Кароткая гісторыя аднаго ўзвода мабілізаваных Таманскай дывізіі, разгромленага пад Сватавам
Відэазварот мабілізаваных жыхароў Масквы і Маскоўскай вобласці, запісаны 8 кастрычніка, з’явіўся на ютубе толькі 17 кастрычніка. У той час шмат каго з іх не было ў жывых. На відэа мужчыны, якіх ніяк не падрыхтавалі да ўдзелу ў баях, распавялі пра бясконцы хаос у расійскай арміі. Ужо 14 кастрычніка 13 з гэтых мабілізаваных, якія засталіся пасля ўцёкаў расійскіх войскаў, схаваліся ў нейкім доме ў Сватаве. Гісторыю іх імклівай, але няскончанай вайны распавядае «Медиазона».
Кароткая дарога на фронт
Большасць мабілізаваных з апублікаванага відэа былі прызваныя ў першыя дні пасля пачатку мабілізацыі ў Расіі — з 23 па 25 верасня.
Свой відэазварот мабілізаваныя запісалі 8 кастрычніка ў Хахлове пад Белгарадам. Другая частка роліка — запісаная ўпотай 11-хвілінная размова з камандзірамі, якая адбылася на некалькі дзён раней.
«Хлопцы, у 1914 годзе былі створаныя салдацкія саветы, якія гаварылі гэтак жа, як вы, і зрынулі цара. Я вам шчыра кажу, гэтага цара вы не скінеце. Вы зразумелі, пра што я кажу», — угаворвае салдат першы афіцэр.
«Вы мне пра 1914 год, а я вам прывяду [у прыклад] Вялікую Айчынную вайну, калі апошняга сына з сямʼі не забіралі. Як так атрымалася, што мы тут двое братоў, адзіных у сямʼі?» — крычыць яму ў адказ нехта з мабілізаваных.
Калі мабілізаваныя спрабуюць растлумачыць, што іх так і не навучылі страляць з гранатамёта, нейкі камандзір пераходзіць на крык: «Давай павучы тут яшчэ мяне! Якая, х*й, розніца, кожны з вас стралкоў, павінен нармальна страляць, бл*дзь, а вы зараз развялі паніку, дарослыя мужыкі!».
На відэа мабілізаваныя распавядаюць, што праз некалькі гадзін іх могуць адправіць пад Ліман для ўдзелу ў «адным з эшалонаў нападу», хаця на стрэльбах яны пабывалі толькі адзін раз — «у той дзень, калі на палігон у Нара-Фамінск прыязджаў Шайгу».
Навабранцы кажуць, што тыя, каго прызначылі камандзірамі баявых машын, не ведаюць, як іх завесці. Абмундзіраванне на іх — рознага ўзору і расфарбоўкі: амуніцыю яны куплялі за свой кошт, у тым ліку залазячы ў даўгі. Зарплатныя карткі ад Мінабароны адны мабілізаваныя не атрымалі, а іншыя не змаглі актываваць. Зброю ім выдалі ржавую, якая заядае.
Іх некалькі разоў кідалі па розных частках. У выніку 1-шы ўзвод 2-й роты 15-га мотастралковага палка прэстыжнай гвардзейскай Таманскай дывізіі, куды адправілі мабілізаваных, прыкамандзіравалі да 12-га танкавага, пра што яны даведаліся ўжо постфактум.
Іх прывезлі ў раён Сватава 9 кастрычніка і высадзілі «ў невялікім лясочку». Навучання яны так і не прайшлі.
Усяго на пазіцыі знаходзіліся каля 30 чалавек, у тым ліку механік-вадзіцель БМП, хоць самай баявой машыны не было.
На другі дзень ім выдалі рацыю, якая не працавала, пазней — іншую, але яна таксама «не дабівала»: «Не было сувязі ні са штабам, ні з камандзірам роты, ні з 2-м узводам, ні з 3-м узводам».
Калі пайшоў моцны дождж, камандзір загадаў выкапаць бліндаж: непрамакальную плёнку для хованкі трэба было купіць у горадзе за свой кошт.
Супрацьтанкавых кіраваных ракет, ручных гранат і зарадаў да супрацьтанкавых гранатамётаў не было, «адзін кулямёт не працаваў, патрон у патроннік не заходзіў».
Са зброі ў мотастралкоў былі толькі аўтаматы, якія былі не на іх запісаныя, а іх зброя «знаходзіцца недзе ў іншых людзей».
Адступленне
12 кастрычніка побач з пазіцыяй 1-га ўзвода, «у раёне пяці кіламетраў», стала біць украінская артылерыя. Абстрэл пачаўся каля шасці вечара, успамінаюць мабілізаваныя, а ў сем яны ўбачылі, што з боку перадавой рухаецца «натоўп людзей», каля 30—40 расійскіх вайскоўцаў, якія адыходзяць.
«Мы падышлі да хлопцаў, пытаемся, што адбываецца, ці здадзена вёска. Яны адказалі: «Бой у вёсцы прайграны, нас пабілі мінамётамі, мы адыходзім». Там было прыкладна дзве роты, 5-я і 6-я, такія ж мабілізаваныя, як мы. Адзін з іх сказаў, што хутка будзе танкавы бой. Калі танкі будуць вяртацца, гэта значыць, што танкавы бой прайграны».
Хутка міма пазіцыі ў бок перадавой праехалі чатыры расійскія танкі з уключанымі фарамі. Прыкладна праз 20 хвілін адтуль, куды яны накіроўваліся, пачуліся гукі артабстрэлу, і танкі паехалі назад — на гэты раз «малым ходам» і з выключанымі агнямі. Абстрэл працягваўся безупынна.
«Мы ўсе рэзка сабралі свае аўтаматы, бронекамізэлькі, асабістыя сумкі і проста пайшлі ў бок, куды паехалі танкі», — распавялі мабілізаваныя «Медыязоне».
Яны прайшлі тры-чатыры кіламетры ў цемры, пакуль не дагналі танкі: на скрыжаванні дарогу ім заступілі «камандзірскія машыны» — афіцэры спрабавалі спыніць адступленне.
У гэты момант па скрыжаванні стукнула артылерыя, і «ўсе, як прусакі, разбегліся». «Афіцэры скокнулі ў свае машыны і зʼехалі з блокпаста ўмомант».
У поўнай цемры ўзвод працягнуў адыходзіць, і праз 20—25 кіламетраў наткнуўся на блокпост байцоў з самаабвешчанай «ЛНР». Тыя запатрабавалі, каб мабілізаваныя здалі зброю.
Там мабілізаваныя заначавалі. А раніцай «з пагрозай таго, што адзін з людзей з блокпаста перазарадзіў аўтамат, нам сказалі: «Хлопцы, давайце свае бронекамізэлькі, каскі». Нам, у прынцыпе, было не шкада».
З 1-га ўзвода да блокпоста дабраліся 15 чалавек. Пра лёс астатніх мабілізаваныя не ведаюць: «На прамежку 15 кіламетраў па нас біла арта ззаду».
Салдаты з «ЛНР» кармілі іх, а адначасна «займаліся нейкім паўмарадзёрствам» — распытвалі аб пакінутых пазіцыях і ездзілі туды збіраць кінуты або страчаны рыштунак.
Па словах мабілізаваных, яны былі гатовыя вярнуцца на пазіцыю і чакалі, што на блокпост прыедзе нехта з камандзіраў, «каб разабрацца, што з намі рабіць», але гэтага так і не адбылося.
У выніку ім проста сказалі: «Хлопцы, рабіце што хочаце, карацей, толькі адʼ*біцеся ад нас».
14 кастрычніка рэшткі 1-га ўзвода сышлі з блокпаста. Па дарозе яны сустрэлі расійскіх вайскоўцаў на БМП, якія пагадзіліся падвезці іх да Сватава. Тамака мабілізаваныя «разгрупаваліся» на некалькі груп (пры гэтым «двое ці трое чалавек выпарыліся ўжо ў горадзе»), а потым схаваліся ў пустуючай хаце, асцерагаючыся, што іх адправяць ізноў на перадавую. На блокпасту «ЛНР» яны чулі, што камандзіры ў такіх выпадках нібыта рвуць ваенныя білеты, загадзя «спісваючы» салдата як загінулага ці зніклага без вестак.
Хаваючыся ў Сватаве, 17 кастрычніка адзін з мабілізаваных нарэшце выклаў у свой канал зварот, запісаны за дзевяць дзён да гэтага ў Белгарадскай вобласці.
Тады ж, у Сватаве, 11 мабілізаваных падрабязна распавялі на камеру аб перажытым. Гэтыя здымкі пакуль не прызначаная для публікацыі, папярэдзілі «Медыязону» яе героі. Яны разлічваюць, што 31-хвіліннае відэа вывучыць вайсковая пракуратура.
Вяртанне
Ад Сватава 13 чалавек з 1-га ўзвода прабіраліся да расійскай мяжы разам з «хлопцамі» з іншых адступаючых падраздзяленняў, распавёў «Медыязоне» Уладзіслаў, які выклаў відэа.
Размова з карэспандэнтам «Медыязоны» адбылася 23 кастрычніка. Уладзіслаў тады сцвярджаў, што ён сам і многія мабілізаваныя, якія адыходзілі з-пад Сватава, знаходзяцца ў вайсковай часці ў Белгародскай вобласці. Паводле яго слоў, каля шасці раніцы часць трапіла пад абстрэл з боку Украіны, «афіцэрскі склад увесь зваліў, але некаторыя афіцэры засталіся, каб эвакуіраваць нас».
«Мы знаходзімся тут для разбору. Намі займаецца Генеральная пракуратура, ФСБ і шмат хто яшчэ», — распавядаў Уладзіслаў.
Ён спадзяваўся дабіцца пакарання для камандзіраў, якія адправілі на перадавую ненавучаных і фактычна бяззбройных навабранцаў, і казаў, што, паводле яго звестак, з падобнымі скаргамі ў ваенную пракуратуру звярнуліся каля 200 чалавек.
Увечары 23 кастрычніка Уладзіслаў напісаў карэспандэнтцы «Медыязоны», што яны з таварышамі «напэўна, зноў кудысьці паедуць» — у часці «мітусня», бо «тут Белгарад абстралялі». З таго часу яго тэлефон недаступны.
Каментары