Сумняваецеся наконт прышчэпкі ад грыпу? Ëсць яшчэ адна падстава зрабіць яе
Абарона ад грыпу — не адзіная прычына атрымаць супрацьгрыпозную вакцыну. Нядаўна вучоныя высветлілі, што такая прышчэпка, хутчэй за ўсё, абараняе яшчэ ад адной небяспечнай праблемы.
У выданні American Academy of Neurology Journal выйшла праца, якая сведчыць: у тых, хто прышчапляецца ад грыпу, радзей здараецца інсульт. Гаворка пра самы часты від інсульту — ішэмічны, на які прыходзіцца 87% усіх інсультаў, піша Huffpost.
Каб высветліць гэта, навукоўцы на працягу 14 гадоў прасачылі лёс 14322 жыхароў Іспаніі, у якіх быў інсульт, і параўналі кожнага з іх з пяццю іншымі людзьмі, якія не мелі такі дыягназ. Таксама даследчыкі параўналі даты інсульту і даты, калі гэтыя людзі атрымлівалі прышчэпку ад грыпу, каб высветліць, ці не праходзілі яны праз вакцынацыю як мінімум за два тыдні да інсульту.
Аказалася, што тыя, хто атрымаў сваю штогадовую прышчэпку ад грыпу, на 12% радзей мелі інсульт, чым тыя, хто не прайшоў праз вакцынацыю.
Вучоныя пакуль не ведаюць дакладна, у чым прычына такой залежнасці, але маюць некалькі тэорый. Напрыклад, мінулыя даследаванні сведчаць, што вакцынацыя ад грыпу можа паніжаць узровень медыятараў запалення — рэчываў, якія ініцыююць і падтрымліваюць усе запаленчыя з’явы ў арганізме. Таксама існуюць даныя, што павышаны ўзровень запалення ў арганізме павышае рызыку інсульту.
Новая праца мае абмежаванні: напрыклад, вучоныя не сачылі за харчаваннем і ўзроўнем фізічнай нагрузкі ў удзельнікаў даследавання. Магчыма, тыя, хто атрымлівае вакцыну, проста вядуць больш здаровы лад жыцця і таму маюць меншую рызыку інсульту.
Каментары