Канцэрн «Белнафтахім» афіцыйна паведаміў, што павышэння цэнаў на запраўках «Беларуснафты» не было. Адпаведная заява апублікаваная ў тэлеграм-канале «Нафтахімія».
«У сувязі з паступаючымі пытаннямі аўтамабілістаў аб змяненні на АЗС «Беларуснафта» цаны на аўтамабільны бензін АІ-98 — К5, канцэрн «Белнафтахім» паведамляе, што суб'екты гаспадарання з улікам вынікаў іх дзейнасці, рэалізаванай стратэгіі продажаў і праграм лаяльнасці могуць рэалізоўваць маторнае паліва па цэнах, ніжэйшых за гранічныя максімальныя цэны, устаноўленыя канцэрнам «Белнафтахім», — гаворыцца ў паведамленні.
Як паведамляе тэлеграм-канал,
з 21 верасня бягучага года на інфармацыйных стэлах АЗС «Беларуснафта» была паказаная лімітная максімальная цана на аўтамабільны бензін АІ-98-К5, якая не змянялася з 28 чэрвеня 2022 года.
У той жа час раней паведамлялася, што на запраўках «Беларуснафты» рэзка падаражаў бензін. Падрос у цане толькі АІ-98, прычым адразу на 8 капеек. Пры гэтым, калі аплаціць наяўнымі або банкаўскай картай, кошт паліва для аўтаўладальнікаў заставаўся ранейшым, але са зніжкай у гэтыя самыя 8 капеек.
«Сапраўды, з 21 верасня гэты від паліва падаражэў. Але пры аплаце наяўнымі або банкаўскай картай прадастаўляецца зніжка ў памеры 8 капеек за літр АІ-98», — казаў аператар адной АЗС. Пры гэтым кіроўцы, якія жадалі расплаціцца за бензін паліўнай картай, скарыстацца зніжкай не маглі.
Што гэта было, канцэрн «Белнафтахім» у сваім каментарыі, як бачна, не растлумачыў.
Каментары