«Газпрам» паведаміў, што ў яго ёсць прэтэнзіі да ўкраінскага аператара транзіту — кампаніі «Нафтагаз Украіны», і яны могуць выклікаць санкцыі, якія не дазволяць яму аплачваць транзіт, піша Бі-бі-сі.
Усё гэта таму, як піша карэспандэнт Рускай службы Бі-бі-сі Аляксей Калмыкаў, што «Нафтагаз» яшчэ ў маі адмовіўся прымаць расійскі газ праз газаразмеркавальны пункт «Сахранаўка»на акупаванай расейскай арміяй тэрыторыі Луганскай вобласці і прапанаваў «Газпраму» перакінуць усе транзітныя аб'ёмы на падкантрольны ўкраінцам другі пункт — «Суджа». Расійцы адмовіліся, украінцы звярнуліся ў арбітраж.
«Газпрам» у аўторак паведаміў, што калі «Нафтагаз» не адкліча пазоў, Крэмль увядзе санкцыі. «На практыцы гэта будзе азначаць забарону для «Газпрама» выконваць перад санкцыйнымі асобамі абавязацельствы па здзейсненых здзелках, уключаючы ажыццяўленне фінансавых аперацый», — гаворыцца ў паведамленні расійскага манапаліста.
У перакладзе на чалавечую мову: «Газпрам» перастае аплачваць транзіт праз Украіну. Не сам выключыць газ Еўропе, а пакіне ўкраінцам выбар: пампаваць бясплатна ці перакрываць трубу. Калі ўкраінскі транзіт спыніцца, газавая блакада Еўропы будзе амаль поўнай.
Вось як гэта выглядае на карце. «Паўночныя патокі» выключаныя і паламаныя, «Ямал-Еўропа» даўно не пампуе нічога з Расіі, а паўднёвая галінка ўкраінскага маршруту прастойвае з-за вышэйапісанай спрэчкі.
З усяго намаляванага ў выпадку адключэння транзіту праз Суджу прапампоўка будзе магчымая толькі праз Турцыю на поўдзень Еўропы.
Каментары