Рамзан Кадыраў знайшоў вінаватага ў адступленні расійскіх войскаў з Лімана
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што адказнасць за адступленне расійскіх войскаў з Лімана нясе камандуючы Цэнтральнай ваеннай акругай генерал-палкоўнік Аляксандр Лапін.
«Абаронай гэтага ўчастка кіраваў камандуючы Цэнтральнай ваеннай акругай генерал-палкоўнік Аляксандр Лапін, — напісаў Кадыраў у сваім тэлеграм-канале. — Той самы Лапін, які атрымаў зорку Героя Расіі за ўзяцце Лісічанска, хоць дэ-факта яго там і побач не было. Лапіну аддалі ў падпарадкаванне і войскі Заходняй ваеннай акругі».
Са слоў Кадырава, камандуючы ЦВА «выставіў на ўсіх рубяжах Ліманскага кірунку мабілізаваных байцоў з «ЛНР», але не забяспечыў іх неабходнай сувяззю, узаемадзеяннем і падвозам боепрыпасаў». Кіраўнік Чачні сцвярджае, што яго папярэджвалі аб магчымым правале на гэтым участку фронту, а ён сам размаўляў пра гэта з кіраўніком расійскага генштаба Валерыем Герасімавым, але «генерал запэўніў мяне, што не сумняваецца ў палкаводчым таленце Лапіна і не лічыць, што ў Чырвоным Лімане і яго ваколіцах магчымае адступленне».
«Праз тыдзень Лапін пераносіць свой штаб у Старабельск, за сотню кіламетраў ад сваіх падначаленых, а сам адседжваецца ў Луганску. З-за адсутнасці элементарнай ваеннай лагістыкі сёння мы пакінулі некалькі населеных пунктаў і вялікі ўчастак тэрыторыі, — піша Кадыраў. — Крыўдна не тое, што Лапін бездар. А тое, што яго пакрываюць наверсе кіраўнікі ў Генштабе. Будзь мая воля, я б разжалаваў Лапіна да радавога, пазбавіў бы ўзнагарод і з аўтаматам у руках адправіў бы на перадавую змываць крывёю сваю ганьбу».
Генерал Лапін стаў шырока вядомы праз тое, што ўзнагародзіў уласнага сына, падпалкоўніка Дзяніса Лапіна, які камандуе 1-м гвардзейскім танкавым палком, за «вызваленне» Чарнігаўскай вобласці ў дзень, калі Расія абвясціла аб сыходзе адтуль.
Каментары