саўдзел у напісанні камедыйных серыялаў кшталту «Апошні з Магікян» альбо «Сідарэнкі-Сідоранкі».

Пасля пачатку вайны Канавал з'ехаў у Варшаву, дзе зараз бярэ ўдзел у дабрачынных канцэртах на карысць Украіны, а таксама піша сцэнары для разнастайных шоу. Яго выступы — гэта іранічнае асэнсаванне бытавых крызісаў, з якімі сутыкаюцца людзі, а таксама кпіны з разнастайных жыццёвых стэрэатыпаў. У беларуса яркая падача матэрыялу, якая дазваляе слухачам адчуць датычнасць да аповеду. І таму выступы Канавала «заходзяць» любой аўдыторыі, незалежна ад узросту.

Варта дадаць, што Макс падтрымлівае дэмакратычны беларускі рух, што адбіваецца і ў яго інтэрв'ю, і ў яго матэрыялах.

Іван Усовіч

Яшчэ адзін навучэнец БДЭУ, які пачынаў свой шлях у тамтэйшай лізе КВЗ — сакаманднікам Усовіча выступаў Ідрак Мірзалізадэ, а рэдактарам Слава Камісаранка. Менавіта з падачы Камісаранкі на свет з'явілася стэндап-шоу Cheesecake Factory, у якім Іван і пачаў самастойныя выступы.

На трэцім курсе хлопца з Мядзельшчыны адлічылі з ВНУ — і той з'ехаў у Маскву, каб развіваць гумарыстычную кар'еру. Усё атрымалася як найлепш, бо праз удзел у «Stand Up» на ТНТ і знаёмства з вядучымі расійскімі комікамі беларус атрымаў і эфірны час, і падтрымку самых уплывовых людзей індустрыі. Усовіч пачаў актыўна пісаць новы матэрыял і гастраляваць. У выніку гэта дазволіла яму замацавацца ў пуле самых папулярных расійскіх стэндапераў. Інтэрв'ю ж Юрыю Дудзю ды здымкі ў рэйтынгавых шоу кшталту «Што было далей?» ды «Вячэрні Ургант» увогуле замацавалі за Усовічам статус топавага расійскага коміка.

Пры гэтым тэма Беларусі ў панчах Івана гучала пастаянна — нават у яго першым сольніку «Яшчэ адзін дзень». Праўда, збольшага там закраналіся бытавыя аспекты жыцця. Палітычныя ж Іван тлумачыў у інтэрв'ю Дудзю і Урганту. Адтуль публіка даведалася, што брата коміка ў жніўні 2020-га чатыры дні трымалі ў ізалятары і здзекаваліся з яго. Тамсама Усовіч азначыў і сваю ўласную палітычную пазіцыю: «Хачу верыць, што ў маёй роднай краіне дабро пераможа». Адзначым і ўдзел Івана ў гульні «Слабае звяно», куды разам з Ідракам яны прыйшлі з бел-чырвона-белымі бранзалетамі на руках.

Павел Залуцкі

Адзіны адкрыты комік-гей у рускамоўнай стэндап-прасторы зрабіў камінг-аўт у 19 гадоў.

На той момант студэнт факультэта міжнародных адносінаў БДУ знаходзіўся ў Штатах па праграме абмену — і не збіраўся вяртацца на радзіму. Цягам 11 гадоў Павел жыў за акіянам, дзе вучыўся драме ды рэжысуры ва Універсітэце Місуры. Цікава, што ў дзяцінстве Залуцкі захапляўся тэатрам і ўдзельнічаў у спектаклях, аднак пасля школы абраў больш сур'ёзны кар'ерны шлях.

Да стэндапу комік праявіў цікавасць менавіта ў Штатах, калі пазнаёміўся з асаблівасцямі гэтай сцэнічнай культуры ды ўпадабаў творчасць Джаан Рыверз. Пасля вяртання на радзіму Залуцкі пачаў выступаць у мінскіх клубах і шукаць ўласны гумарыстычны стыль. Тады як знакамітасцю стаў у 2017-м пасля ўдзелу ў першым сезоне «Адкрытага мікрафона». Там Залуцкі трапіў да каманды Юлі Ахмедавай, аднак вылецеў у чвэрцьфінале.

Магчыма, тут гісторыя беларуса і скончылася б. Але яму дапамагла Ірына Мягкова — пераможца праекта «Смех без правілаў» і «Камедзі Батл». На правах прадзюсаркі «Жаночага стэндапу» яна запрасіла Паўла да творчай групы, бо ўпадабала яго падачу і фармат. «Мы знайшлі годнага коміка, які пагадзіўся ў нас выступаць. Гэта неблагая асацыяцыя з рэальным жыццём: заўсёды ў вялікіх кампаніях ёсць гей. Дзяўчаты-сяброўкі — і гей», — тлумачыла выбар Мягкова.

Адзначым, што грамадзянская пазіцыя Паўла праявілася яшчэ пры канцы 90-х, калі ён разам з сям'ёй удзельнічаў у Маршах свабоды, а пасля збягаў ад АМАПа.

Таксама ў 14 год ён напісаў пратэсны ліст у Беларускую дзелавую газету, дзе скардзіўся, што замест улюбёных фільмаў па ТБ паказваюць выступы Лукашэнкі. А ў 2020-м ён рэгулярна даваў дабрачынныя канцэрты разам з комікамі-суайчыннікамі, каб падтрымаць ахвяр гвалту. Залуцкі падкрэсліваў, што лічыць вынікі выбараў, аб'яўленыя Лукашэнкам, незаконнымі, а таксама марыў пра пераўтварэнне Беларусі ў прававую дзяржаву.

Андрэй Калмачэўскі

Яшчэ адзін гадаванец Cheesecake Factory. Аднак, перад тым як сцвердзіцца ў стэндапе, мінчук прайшоў даўжэзны КВЗшны шлях. Спачатку ён набіраўся вопыту ў КВЗшнай сістэме БДЭУ, пасля сфарміраваўся як аўтар жартаў каманды «Мільён». Самы ж удалы праект Калмачэўскага — «Два капітаны — 1955». З ім беларус дайшоў да фіналу Вышэйшай украінскай лігі КВЗ, а надалей перамог у «Лізе Смеху» — першым адкрытым чэмпіянаце Украіны па гумары, які ачольваў Уладзімір Зяленскі.

Калмачэўскага сталі пазнаваць яшчэ больш, калі той узяў гран-пры першага ўкраінскага стэндап-фестывалю. А пасля гумар увогуле стаў яго асноўнай працай: Андрэй узяўся пісаць сцэнары серыялаў, фільмаў і шоу. Рука беларуса мела дачыненне і да шэрага телепраектаў кшталту «Гэта Каханне», «Матухны», «Без межаў». Не забываў Калмачэўскі і пра гастролі: даволі часта ён нават на радзіму завітваў — альбо з канцэртамі Стэндап-клуба, альбо з разагрэвам зорак кшталту Віктара Камарова.

У 2017-м Калмачэўскі з'ехаў у Маскву: браў удзел у «адкрытым мікрафоне», дзе яго настаўнікам быў Цімур Каргінаў, а надалей прабіўся ў шэраг рэзідэнтаў «Стэндап Клуба» на ТНТ. Уласна кажучы, з таго часу Андрэй жыве і працуе ў Расіі, будуючы там неблагую кар'еру.

Адносна падзей у Беларусі 2020-га года Калмачэўскі выказваўся асцярожна. Асуджаючы гвалт, ён усё ж абіраў даволі акуратныя выразы, каб характарызаваць тое, што рабіў рэжым Лукашэнкі. «Калі ў мяне пытаюць, што там у Беларусі, адказваю, там чысціня, парадак і там мае бацькі», — тлумачыў сваю пазіцыю беларус у фільме Дудзя пра Славу Камісаранку.

А паводзіны Калмачэўскага з пачатку вайны ва Украіне выглядаюць неадназначна, хаця менавіта гэта краіна зрабіла з яго сапраўдную зорку. Андрэй на некалькі месяцаў перапыніў пасты ва ўласным тэлеграме, закрыў акаўнт у інстаграме. З іншага боку, улетку беларус далучыўся да каманды комікаў-суайчыннікаў (Канавал, Прыходзька) і разам з яшчэ адной зоркай «Лігі смеху» ды «Камедзі» Антонам Лірнікам паўдзельнічаў у дабрачынных канцэртах у Аланіі. Усе заробкі ад выступаў пайшлі на дапамогу ўкраінскім дзецям, якіх эвакуіравалі ў Турцыю.

…Дадамо, што многія годныя стэндаперы застаюцца на радзіме — і па зразумелых прычынах не могуць развіваць актыўнасць. Аднак матэрыял яны назапашваюць. Таму паўнавартасны канцэрт з іх удзелам, напэўна, прыўкрасіць першы забаўляльны гіг у новай Беларусі.

Каментары

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы10

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы

Усе навіны →
Усе навіны

Дроны УСУ атакавалі вайсковы аэрадром у Адыгеі

Гродзенцы пра тое, як страцілі магчымасць зарабляць на прыгранічным бізнэсе6

У цэнтры Вільні ўчора ўпаў метэазонд з кантрабандай3

Маштабны фестываль агню ўпершыню пройдзе ў Батанічным садзе Мінска1

Пісьменніца Лілі Эберт, якая выжыла ў Асвенціме, памерла ва ўзросце 100 гадоў

Смяротны ўраган «Мілтан» ударыў па Фларыдзе1

Краўцоў разважае, чаму Лукашэнка не ідзе на перамовы з Захадам4

У Краснадарскім краі УСУ пацэлілі ў склад з боепрыпасамі

Мазырскі НПЗ пакуль так і не аднавіў аб'ёмы вытворчасці, якія былі да летняга ўрагану. Магчыма, робіць гэта свядома4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы10

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы

Галоўнае
Усе навіны →