Сапраўдны скандал разгараецца вакол адпраўкі мабілізаваных у Маскве пад Сватава без аніякай падрыхтоўкі. Яны яшчэ па дарозе на фронт трапілі пад знішчальны ўдар украінскай артылерыі.
Пачала прыходзіць інфармацыя пра гібель першых мабілізаваных у Расіі на фронце. Напрыклад, чэлябінскія ўлады афіцыйна аб’явілі адразу пра пяць сваіх жыхароў, якія загінулі. Гэта адбылося ўсяго праз тры тыдні пасля абвяшчэння так званай «частковай мабілізацыі». Пры тым, што цывільных абяцалі вучыць месяц, а Мінабароны РФ казала, што не будзе адпраўляць на фронт непадрыхтаваных людзей. Сапраўдны скандал разгараецца вакол адпраўкі мабілізаваных у Маскве пад Сватава без аніякай падрыхтоўкі. Яны яшчэ па дарозе на фронт трапілі пад знішчальны ўдар украінскай артылерыі.
Прапагандыстка Анастасія Кашаварава піша, што некаторых камандзіраў «на месцах» трэба расстраляць.
«Спадары афіцэры, вы не маеце ніякага маральнага права насіць свае званні і пагоны.
Вынік мабілізацыі — ненавучаных дзяцей кідаюць на перадавую. Чэлябінск, Екацярынбург, Масква — ужо прыходзяць цынкавыя труны.
Вы нам казалі, што будзе навучанне, што іх не адправяць праз тыдзень на перадавую. Зноў хлусілі?» — піша яна.
Кашаварава заклікае камандзіраў «на месцах» сказаць праўду.
«Знайдзіце ў сабе мужнасць прызнаць, што гэта вайна. Што нічога не хапае. Што ўсё было на паперы і на выставах. Звярніцеся да народа з праўдай і скажыце, што нам патрэбна дапамога. А не так, чуеш ты, ідзі ваюй і дохні. Табе сказана — без размоў ідзі. Чуеш, маці, не вый, усе паміраюць».
Прапагандыстка ўпарта робіць акцэнт на камандзірах на месцах.
«Яны нават зверху каманд не слухаюць. Салдафоны», — піша яна.
«Знізу не баяцца пакарання наогул. Прадаюць праз «Авіта» цеплавізары. Прадаюць рыштунак. Не навучаюць мабілізаваных. Ваенкамы не праводзяць медагляд — у выніку ў шэрагах эпілептыкі і аўтысты. Яны не баяцца ні Герасімава, ні Шайгу, ні Пуціна, ні пракуратуру — нікога. А ў вышэйшага начальства не ва ўсіх ёсць маральнае права на іх гнаць, таму што самі пра..баліся», — піша яна.
Расійскі вайсковы карэспандэнт Раман Сапанькоў у сваім канале піша зігзагападобна, праз «не ўсё так адназначна» (менавіта гэтымі словамі), але ўсё адно і ён прыходзіць да высновы, што «скрыня Пандоры адчыненая».
Ён лічыць, што без мабілізацыі немагчыма было абысціся і ўпэўнены, што «гібель мабілізаваных мы ўбачым, на жаль, не раз».
Сапанькоў мяркуе, што «дзяржаўным мужам» трэба працаваць з насельніцтвам.
«Калі вы працягнеце ў тым жа духу (а на змяненне інфармацыйнай дактрыны недарэчна спадзявацца на восьмы месяц СВА), то хутка атрымаеце хвалю лютасці з тылу, выкліканую поўным неразуменнем, за што загінулі бацькі/мужы/сыны, пасля якой да лютага 1917 застанецца адзін крок. І выбару ў вас няма ніякага, скрыню Пандоры вы ўжо адчынілі».
Канал «Бросок мангуста» распавядае, як «групу мабілізаваных масквічоў і жыхароў Падмаскоўя адправілі ў зону СВА без навучання і падрыхтоўкі па распараджэнні генерала Зусько».
Канал піша, што ўсе яны былі прызваныя ў 27-ю мотастралковую брыгаду, 15-ы полк у першыя дні мабілізацыі — 22-24 верасня.
27 верасня вайсковую частку ў Нара-Фамінску наведаў міністр абароны РФ Шайгу, і яму «ўрачыста пад камеры прэсы» паказалі, як нібыта ідзе падрыхтоўка мабілізаваных.
«У сапраўднасці, у той дзень яны першы і апошні раз былі на палігоне. На наступны дзень іх адправілі ў Валуйкі Белгародскай вобласці, нібыта зноў на перападрыхтоўку. Але там зноў ніхто і нічому не вучыў. А 2-3 кастрычніка мабілізаваных па распараджэнні генерала Зусько адправілі на лінію фронту, у раён Сватава».
Паводле інфармацыі канала, з 3 кастрычніка на сувязь яны не выходзяць. Частку з іх сваякі знайшлі ў шпіталях Белгарадскай вобласці.
Параненыя распавядаюць, што калона мабілізаваных трапіла пад абстрэл падчас набліжэння да лініі фронту.
«Мабілізаваныя засталіся без камандавання і без кіравання. Загадаў, як дзейнічаць, ім ніхто не аддаваў. Таму яны панеслі сурʼёзныя страты, па факце не ўступіўшы ў прамое боесутыкненне».
Калі інфармацыя пра страты стала вядомая родным мабілізаваных, яны звярнуліся ў вайсковыя часці.
«Там ім адказалі, што людзі, якіх яны шукаюць, гэта значыць іх родныя, не лічацца ў часці і не лічыліся раней. А таксама іх няма сярод мабілізаваных», — піша канал.
«Катастрофа з мабілізаванымі на Белгарадскім кірунку наспявала не адзін тыдзень. <…> У Маскве ў адным ведамстве, якое даўно выклікае пытанні, па-ранейшаму любяць прымаць добрыя даклады. Толькі добрыя.
У кожнай катастрофы ёсць прозвішча, імя і імя па бацьку. Галоўнае, каб зноў на ганаровую пасаду ва ўпраўленне над усімі ўпраўленнямі не перавялі. Лепш іх у акопы. Без права прыняцця рашэнняў. Каб на сабе ўсё выпрабавалі», — невядома на каго намякае канал «Два майора», але, відаць, не на Пуціна.
Каментары