«Бег дарогай насарог і на розе нёс пірог». Новы дзіцячы верш Андрэя Скурко
Палітвязень-нашанівец Андрэй Скурко ў лісце да жонкі Паўліны прыслаў новы дзіцячы верш. Ён з цыклу «Вершаваны буквар» і прысвечаны літары «Н».
Паўліна Скурко, прэзентуючы верш, піша з усмешкай:
«Андрэй працуе над вершаваным букваром. «Гэты верш быў на літару Н, пакуль не выйшаў з-пад кантролю». Як думаеце, трэба яго неяк правіць? Я ў разгубленасці».
Бег дарогай насарог
Насарог праз лог спяшаўся,
Дзе надчэкваў васьміног.
Прапануе васьміног:
— А давай дзяліць пірог!
Мне кавалак трэба большы,
Бо я маю восем ног.
Не згадзіўся насарог:
— Я затое маю рог!
Ты не возьмеш і скарынкі,
Хоць бы меў і дзвесце ног!
Сталі біцца, а пірог
Пакаціўся ў мурог
І яго там з’елі мышы
(А хамяк ім дапамог).
Спадабаўся ім пірог:
У начынцы быў тварог,
Глог, клубніцы і ажыны
(А хамяк любіў гарох.)
Перш чым есці той пірог,
Размясцілі мышы ў блог.
Ім скідалі падабайкі
Чайкі, лайкі — усе, хто мог.
Гэтак страцілі пірог
Васьміног і насарог.
А пасля гарачай спрэчкі
Спаць з іх кожны нашча лёг.
Ім прысніўся васьмірог,
Васьмінос і раганог,
Што пароўну падзялілі
Смачны ягадны пірог.
А тым часам вершы Андрэя цяпер можна прачытаць і на паперы. Нядаўна выйшла кніга Андрэя Скурко «Пра сланоў і барсучкоў». У ёй 65 вершаў, на кожнай старонцы — яркія малюнкі, а ў канцы кнігі — QR-код, па якім можна глядзець гэтыя ж вершы ў мультфільмах.
Кніжка ў аправе (цвёрдая вокладка), на добрай паперы. Набыць можна самавывазам у Мінску, а таксама з дастаўкай па Беларусі і за мяжу.
Глядзіце, чытайце, вучыце вершы Андрэя, ды абдымайце адзін аднаго.
Каментары