Фонд ААН падтрымаў беларускі стартап, прысвечаны тэме сталення падлеткаў
Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (UNFPA) падпісаў Мемарандум аб узаемаразуменні з праектам Intimatica, які дапамагае падлеткам, моладзі і іх бацькам проста і даступна атрымліваць дакладныя звесткі ў пытаннях рэпрадуктыўнага здароўя, паведаміў Marketing.by.
У Беларусі пакуль вельмі многія аспекты, звязаныя з палавым выхаваннем і рэпрадуктыўным здароўем, або табуяваныя, або знаходзяцца пад уплывам стэрэатыпаў, па якіх маладыя людзі не маюць магчымасці гаварыць пра гэта адкрыта.
«Такія мабільныя дадаткі, як Intimatica App, дапамогуць і бацькам, і маладым людзям атрымаць веды на ўмовах канфідэнцыйнасці, — кажа кіраўнік UNFPA ў Беларусі Вольга Атрошчанка. — У любога з нас ёсць рэчы, пра якія мы не гатовыя казаць адкрыта. Кансультацыі праз дадатак — гэта адзін з тых шляхоў, які дазволіць атрымліваць праўдзівую інфармацыю, заснаваную на фактах, правераную. І дасць магчымасць выкарыстоўваць яе так, каб не нашкодзіць ні сабе, ні блізкім.
Мы не можам не закрануць тых праблем, якія існуюць і ў нас, і ў іншых краінах: ВІЧ-інфекцыя, захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам, падлеткавая цяжарнасць, аборты. Што, як не доступ да інфармацыі, дапамогі, кансультацыі, можа дапамагчы ўсяго гэтага пазбегнуць?»
Дарэчы, у 2019 годзе ў Беларусі правялі «Шматіндыкатарнае кластарнае абследаванне для ацэнкі становішча дзяцей і жанчын». Яно паказала, што толькі 53% маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў дакладна ведаюць, якім чынам забяспечваць прафілактыку ВІЧ і СНІД, а таксама іншых захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам.
На жаль, гэта не такі добры паказчык. Мабільны дадатак і сайт, прысвечаныя палавому выхаванню, дапамогуць і маладым людзям, і іх бацькам павысіць узровень ведаў.
У Беларусі адна з глабальных праблем, якую можа вырашыць прадмет па палавым выхаванні, — гэта падлеткавая цяжарнасць.
Адсутнасць ведаў і недакладныя ўяўленні падлеткаў пра сродкі кантрацэпцыі разам з іншымі прычынамі спрыяюць павелічэнню выпадкаў непажаданай падлеткавай цяжарнасці і колькасці абортаў.
«Я вельмі ўдзячная сузаснавальнікам праекта Марыі Капыловай і Ульяне Спірковай за тое, што яны не пабаяліся ўзяцца за такую складаную тэму два гады таму, — адзначыла Аляксандра Свірыд, сузаснавальніца і СЕO Intimatica. — Цяпер у нас ёсць дадатак, сайт, практыка прыкладна з тысячай падлеткаў. Ёсць план працы на наступныя тры і пяць гадоў».
Intimatica з’яўляецца ўнікальным праектам на рынку Усходняй Еўропы, бо падае інфармацыю праз звыклыя для падлеткаў формы: відэа, мультфільмы. Праз мультыплікацыю можна проста тлумачыць складаныя рэчы.
Каментары