Вайна22

Якія расійскія рэгіёны аддалі больш за ўсё мужчын на вайну і што Пуціну дасць мабілізацыя?

Сумеснае даследаванне гэтага пытання правялі праект «Важныя гісторыі» і ініцыятыва Conflict Intelligence Team (CIT). Паводле іх, пад удар зноў трапілі бедныя і аддаленыя рэгіёны, у якія і да мабілізацыі прыходзіла больш за ўсё трунаў. А толку вялікага ад гэтага чакаць не даводзіцца.

21 верасня прэзідэнт Уладзімір Пуцін абвясціў у Расіі «частковую» мабілізацыю. Праз два тыдні рэгіёны пачалі даваць справаздачу аб завяршэнні мабілізацыйных мерапрыемстваў.

Колькі чалавек ужо маглі мабілізаваць

«Важныя гісторыі» і валанцёры CIT адсочваюць паведамленні аб тым, колькі чалавек плануюць прызваць ці ўжо прызвалі ў розных рэгіёнах. Па іх падліках, за два тыдні пад прызыў трапілі як мінімум 213,2 тысячы чалавек у 53 рэгіёнах.

Гэта адпавядае заявам міністра абароны Сяргея Шайгу. Па яго словах, з пачатку мабілізацыі ва Узброеныя сілы Расіі прыбылі больш за 200 тысяч чалавек. Аднак агульная колькасць мабілізаваных павінна быць большай, чым сцвярджае Шайгу: колькі чалавек прызвалі ў астатніх 32 рэгіёнах, па якіх даследчыкам не ўдалося знайсці звестак, — невядома.

Міністр абароны сцвярджаў, што мабілізацыйныя заданні атрымалі ўсе суб'екты РФ.

Як вёўся падлік

Шайгу паабяцаў, што мабілізацыя закране «адзін працэнт або, можа, крыху больш, 1,1 працэнта ад мабілізацыйнага рэсурсу» краіны — 300 тысяч чалавек (гэта 1,19% ад колькасці запаснікоў у Расіі. — Заўв. рэд.).

Па падліках даследчыкаў, кожны другі рэгіён план прызыву перавыканаў: 26 з 53 суб'ектаў, па якіх вядомыя звесткі, адпраўляюць на вайну больш, чым заяўленыя Шайгу 1,19% запаснікоў.

Мабілізацыя ўдарыла па рэгіёнах нераўнамерна. Самы высокі паказчык — у Краснаярскага края. Як вынікае з размовы ваеннага камісара з мабілізаванымі, адтуль павінны былі адправіць на вайну 28 тысяч чалавек — амаль 5,5% запаснікоў. Калі б столькі прызвалі па ўсёй Расіі, то агульная колькасць мабілізаваных перавысіла б 1,3 мільёна чалавек.

Такі масавы прызыў ужо ўдарыў па працоўнай сіле ў рэгіёне. Кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў края скардзяцца, што з-за мабілізацыі там няма каму працаваць, на вайну ў разгар уборачнага сезону забіраюць трактарыстаў і камбайнёраў, якія былі «штучнымі рабацягамі». Эксперты CIT не выключаюць, што колькасць можа быць завышанай: яны не бачаць прыкметаў таго, што мабілізацыя там настолькі адрозніваецца ад сітуацыі ў падобных рэгіёнах.

У Севастопалі прызавуць да 4% тых, хто знаходзіцца ў запасе, заявіў «губернатар» горада Міхаіл Разважаеў. Па словах мясцовых жыхароў, гараджанам, якія атрымалі позвы, тэлефанавалі з ваенкамата і палохалі крымінальнай адказнасцю, калі чалавек не з'явіцца ў ваенкамат. А сам кіраўнік горада заяўляў, што пры мабілізацыі нават не праводзіцца медкамісія.

Таксама шмат прызываюць у Бураціі (3,7%), Дагестане (2,6%) і Калмыкіі (2,2%). «Адна са здагадак, што ў нацыянальных рэспубліках хочуць даць лепшую справаздачу [перад вышэйстаячым кіраўніцтвам]», — кажуць аналітыкі CIT.

Нераўнамернасць мабілізацыі можа тлумачыцца і тым, што ў рэгіёнах жыве розны лік запаснікоў з патрэбным вопытам. «Гэтая гіпотэза не паддаецца праверцы, паколькі звесткі засакрэчаныя. Напрыклад, перавышэнне відаць у Калінінградскай вобласці. Там месціцца 11-ы армейскі корпус і частка Балтыйскага флоту. У Разанскай і Пскоўскай абласцях — дэсантнікі, у Бураціі месца пастаяннай дыслакацыі адразу трох брыгад, у Краснаярскім краі вельмі шмат расгвардзейцаў, — кажуць даследчыкі CIT. — Але трэба разумець, што тыя, каго хацелі мабілізаваць, і тыя, каго мабілізуюць, — гэта велізарная розніца. Па факце прызваныя аказаліся зусім не тыя людзі, якіх чакала атрымаць Мінабароны. Ваенкаматы не ўмеюць прызываць каго трэба, яны вымушаныя праводзіць мабілізацыю ў максімальна сціслыя тэрміны. А экс-кантрактнікі, якія нават завяршылі службу да пачатку вайны, наўрад ці гараць жаданнем трапіць на фронт, бо ведаюць пра тое, што адбываецца, ад былых таварышаў па службе».

Мабілізацыя для бедных

Па падліках даследчыкаў, у большасці рэгіёнаў дзейнічае правіла: чым бяднейшыя людзі жывуць у рэгіёне, тым мацней яго кранула мабілізацыя. «Мы бачым карэляцыю [залежнасць] долі выкліканых запаснікаў і беднасці рэгіёну. У такіх рэгіёнах павінна быць шмат кантрактнікаў, якія нядаўна адслужылі. Часцяком армія ў такіх рэгіёнах з'яўляецца адным з нямногіх працадаўцаў, а таксама сацыяльным ліфтам», — кажуць аналітыкі CIT.

У 23 з 26 рэгіёнаў, адкуль прызываюць больш за заяўленую Шайгу долю запаснікоў, даходы людзей ніжэйшыя за сярэднерасійскі ўзровень.

Напрыклад, сярэднедушавы даход жыхара Пскоўскай вобласці — 32 тысячы рублёў у месяц. Адтуль на вайну павінны адправіць 2 тысячы чалавек — 1,86% запаснікоў. У Калмыкіі з сярэднім даходам у 22,5 тысячы рублёў мабілізуюць каля 1000 чалавек (2,2 %).

На думку эканамістаў Максіма Міронава і Алега Іцхокі, улады не хочуць чапаць больш заможныя рэгіёны з-за боязні пратэстаў. «У бедных і аддаленых рэгіёнах будуць прызываць больш, у багатых гарадах — менш, каб пазбегнуць пратэстаў», — лічаць эксперты. Яны адзначаюць, што менавіта ў бедных рэгіёнах ёсць значная верагоднасць быць прызванымі людзям па-за мэтавай катэгорыяй.

Пры гэтым пазбегнуць пратэстаў супраць мабілізацыі ўсё-такі не ўдалося. Найбольшыя акцыі прайшлі ў Дагестане: пасля мітынгаў мясцовы Следчы камітэт распачаў не менш за 30 крымінальных спраў, а адміністратараў тэлеграм-каналаў, якія асвятлялі пратэсты, затрымалі. У Калмыкіі, якая таксама трапіла ў топ-10 рэгіёнаў з максімальнай доляй мабілізаваных, супраць вайны выказаўся Вярхоўны лама Рэспублікі.

«Дастаткова паглядзець на Тыву, Дагестан. У Бураціі таксама пачынаецца гэтая гісторыя з пратэстамі. Магчыма, яны [улады] спадзяваліся, што ў гэтых рэгіёнах моцныя гаспадарнікі не дапусцяць пратэстаў, але дапусцілі», — кажуць аналітыкі CIT.

Яшчэ больш трунаў

Рэгіёны, якія пашлюць на вайну больш за ўсё запаснікоў, былі найбольш пацярпелымі ад вайны яшчэ да мабілізацыі. Так, Дагестан знаходзіцца на першым месцы па колькасці пацверджаных загінулых у баявых дзеяннях ва Украіне. За сем месяцаў вайны там загінулі не менш за 277 чалавек, а смяротнасць маладых мужчын у рэспубліцы ўжо вырасла больш чым у два разы.

Пасля абвяшчэння мабілізацыі з Дагестана на вайну павінны былі адправіцца яшчэ 15 тысяч чалавек — 2,5% мясцовых запаснікоў. Гэтыя планы абурылі не толькі жыхароў рэспублікі, якія выйшлі на пратэсты, але і набліжаных да ўлады людзей.

Так, у разгар мабілізацыі жонка і дарадца муфтыя Дагестана Айна Гамзатава папрасіла Уладзіміра Пуціна даць дагестанцам адтэрміноўку ад мабілізацыі, бо шмат жыхароў рэгіёна і так удзельнічаюць у вайне. «Я і мой народ хацелі б прапанаваць вам, з улікам таго, што з трохмільённага насельніцтва [Дагестана] ўжо знаходзяцца на перадавой больш за тры тысячы дагестанцаў, сярод якіх нямала герояў, даць нам адтэрміноўку ад мабілізацыі і іншых прызываў», — напісала яна.

Яшчэ адзін такі рэгіён — Бурація. На вайне з Украінай загінулі не менш за 259 ураджэнцаў рэспублікі, а смяротнасць маладых мужчын вырасла на 93 %. Яшчэ да абвяшчэння мабілізацыі мясцовыя жыхары не разумелі, чаму ў баявых дзеяннях ўдзельнічае так шмат буратаў.

«Асабліва чамусьці з Бураціі шмат [салдат на вайне ва Украіне]. Незразумела, чаму. Тады б усіх ужо аднолькава, а нас, буратаў, і так мала. Мы ж малая нацыя наогул. Столькі хлопцаў там загінула, гэта дзяўчаты нашы за каго замуж то выйдуць? Бурацкая нацыя яшчэ меншай стане. Але што зробіш? Грамадзяне Расеі», — гаварыла «Важным гісторыям» жыхарка бурацкага сяла Барун-Хасурта, адкуль на вайну адправіліся двое мясцовых жыхароў і абодва загінулі.

Паводле падлікаў фонду «Свабодная Бурація», цяпер у рэспубліцы плануюць мабілізаваць яшчэ як мінімум 3,6% запаснікоў — 6,4 тысячы чалавек. Калі б па ўсёй Расіі прызвалі такую ж долю запаснікоў, як і ў Бураціі, на вайну адправіліся б 920 тысяч расіян.

Такая нераўнамерная мабілізацыя прывядзе да таго, што смяротнасць мужчын у найбольш пацярпелых рэгіёнах вырасце яшчэ больш. Па словах аналітыкаў CIT, страты забітымі і параненымі сярод мабілізаваных будуць вышэйшыя, чым сярод тых, хто служыць у рэгулярнай арміі.

«Улічваючы агульны нізкі ўзровень навучання, — хоць кагосьці, сапраўды, навучаюць, але кагосьці і адпраўляюць на фронт без падрыхтоўкі — гэта азначае, што страты будуць вышэйшыя, — кажуць эксперты. — Гэтыя людзі не навучаныя, не забяспечаныя належным чынам, не прайшлі баявое зладжванне, у большасці сваёй не маюць ніякага баявога досведу. У іх няма нармальнага камандавання, бо ўвесь камандны склад таксама будзе з мабілізаваных. На гэтыя 300 тысяч трэба было б знайсці 30 тысяч кадравых афіцэраў. Столькі свабодных афіцэраў у Расеі проста няма, а хто ёсць — у значнай ступені на фронце».

Пры гэтым сярод мабілізаваных можа быць менш тых, хто адмаўляецца ваяваць, прынамсі спачатку.

«Значная частка стратаў у расійскай кадравай арміі прыпадае на так званых «пяцісотых» — тых, хто не загінуў і не паранены, але адмовіўся ўдзельнічаць у баявых дзеяннях або самавольна пакінуў размяшчэнне часці. Тут гэтая катэгорыя стратаў спачатку рэзка скароціцца, бо гэта стала крымінальна каральным учынкам, альбо пакаранне было ўзмоцнена. Зразумела, мы не ведаем, што адбудзецца з баявым духам ва ўмовах зімы і ўкраінскага наступлення — магчыма, мы ўбачым павальнае дэзерцірства, нават калі яно будзе карацца», — мяркуюць у CIT.

Чаго чакаць ад мабілізацыі

У пачатку мабілізацыі Шайгу заяўляў, што 300 тысяч чалавек будуць прызваныя паступова: «Гэта не аднаразова акцыя. Тут не прадугледжваецца такі шыроказахватны камбайн, каб захапіць хутка, не», — запэўніваў міністр.

Пры гэтым праз два тыдні і адкрытыя звесткі, і сам Шайгу кажуць пра тое, што мабілізавалі ўжо больш за 200 тысяч чалавек.

Нават калі на фронт прызавуць абяцаныя ўладамі 300 тысяч чалавек, мабілізацыя не спыніцца, лічаць эксперты CIT. «Мы бачым, што яны спрабуюць прызваць усе 300 тысяч адразу. Можна было б выказаць здагадку, што яны расцягнуць гэта на некалькі хваляў, будуць папаўняць паволі, але не, — каментуюць эксперты CIT ход мабілізацыі. — Далейшая мабілізацыя можа спатрэбіцца для папаўнення стратаў [сярод прызваных першай хвалі]. З іншага боку, можа быць, што лічбы ў 1 або 1,2 мільёна [якія агучвалі СМІ, спасылаючыся на крыніцы ва ўладзе] — гэта тыя, каго яны ў прынцыпе плануюць прызваць, і больш ім не спатрэбіцца да канца вайны. Магчыма, гэтыя 300 тысяч будуць прызваныя цяпер, а астатніх будуць дабіраць паступова, па меры нясення стратаў. У кожным разе мы не лічым, што мабілізацыя абмяжуецца 300 тысячамі».

Калі лічбавыя вынікі мабілізацыі ўжо блізкія да заяўленых, то на практыцы набралі зусім не тых, каго чакала Мінабароны.

Улады заяўлялі, што ў першую чаргу мабілізаваць будуць людзей з баявым вопытам і патрэбнымі вайскова-ўліковымі спецыяльнасцямі, але ваенкаматы забіралі нават тых, хто не служыў і мае сур'ёзныя захворванні.

Яшчэ да адпраўкі на фронт загінулі як мінімум восем мабілізаваных, у тым ліку ад разрыву сэрца і тромбаэмбаліі. «Яны [тыя, каго ўдалося мабілізаваць да гэтага моманту] будуць бліжэйшыя да таго, што мы назіралі пры мабілізацыі ў так званых «ДНР» і «ЛНР», чым да рэгулярнай расійскай арміі, якая таксама сябе не бліскуча паказала, за выняткам асобных часцей. Калі яны [мабілізаваныя з «ДНР» і «ЛНР»] удзельнічалі ў наступальных дзеяннях, то неслі велізарныя страты.

У некалькіх украінскіх наступальных аперацыях адным з вырашальных фактараў стала тое, што мабілізаваныя пакінулі свае пазіцыі і збеглі.

Напрыклад, прарыў ў Балаклеі атрымаўся ў тым ліку дзякуючы таму, што на кірунку галоўнага ўдару былі мабілізаваныя. На захад ад Херсона яны таксама пабеглі, і паветрана-дэсантным войскам прыйшлося прыняць бой, хоць яны былі да гэтага не гатовыя ў той момант.

Гэта значыць, калі меркаваць з гэтага вопыту, [вынік мабілізацыі] будзе малаэфектыўным. Ёсць толькі некаторая розніца ў тым, што некаторыя з [расійскіх] мабілізаваных могуць быць забяспечаныя лепш, чым мабілізаваныя ў «ЛДНР», — кажуць аналітыкі CIT.

Чытайце таксама:

Не чакайце хуткіх эфектаў, але эфектаў чакайце… Пакаленне Х і пуцінская мабілізацыя

«Не-не, я на гэта не падпісваўся і не пайду». Расіяне беларускага паходжання ў шоку і жаху, шукаюць выйсця

ISW: Пуцінская мабілізацыя дазволіць толькі захаваць колькасць арміі ва Украіне на цяперашнім узроўні

Каментары2

  • Нина
    06.10.2022
    Мобилизованные уже начинают превращаться в 200-х. "Диалог" поместил фото военного билета такого превращенца под Бахмутом: Давыдов кто-то там батькович, а физиономия - натуральный зек. А мобилизованные в Таманскую дивизию (тоже информация "Диалога") на грани бунта: ни обеспечения, ни подготовки, жили в окопах, болеют поголовно, документы у них не оформлены, банковские карты не активированы (понадеялись на выплаты!). Какие вам выплаты и всякое-прочее? Пришел приказ в военкоматы: призвать столько-то, они и призвали, и отправили гуртом. И всё, ничего больше не ждите!
    нет ни обеспечения, ни
    жилья, ни подготовки. Оружие раздают списанное, 70-х годов. Люди
    поголовно болеют, а их здоровье не интересно никому

    читайте подробнее на сайте "Диалог.UA": https://www.dialog.ua/russia/260003_1664997341
    нет ни обеспечения, ни
    жилья, ни подготовки. Оружие раздают списанное, 70-х годов. Люди
    поголовно болеют, а их здоровье не интересно никому

    читайте подробнее на сайте "Диалог.UA": https://www.dialog.ua/russia/260003_1664997341
  • Чел
    06.10.2022
    Нина, А скоро зима...

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага14

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага

Усе навіны →
Усе навіны

Падрабязнасці здарэння ў Хойніках, дзе воўк напаў на вартаўніка і міліцыянтаў1

Зяленскі: Украіна можа ўступіць у НАТА без дзеяння артыкула 5 на ўсёй тэрыторыі8

У Польшчы ёсць свае сёстры Груздзевы — сёстры Гадлеўскія ВІДЭА2

У цэнтры Мінска з'явілася кафэ ў афрыканскім стылі. Каб яго адкрыць, уласніца прадала кватэру4

Хто такія садыкі? Расійскія вайскоўцы ў Сірыі нарадзілі адмысловы слэнг16

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску77

У спа-зоне аквапарка «Лебядзіны» здарыўся пажар

Ва Узбекістане затрымалі вядомага расійскага журналіста Аляксея Піваварава і яго здымачную групу8

Пуцін зацвердзіў рэкордныя ваенныя расходы на 2025 год2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага14

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага

Галоўнае
Усе навіны →