Старшыня КДБ Іван Церцель заявіў на сустрэчы з калектывам МТЗ, што Захад не можа спакойна глядзець на наяўнасць такога «вострава стабільнасці», як Беларусь, і што «тэрарыстаў» тут «будуць знішчаць», паведамляе БелТА.
«Літаральна ў суботу нашы калегі з МУС затрымалі некалькіх асоб, якія рыхтавалі тэракты на шэрагу аб'ектаў Беларусі па ініцыятыве BYPOL, які цалкам курыруецца польскімі службамі. Мы будзем дзейнічаць рашуча — на знішчэнне. Проста тэрарыстаў будзем знішчаць», — заявіў Церцель.
Кіраўнік КДБ назваў Беларусь «востравам стабільнасці», што нібыта надта ўражвае Захад, і параіў супрацоўнікам МТЗ не хавацца пад плінтус, таму што на іх глядзіць моладзь. «На нас з вамі моладзь глядзіць як на прыклад. Таму не забівацца пад плінтус, а праяўляць сваю мудрасць, аўтарытэт, каб супакоіць сітуацыю, калі трэба будзе», — заявіў Церцель.
Раней МУС заявіла аб затрыманні некалькіх чалавек, якія нібыта рыхтавалі тэракты і дыверсіі ў Беларусі. Ведамства заяўляе, што яны былі завербаваныя BYPOL і атрымлівалі заданні па закладцы бомбаў, інструкцыі аб тым, дзе ўзяць запальныя сумесі ад плана «Перамога».
Раней лукашэнкаўскія сілавікі не раз выступалі з аналагічнымі заведама хлуслівымі заявамі. Тады як тэрарызм інтэрпрэтавалася палітычная дзейнасць, ці асобныя хуліганскія акты, або інсцэніраваныя выпадкі.
Каментары