Правайдараў абавязалі абмяжоўваць доступ да «забароненых» інтэрнэт-рэсурсаў за некалькі гадзін
Аператыўна-аналітычны цэнтр (ААЦ) пры Лукашэнку выдаў пастанову, якой упарадкоўваецца працэдура блакавання непажаданых сайтаў. Калі раней пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг правяралі спіс абмежаванага доступу раз на суткі, то цяпер мусяць рабіць гэта кожныя тры гадзіны на працягу дня, піша Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Дакумент апублікаваны 23 верасня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, прычым пад ім змяшчаюцца подпісы кіраўнікоў адразу трох ведамстваў — начальніка ААЦ Андрэя Паўлючэнкі, міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана, міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова.
Удакладняецца, што пастанова ўступае ў сілу не адразу, а праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання — то-бок ад апошняй дэкады кастрычніка.
Дакументам, у прыватнасці, вызначана, што цяпер да спісу абмежаванага доступу — туды ўносяцца ўсе інтэрнэт-рэсурсы, якія трапілі пад абмежаванні — маюць доступ не толькі Міністэрства сувязі, Міністэрства інфармацыі, КДБ, МУС, КДК ды іншыя сілавікі, але і ўладальнікі навінавых агрэгатараў.
Згодна з пастановай, істотна скарачаецца час рэагавання на прызнаных кампетентнымі органамі рознага кшталту «экстрэмістаў».
Так, пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг — правайдары і мабільныя аператары — абавязаныя на працягу чатырох гадзін ад моманту ўключэння ў спіс «забароненых» абмежаваць доступ да канкрэтнага інтэрнэт-рэсурсу.
Іншымі словамі, калі раней яны павінны былі правяраць базу толькі раз на суткі, то цяпер іх абавязалі рабіць гэта кожныя тры гадзіны ў перыяд з 9.30 раніцы да 21.30 вечара.
Ад пачатку татальнай зачысткі грамадзянскай супольнасці па слядах мірных акцый 2020 года ў «экстрэмісцкія спісы» трапілі дзясяткі найменняў інфармацыйнай прадукцыі.
Так, «экстрэмісцкімі фармаваннямі» ў Беларусі прызнаныя звыш 80-ці СМІ, телеграм-каналаў, абʼяднанняў і фондаў.
Спіс у адкрытым доступе выкладзены на сайце МУС. Прысваенне такога статуса адвольнае і не мае нейкай сістэмнасці — каб яго атрымаць, дастаткова проста не ўпісвацца ў ідэалогію рэжыму і быць актыўным у сваёй галіне.
Што да колькасці носьбітаў «экстрэмісцкіх матэрыялаў», дык яна яшчэ большая — ужо далёка перасягнула сотню, пра што сведчыць абноўленая «база» на сайце Міністэрства інфармацыі. А калі зазірнуць далей за посттраўматычны 2020-ты, дык агулам «чорны спіс» перавышае 1000 пазіцый.
Каментары