У выпадку абмежаванай ядзернай вайны па якіх аб’ектах у Беларусі і суседніх краінах могуць біць?
У сваім апошнім звароце да нацыі Уладзмір Пуцін адкрыта пагражаў Захаду выкарыстаннем атамнай зброі. «Пры пагрозе тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны, для абароны Расіі і нашага народа мы, безумоўна, выкарыстоўваем усе сродкі, якія ёсць у нашым распараджэнні. Гэта не блеф», — сказаў ён. Пры якіх умовах Расія наважыцца на выкарыстанне ядзернай зброі? Ці можа быць Захадам нанесены ўдар у адказ па тэрыторыі Беларусі? «Наша Ніва» задала гэтыя пытанні беларускаму і польскаму экспертам па пытаннях бяспекі Аляксандру Алесіну і Лукашу Кулесу. Апошні працуе ва ўплывовым аналітычным цэнтры Польскі інстытут міжнародных даследаванняў (PISM).
Крылатая ракета далёкага радыусу дзеяння «Калібр», запушчаная караблём ВМС Расіі ва ўсходнім Міжземнамор'і, 19 жніўня 2016 г. Фота: прэс-служба Мінабароны РФ via AP
Алесін: «Расія нанясе ядзерны ўдар толькі пры катастрафічным разгроме сваіх войскаў»
Аляксандр Алесін мяркуе, што Расія ўжыве ядзерную зброю толькі ў крайнім выпадку — калі ўкраінская армія нанясе расійскай катастрафічную паразу. Умоўна кажучы, калі ў Расіі не застанецца звычайных сіл супрацьстаяць прасоўванню ўкраінскага войска ў раён Масквы.
«Я лічу гэта малаімаверным, наўрад ці Украіна нанясе такую паразу Расіі, што той не будзе чым абараняць Маскву. Дый у Расіі ёсць набор высокадакладнай зброі, якая дазволіць ёй выканаць шэраг баявых задач для паралізавання вайсковай і грамадзянскай інфраструктуры Украіны. Для ўсяго гэтага цалкам падыходзяць ракеты «Іскандэр», авіяцыйныя ракеты Х-101, «Кінжал».
Імавернасць прымянення Расіяй тактычных ядзерных боепрыпасаў існуе, але яна дастаткова малая, кажа Алесін.
Неабходна, каб саспеў шэраг умоў, пры якіх Расія павінна будзе пайсці на рызыку заражэння тэрыторыі, якую ўжо лічыць сваёй — той, якую яна забрала ва Украіны. А таксама на рызыку страты аўтарытэту ў сусветнай супольнасці, бо могуць быць ужытыя сур'ёзныя санкцыі — аж да выключэння з Рады бяспекі ААН», — тлумачыць ён.
Якія патэнцыйныя цэлі могуць стаць аб'ектамі ўдару ў гэтым крайнім выпадку? Гэта асабліва важныя аб'екты, напрыклад, пункты стратэгічнага кіравання, месцы засяроджвання войскаў, а таксама ўмацаваныя сховішчы, пускавыя шахты ракет.
«Што да Беларусі. Памятаю, што ў амерыканскіх газетах з'явілася інфармацыя, што падчас вучэнняў, якія праводзіліся НАТА пры Клінтане, планаваўся сцэнар нанясення паказальных ядзерных удараў па тэрыторыі Беларусі ў адказ на ўдар Расіі па краінах Балтыі. Меркавалася, што яны будуць нанесеныя па радыёлакацыйнай станцыі «Волга» ў раёне Ганцавіч і радыёстанцыі сувязі з падводнымі лодкамі, якія знаходзяцца на баявым дзяжурстве ў Атлантычным акіяне, у Вілейцы.
Многія лічылі, што шкоды ад гэтага дзеяння будзе больш для ЗША, чым Расіі. Але для Расійскай Федэрацыі гэтыя аб'екты ў Беларусі дастаткова важныя».
Алесін лічыць такі сцэнар зараз малаімаверным.
«Трэба сказаць, што калі ЗША нанясуць тактычны ядзерны ўдар па гэтых аб'ектах у Беларусі, то пачнецца глабальная ядзерная вайна. Таму што Расія адкажа па цэнтрах НАТА ці па ЗША», — кажа ён.
Але тэатр ваенных дзеянняў ва Украіне сапраўды да Беларусі блізкі, і, калі ядзерная зброя будзе ўжытая там, гэта сапраўды ўяўляе пагрозу і для нас.
«У нас ёсць супольныя басейны рэк. Не выключаны, канечне, перанос радыеактыўных рэчываў праз ваду, атмасферныя ападкі на тэрыторыю Беларусі ў выпадку ядзернага ўдару па Украіне. Больш за ўсё, як і пасля Чарнобыля, тады зноў пацерпяць раёны поўдня Беларусі, бо такая ружа вятроў.
У выпадку ядзернага выбуху з паверхні зямлі ўздымаецца вялікая колькасць глебы, якая становіцца радыеактыўным пылам. Акрамя таго, не ўсё ядзернае рэчыва рэагуе падчас выбуху. Яно распыляецца: і плутоній, і ўран. Усё, што не прарэагавала, дабаўляецца да ядзернага пылу. І на вышыні вецер можа перанесці гэта ў любы пункт, а там пасля яно можа выпасці ў якасці, напрыклад, радыеактыўнага дажджу», — падсумоўвае Алесін небяспекі, якія ўзнікаюць для Беларусі ў выпадку рашэння Масквы націснуць на ядзерную кнопку.
«У Беларусі няма такіх аб'ектаў, якія ўваходзяць у спіс цэляў ЗША на выпадак ядзернай вайны»
«Нягледзячы на ядзерныя пагрозы Пуціна, я па-ранейшаму лічу імавернасць ужывання Расіяй ядзернай зброі нізкай, — кажа Лукаш Кулеса.
—У гэтым малаімаверным сцэнары найбольш імавернае ўжыванне Расіяй ядзернай зброі не ў якасці зброі «поля бою» для нанясення вялікай колькасці ўдараў, а хутчэй як адзіночны паказальны ядзерны ўдар, каб спыніць баявыя дзеянні і прымусіць Украіну і Захад пайсці на перамовы».
Такі ўдар, імаверна, можа быць нанесены па ваеннай цэлі ўнутры Украіны, далёка ад межаў Беларусі і Расіі.
«Нанясенне ўдараў па цэлях унутры краін НАТА, напрыклад, Польшчы было б значна больш рызыкоўным, бо гэта прывядзе да ўдару ў адказ па Расіі, — мяркуе Кулеса.
— Рэжым Лукашэнкі ёсць саюзнікам Расіі і ўдзельнічае ў агрэсіі супраць Украіны, але я не бачу рэальна праўдападобнага сцэнара, пры якім Беларусь была б наўпрост атакаваная ядзернай зброяй.
Нават калі Беларусь возьме ўдзел у якім-небудзь расійскім нападзе на НАТА, у Беларусі няма такіх аб'ектаў, як пляцоўкі размяшчэння расійскіх міжкантынентальных балістычных ракет або базы стратэгічных бамбавікоў, якія ўваходзяць у спіс цэляў ЗША на выпадак ядзернай вайны.
Прасцей кажучы — у Беларусі няма нічога вайсковага (уключаючы расійскія базы), што трэба было б знішчаць ядзернай зброяй у выпадку вайны. Акрамя таго, ЗША і краіны НАТА сур'ёзна ставяцца да сваіх абавязацельстваў па міжнародным гуманітарным праве, якое ўключае дакладнае абавязацельства не наносіць удары па грамадзянскіх асобах або населеных пунктах», — тлумачыць ён.
Каментары
""
У выпадку ядзернага выбуху з паверхні зямлі ўздымаецца вялікая колькасць зямлі, якая становіцца радыеактыўным пылам.
""
Можа лепей "вялікая колькасць глебы", а то неяк вуха рэжа