26 кастрычніка Сенат Польшчы аднагалосна, 85 галасамі прыняў рэзалюцыю аб прызнанні ўладаў Расійскай Федэрацыі тэрарыстычным рэжымам. У гэтай рэзалюцыі сенатары «рашуча асуджаюць расійскую агрэсію і заклікаюць усе краіны, якія падтрымліваюць мір, дэмакратыю і правы чалавека, прызнаць улады Расійскай Федэрацыі тэрарыстычным рэжымам».
У рэзалюцыі сенатары нагадваюць, што 24 лютага 2022 года Узброеныя сілы Расійскай Федэрацыі развязалі жорсткую вайну з Украінай, жадаючы сцерці з карты свету гэтую суверэнную краіну і знішчыць яе народ.
Яны таксама падкрэсліваюць, што гераічная абарона грамадзянамі Украіны незалежнасці выклікала захапленне ўсяго вольнага свету і сёння Украіна з'яўляецца найважнейшым месцам у свеце, у якім абараняюцца дэмакратыя і свабода.
Расійскія акупанты, на думку польскіх сенатараў, тэрарызуюць жыхароў украінскіх гарадоў, падвяргаюць бамбаванням цывільныя аб'екты.
«Бандыты ў расійскай форме катуюць і забіваюць ваеннапалонных і мірных жыхароў на акупаванай тэрыторыі. Яны выкрадаюць украінскіх дзяцей, каб вырасціць іх рэжымнымі янычарамі. Яны дэпартуюць, высяляюць і адпраўляюць грамадзян Украіны на далёкую перыферыю Расіі», — гаворыцца ў рэзалюцыі.
Уладзімір Пуцін і ягоны апарат гвалту, паводле рэзалюцыі, вярнуліся да жорсткіх практык сталінскага і нацысцкага рэжымаў, а таму «Расію трэба перамагчы і пазбавіць яе магчымасці ставіць пад пагрозу сваіх суседзяў».
Сенатары аддаюць належнае ўсім установам і арганізацыям, якія ўзяліся за расследаванне і дакументаванне злачынстваў, учыненых расіянамі супраць украінскага грамадства, і заклікаюць міжнародную супольнасць аказаць поўную падтрымку Міжнароднаму крымінальнаму суду, які расследуе вінаватых у гэтых злачынствах.
Раней падобныя пастановы прынялі парламенты Літвы, Латвіі і Эстоніі, а таксама Парламенцкая асамблея Рады Еўропы.
Каментары