Вызвалілі з расійскага палону раней затрыманага гендырэктара Запарожскай АЭС
Генеральны дырэктар Запарожскай атамнай электрастанцыі Ігар Мурашоў вызвалены пасля затрымання расійскімі вайскоўцамі. Пра гэта напісаў у твітары кіраўнік Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Рафаэль Грасі.

«Я вітаю вызваленне Ігара Мурашова, генеральнага дырэктара Запарожскай атамнай электрастанцыі. Я атрымаў пацверджанне, што спадар Мурашоў бяспечна вярнуўся да сваёй сям'і», — паведаміў Грасі.
Ігар Мурашоў быў затрыманы 30 верасня, калі вяртаўся з працы ў акупаваны расіянамі горад Энергадар — горад-спадарожнік пры АЭС. Мурашову завязалі вочы і звезлі ў невядомым кірунку. Расія нічога не паведамляла пра прычыны ягонага затрымання.
У той жа дзень прадстаўнікі МАГАТЭ звязаліся з расійскімі акупацыйнымі ўладамі, якія заявілі, што Мурашоў «часова затрыманы». Тады Грасі заявіў, што «актыўна дамагаецца тлумачэнняў» і выказаў надзею на «хуткае і здавальняючае вырашэнне гэтага пытання».
Каментары