Заходні вайсковы эксперт: Каб абваліць такі мост, трэба некалькі грузавікоў выбухоўкі або ракеты
Свой аналіз пажару на Крымскім мосце апублікаваў аўтарытэтны вайсковы эксперт Мік Раян — генерал аўстралійскай арміі ў адстаўцы, у якога ў твітары больш за 280 тысяч падпісчыкаў, піша Бі-бі-сі.
Мік Раян піша, што пра дакладныя прычынах пажару і яго наступствы казаць пакуль рана, але сам па сабе напад на Керчанскі мост — гэта ўдар у твар Пуціну ў ягоны дзень нараджэння.
Далей Раян дзеліцца некалькімі ўласнымі думкамі пра інцыдэнт.
На думку аўстралійскага генерала, для абвальвання падобнага адрэзка жалезабетоннага моста неабходная вялікая колькасць выбухоўкі: некалькім спецназаўцам на сабе прынесці столькі немагчыма, лічыць эксперт.
«Некалькі грузавікоў або ракет/бомбаў змаглі б дасягнуць гэтай мэты, калі іх дакладна накіраваць у патрэбныя ўчасткі моста», — лічыць Раян.
Па-другое, адзначае ён, украінцам да гэтага часу выдатна ўдавалася планаванне аперацый — у прыватнасці, якія папярэднічаюць іх наступленню.
Цяперашні інцыдэнт можа быць часткай плана вяртання Крыма ў кароткатэрміновай перспектыве або спробай адцягнуць расійскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў іншых частках Украіны, разважае Раян. У кожным разе, для Расіі гэта істотная праблема, падкрэслівае эксперт.
Забеспячэнне Крыма не перапыніцца — застаюцца караблі і шлях праз Мелітопаль, але ўтрыманне Мелітопаля становіцца для Масквы яшчэ больш важным. Калі на поўдні цяпер пачнуцца перамяшчэнні расійскіх войскаў, гэта можа выявіць іх слабыя месцы, і ўкраінцы ўбачаць для сябе новыя магчымасці, піша Раян.
Па-трэцяе, гэты інцыдэнт — велізарная перамога для ўкраінскага боку з пункту гледжання ўплыву, адзначае былы генерал.
Нават калі ўкраінцы да яго не маюць дачынення, для расіян і для ўсяго свету гэта дэманстрацыя таго, што войска Расіі не здольнае кантраляваць ні адзін з нядаўна анексаваных рэгіёнаў.
Расіяне цяпер, напэўна, яшчэ больш актыўна будуць спрабаваць пакінуць Крым, і няўпэўненасць у Пуціна і ягоных вайскоўцаў будзе расці.
Раян мяркуе, што інцыдэнт на Крымскім мосце напэўна звязаны з агульнай вайсковай стратэгіяй Украіны.
Каментары