Слоўнік Collins назваў «Слова года»-2022. Для беларусаў яно як роднае
Выдавецтва Harper Collins, якое выпускае слоўнік Collins English Dictionary, назвала словам 2022 года permacrisis. Яно азначае перманентны або пастаянны крызіс. Складальнікі слоўніка даюць яго тлумачэнне як «працяглы перыяд нестабільнасці і небяспечнасці».
У Harper Collins растлумачылі, што гэтае слова, як і некалькі іншых тэрмінаў, адносіцца да крызісу, які аб'ядноўвае палітычную нестабільнасць, канфлікт ва Украіне, кліматычныя змены ды рост кошту жыцця і працягваецца ва ўсім свеце.
Сярод іншых прэтэндэнтаў на тытул «Слова года» былі яшчэ такія словы і выразы:
- partygate — гэта слова азначае скандал, звязаны з вечарынкамі экс-прэм'ера Вялікабрытаніі Барыса Джонсана падчас пандэміі каранавіруса. Яны выклікалі шырокі грамадскі рэзананс і, нарэшце, каштавалі Джонсану пасады;
- Carolean («каралінскі») — гэта слова азначае ўсё, што звязана з іменем новага караля Вялікабрытаніі Карла III;
- warm banks («банкі цяпла») — так называюць месцы, дзе незаможныя людзі, не здольныя ацяпляць свае дамы, могуць сабрацца ў халодны час, каб сагрэцца;
- Kyiv — сталіца Украіны;
- lawfare — прымяненне юрыдычных механізмаў у дачыненні да апанента;
- vibe shift — значная змена дамінуючай тэндэнцыі ў культуры;
- quiet quitting — «ціхае звальненне», якое азначае сітуацыю, калі супрацоўнік выконвае толькі свае прамыя абавязкі;
- sportswashing — прасоўванне спартыўнага мерапрыемства дзеля адцягнення ўвагі ад спрэчнай дзейнасці;
- splooting — так называюць позу, у якой жывёліна ляжыць на жываце з распластанымі лапамі.
Каментары