МЗС Грузіі выдала заяву ў сувязі з візітам Лукашэнкі ў Абхазію, не называе яго «прэзідэнтам»
Міністэрства замежных спраў Грузіі асудзіла парушэнне Аляксандрам Лукашэнкам дзяржаўнай мяжы Грузіі падчас ягонай паездкі ў акупаваную Расіяй Абхазію. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве знешнепалітычнага ведамства.
«Міністэрства замежных спраў Грузіі выказвае глыбокую заклапочанасць у сувязі з паездкай Аляксандра Лукашэнкі ў акупаваную Расіяй Абхазію і сустрэчай з прадстаўнікамі расійскага акупацыйнага рэжыму ў Сухумі», — заявілі ў МЗС краіны.
У Грузіі паездку расцэньваюць як парушэнне дзяржаўнай мяжы.
«Міністэрства замежных спраў Грузіі асуджае парушэнне Аляксандрам Лукашэнкам дзяржаўнай мяжы Грузіі з яго так званым візітам у акупаваны рэгіён Абхазію, што груба парушае асноўныя прынцыпы і нормы міжнароднага права», — гаворыцца ў заяве.
Грузінскі бок заклікаў Беларусь паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі.
«Заклікаем беларускі бок паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць суверэннай дзяржавы ў яе міжнародна прызнаных межах і не прадпрымаць дзеянняў, якія супярэчаць асноватворным прынцыпам міжнароднага права», — адзначылі ў МЗС Грузіі.
Звяртае на сябе ўвагу тое, што ў заяве МЗС Грузіі не выкарыстоўваецца ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі тэрмін «прэзідэнт».
Прэзідэнт Грузіі Саломе Зурабішвілі таксама выказала абурэнне візітам Лукашэнкі ў Абхазію. Яна абвінаваціла яго ў парушэнні двухбаковых адносін і міжнароднага права:
«Я рашуча асуджаю візіт Аляксандра Лукашэнкі ў акупаваную Абхазію. Гэта недапушчальнае парушэнне закона Грузіі «Аб акупаваных тэрыторыях», нашых двухбаковых стасункаў і прынцыпаў міжнароднага права».
Каментары