Грамадства11

Уладальнік гродзенскай этнакрамы «Цудоўня»: Будучыня — будзе, пакуль мы яе будуем

Часопіс ALOVAK пагутарыў з уладальнікам гродзенскай этна-крамы «Цудоўня» Андрэем Несцяровічам пра стварэнне крамы, культурны кластар на Кірава, 3, пераезды з памяшкання ў памяшканне, падыходы да асартыменту і розныя аспекты творчага бізнэсу.

Фота: крама «Цудоўня»

Авантурны пачатак

— Андрэй, раскажыце, як вы 7 гадоў таму адкрылі разам з партнёрамі «Краму Ц» і што за гэты перыяд змянілася?

Гэта была тая яшчэ авантура. З Уладзем Яроменкам мы займаліся праектам «Радыё пірат» — гэткі цыкл музычных псеўдарадыёперадач. Мы рэалізоўвалі свае падлеткавыя мары наконт асабістай радыёстанцыі, дурэлі, займаліся лухтой. Але гэта быў праект, які нас зрабіў сябрамі і да таго — зрабіў з нас каманду.

З Антосем Янкоўскім нас паяднала прыналежнасць да беларускай этнасуполкі.

Тры розныя бачанні, тры розныя сферы, тры розныя праекты, якія не канкуравалі ні ў чым, але ўзаемадапаўняліся: крама-клуб настольных гульняў «Кубік», крама экамэблі «33 камоды» і наша «Цудоўня». І збольшага мы ўсе былі дастаткова адэкватныя, каб вырашаць усе побытавыя праблемы, якія ўзнікалі на працягу сумеснай працы пад адным дахам. Гэта была настолькі ўдалая партыя, што мяняліся толькі памяшканні. Мы вырасталі з аднога і перабіраліся ў іншае. Так было да моманту, калі з «Цудоўняй» скасавалі дамову арэнды.

Так ці іначай, раней ці пазней, нам усё адно давялося б раздзяляцца, бо стала цесна ў адным памяшканні.

Мы выраслі, пасталелі за гэтыя гады. Але, хоць фізічна на сённяшні дзень мы не разам, усе засталіся ў добрых адносінах і працягваем узаемадзейнічаць як тры незалежныя праекты.

Цудоўня святкуе 5 гадоў

— Вы казалі, што стварэнне крамы было спантаннай ідэяй, што «з шалёнымі грашыма ў 10 рублёў усё і пачалося». Гучыць файна! Але наколькі магчыма насамрэч з такімі малымі інвестыцыямі адкрыць сваю краму?

Настолькі ж файна, як і шалёна! Гэта быў 2015 год. Крызіс, абвал валюты, Крым. Найспрыяльнейшы час, каб без грошай, досведу, каманды, разумення юрыдычных аспектаў распачынаць справу ў такім «высокапрыбытковым» сегменце, як беларускае рамяство і культура.

Але найбольш спрыяльным чыннікам быў дух авантурызму. І жаданне зрабіць па-свойму. «Цудоўня» нарадзілася з таго, што мы любілі і хацелі даць людзям, з бачання, ідэі і ідэалаў. Мы працавалі і працуем з людзьмі і для людзей. А з людзьмі заўжды можна дамаўляцца. І табе будуць ісці насустрач.

Ну і, канешне, ратавала тое, што нас было трое. Было каму прыкрыць спіну, як што, закрыць запазычанасць па арэндзе, калі выручкі прасядалі, прыглядзець за крамай, пакуль па справах ад’едзеш ці захварэеш. На старце гэта дало вельмі шмат. Паасобку мы б не выцягнулі. Ніводзін з нас.

Бясконцыя пераезды

— Раскажыце пра вашы пераезды з памяшкання ў памяшканне. Ці лёгка яны вам даліся?

Першы пераезд адбыўся гэтак жа нечакана, як і нашае адкрыццё. Прыйшоў уласнік з суседняга будынку і сказаў: «У мяне тут памяшканне вызвалілася — не хочаце зірнуць?» Пераязджаць мы асабліва не хацелі, усё-ткі рамонт рабілі пад сябе, дый сантыментаў з той кропкай звязана было шмат, але памяшканне было на нас траіх замалое, і гэта пачало адчувацца амаль адразу. Мы прыйшлі, зірнулі, пераглянуліся… І нават не пераехалі. Перайшлі!

Новае памяшканне значна саступала ў эстэтыцы і ўтульнасці, але яно было прасторнейшым, і гэта стала вызначальным. Хаця з папярэднім адышлі ў небыццё і барная стойка з кава-машынай, і мапа ВКЛ 1613 года ва ўсю сцяну, намаляваная ўручную знаёмымі мастачкамі, і усе нашыя дызайнерскія рашэнні.

Андрэй Несцяровіч

Другі раз перасяленне адбылося ў 2018 годзе, калі якраз завяршалася рэканструкцыя будынка на Кірава, 3. Неяк мы з Уладзем, уласнікам «33 камодаў», стаялі ва ўнутраным дворыку гэтага будынка — зіма была, завіруха вакол! А ў дворыку так ціха і ўтульна, сняжынкі ціхенька зверху падаюць… І мы паміж сабой разважаем: «А добра было б сюды перабрацца». Так і склалася. 15 сакавіка 2018 года мы адкрыліся на новым месцы.

Тут ужо можна было разгарнуцца, бо наяўнасць дворыка дала магчымасць ладзіць разнастайныя імпрэзы. І ўсё па-беларуску. Гэта стаўся сапраўдны беларускі культурніцкі цэнтр.

Лік праведзеных імпрэзаў намі ўсімі разам за два гады хіба пераваліў за сотню. І мо істотна пераваліў, бо, бывала, у трох памяшканнях адначасна быў варушняк. Часам мы проста раскідвалі імпрэзы ў часе і ладзілі цікаўным праграму выходнага дня, калі людзі па сканчэнні мерапрыемства проста перамяшчаліся з аднога памяшкання ў другое, а потым яшчэ і фінал у дворыку мелі.

А потым было рознае… Пра ўсё і не раскажаш. У нейкі момант «Цудоўні» давялося шукаць сабе новы дом. Тыдні тры мы віселі ў паветры. Смеючыся, узгадваю, што знайшлі мы яго ў суседнім будынку, праўда, далёка не адразу. На другім паверсе, куды людзей трэба было з вуліцы мала не за ручку даводзіць. Але мы ўтрымаліся нават у гэтых умовах. Людзі, зноў жа, дапамаглі. Тыя, хто нас ведаў і любіў, засталіся з намі, знаходзілі, пісалі, тэлефанавалі — і завітвалі.

Дзякуючы нашым пакупнікам, мы выжылі і ні на дзень не спынілі сваёй дзейнасці.

Але праз пару месяцаў стала зразумела, што так мы доўга не працягнем, таму мы вярнуліся на Кірава, 3, арандаваўшы іншае памяшканне ў тым жа будынку. І вось ужо другі свой дзень народзінаў мы адзначаем тут.

— Узгадайце самыя яскравыя падзеі, якія адбываліся ў гэтым дворыку.

Вылучу два літаратурныя фестывалі «Пера-к-лад», бясплатнае кіно на вольным паветры, і, як правіла, да кіно далучаўся выступ жывых музыкаў, аднойчы ў нас нават граў сапраўдны дудар з Шатландыі! Выдатны дзіцячы фестывальчык «Па гэтым хачу крочыць», які ўтварыўся з конкурса малюнкаў на асфальце.

З нашых кніжных прэзентацый і гістарычных лекцый наагул можна было б універсітэцкі курс стварыць! Цыкл лекцый пра сэксуальную культуру з Наталляй Сліж, лекцыі з лірычнымі адступленнямі ад Генадзя Сяменчука, канцэрты Яўгена Барышнікава, якія можна было параўнаць з камерным беларускім псіхадэлік-арт-рокам. Пасля першага, памятаю, людзі выходзілі і размаўлялі шэптам, каб не парушыць атмасферу, каб не разбурыць чараўніцтва і не выштурхнуць з трансу тых, хто ў яго пагрузіўся.

Кожная імпрэза — запамінальная. Нават сумесны прагляд цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч чаго варты! Непараўнальны цыкл лекцый Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі», калі на працягу чатырох гадзін мы спазнавалі культуру праз прызму каларыстыкі…

Колькі ўсяго было ды колькі яшчэ будзе. Мы вучымся, сталеем, выходзім на новы ўзровень якасці. Далей — будзе. І з кожным годам — лепей.

Канцэпцыя: актуальнае і запатрабаванае беларускае рамяство

— «Цудоўня» пачыналася з продажу рамесных вырабаў з Сярэднявечча, этна-вырабаў. Цяпер у вашым асартыменце багата рэчаў, выкананых у сучаснай стылістыцы. Раскажыце, як мянялася «Цудоўня» і вы разам з ёю.

Хацелася беларусам паказаць крутасць і адметнасць здабыткаў нашай культуры. Зрабіць гэткі інтэрактыўны музейчык, дзе кожны экспанат расказвае частку гісторыі краіны і можа дастацца таму, хто ягонай гісторыяй зацікавіцца.

Усё пачыналася з сярэднявеччыны банальна таму, што я шмат гадоў круціўся ў коле рэканструктараў і збольшага арыентаваўся ў тэме. Бачыў на ўласныя вочы, як рэплікі археалагічных знаходак могуць прымяняцца ў штодзённым жыцці, бачыў багацце іх формаў і функцый, бачыў, як яны робяцца. Потым мне прыадчыніла свае дзверы этнаграфія, і стала зразумела, што не адным Сярэднявеччам… А пасля да мінуўшчыны далучылася сучаснасць, і я ўсвядоміў, што ўся гісторыя — адное цэлае і што сучаснасць таксама некалі апынецца ў гісторыі. І ўсё склалася ў агульную карціну, якую мы і намагаемся дэманстраваць наведнікам.

Сённяшняя наша галоўная тэза: рамяство як культурны феномен жывое тады, калі актуальнае і запатрабаванае. Але апроч нейкай утылітарнасці, якая робіць якраз запатрабаваным рамяство, мусяць захоўвацца і ягоныя адметнасці, характэрныя для рэгіёна. Адначасна, усё, што можна памацаць, на што паглядзець і што пачытаць — гэта здабыткі культуры, і, каб мець права звацца культурным чалавекам, трэба быць з гэтым усім знаёмым.

Рабіць жыхароў Беларусі носьбітамі беларускай культуры і ёсць наша задача.

Завушніцы ад Цудоўні, выкананыя па матывах беларускага наіўнага мастацтва

— Многія майстры ствараюць вырабы з традыцыйных матэрыялаў, як гэта рабілі нашы продкі, не ўпісваючы іх у сучаснае жыццё, не дадаючы ўласнага творчага бачання. На вашу думку, ці трэба майстрам браць традыцыі ў свае рукі і на яе аснове ствараць сучасныя і стылёвыя рэчы?

Па-першае, не многія. Прагрэс і тэхналогіі шчасліва дабраліся нават да паўмёртвых вёсачак. Майстры, як і раней, насамрэч, робяць ці тое, чым карыстаюцца самі, ці тое, што можна прадаць. То бок, рамяство залежыць ад попыту і патрэбаў. Ну, яшчэ, натуральна, ад навыкаў і магчымасці забяспечыць сябе сучаснымі інструментамі і прыладамі працы.

Ганчары не круцяць цяпер гаршчкі на коле з ручным прывадам, «як дзяды рабілі». Майстры па дрэве радасна карыстаюцца, апроч ручных стамесак, цыркуляркамі «Макіта» і фрэзерамі «Бош». Зерне для лялькі-зернавушкі купляецца ў бліжэйшай краме, як і тканіна, ніткі. Нават салому на капялюш можна набыць, што шмат хто і робіць. Гліна для керамістаў — іспанская, французская, нямецкая, расійская, украінская.

Таму не трэба думаць, што беларускі майстар — гэта дзядочак, які ходзіць у бліжэйшы лясочак, зразае там пруточак і з таго пруточку робіць савочак. Гэта збольшага цалкам сабе сучасныя і часта маладыя людзі, якія выдатна карыстаюцца інтэрнэтам, удзельнічаюць у семінарах, пленэрах, пастаянна вучацца. Ёсць выключэнні, але іх не тое, каб вельмі шмат.

Як рабілі продкі — рабілі продкі. Мы робім — як мы робім. Я пра пакаленні. Тыя ж, хто робіць «паводле канона» — часцей робіць так хутчэй з пункту гледжання маркетынгу. Бо гэта ж фішка. І пад такім соусам рэч можна прадаць — і прадаць дорага.

Па-другое, выраб, прызначаны для продажу, заўжды будзе арыентаваны на мэтавую аўдыторыю ці на канкрэтную задачу (асобны выпадак — экспанаты для выставаў і музеяў). Таму, кошык для бульбы робіцца «традыцыйна», бо чаго там мяняць? Эрганоміку ручкі дапрацоўваць? А вось павук саламяны — заўжды аўтарская мастацкая аздоба, аднолькавых не знойдзеш.

— Ці заўважылі вы змену ў грамадстве за гэтыя 7 гадоў — у стаўленні як да ручной работы, так і да беларускай культуры?

Скажам так, грамадства за гэтыя гады стала да беларускасці шмат больш лаяльнае, чым сем гадоў таму. Проста беларусы ў шырокім сэнсе — народ даволі высокага ўзроўню культуры, людзям патрэбнае і духоўнае насычэнне, таму на нашу прапанову і існуе попыт. А чым далей, тым болей тых, каму трэба «нешта большае», і важна, каб гэта было сваім. Паступова расце кола нашых пастаянных наведнікаў, хоць апошнім часам, натуральна, кола гэтае рэзка звузілася. Але як мы займаемся менавіта чалавечым у чалавеках — чалавечныя да нас у асноўным і даходзяць, а дайшоўшы — застаюцца з намі.

Вырабы і іх пошукі

— Неяк вы распавядалі, што па вырабы адной керамісткі ездзілі да яе ў вёску пад Нясвіж. Вы дагэтуль ездзіце і збіраеце ўнікальныя вырабы майстроў па ўсёй Беларусі?

Ды не толькі пад Нясвіж! Езджу і ў Берасце, і ў Смаргонь, а нядаўна ў нас з’явілася майстарка са Шчучына. У Менск — наагул у свой час штотыдзень ездзілі. На кірмашы ды выставы імкнуліся трапляць. Лагічна, што калі шмат майстроў у адным месцы — карысці больш, затратаў менш.

Але ў большасці сваіх майстроў мы гасцявалі, бывалі ў іхніх майстэрнях і разам тусілі. У некаторых і ночыць даводзілася. Заўжды хочацца ведаць чалавека, чые работы прапануеш людзям. Дый разумець сам працэс таксама цікава.

Мы ж і самі вучымся, спазнаем свет. Праз рамесныя тэхнікі і іх разуменне новыя далягляды асабістага развіцця адкрываюцца. А мы ж настолькі ўсе цікаўныя да свету і жыцця!

Яшчэ даўно марым пра больш глыбокія пошукі. Насамрэч, у Беларусі шалёная колькасць майстроў, асабліва старой школы, якіх не сустрэнеш на выставах і кірмашах, апроч лакальных. І вось дзеля пошуку такіх майстроў мы напраўду хочам зладзіць экспедыцыю. Пажадана — не адну.

Але тут і грошай трэба мець нямала, бо некаторыя старэйшыя майстры банкаўскай карткай не карыстаюцца, адпаведна, трэба выкупаць рэчы. Але маральна рыхтуемся, бо гэта — вялізарны пласт рамяства, які да вялікіх гарадоў амаль не даходзіць.

— Якія вырабы пакупнікі набываюць найлепш?

Тыя, якія ім найлепш будуць пададзеныя! Вырабы самі сябе не прадаюць. Гэта робім мы, цудоўнікі! І ў кожнага з нас ёсць свае прыхільнасці. Таму ў залежнасці ад таго, хто з нас у канкрэтнай сітуацыі пасярэднічае паміж майстрам і пакупніком, і рэчы прадаюцца розныя. Часта чалавек спачатку слухае наш расповед і купляе тое, расповед пра што яму найбольш спадабаўся. Ну, асобным блокам стаяць утылітарныя прыгожыя рэчы, накшталт посуду ці аксэсуараў, жаночыя ўпрыгожванні.

Яшчэ нейкая трэндавасць назіраецца. Напрыклад, быў перыяд, калі прадавалася вельмі шмат нататнікаў са скуранымі ці драўлянымі вокладкамі. Праз нейкі час яны фактычна перасталі карыстацца папулярнасцю. Быў перыяд — людзі набывалі адносна простыя і недарагія ўпрыгожванні з латуні, цяпер, нягледзячы на складаныя часы, лепш прадаюцца даражэйшыя і больш складаныя работы, блізкія да твораў мастацтва. Нязменнай папулярнасцю карыстаецца посуд, асабліва кубкі ўсіх формаў і памераў. Вось гэта хіба на працягу ўсіх гадоў нязменна. І тут ужо справа густу, а густы ва ўсіх розныя.

— Акрамя вырабаў беларускіх майстроў у «Цудоўні» можна знайсці і рэчы, якія прыдумалі самі цудоўнікі. Раскажыце пра самыя цікавыя з іх.

Мы шмат чаго рабілі і запускалі ў свет. Напрыклад, пару гадоў таму зрабілі ў маштабе копію цаглінкі з клеймом-калюмнамі XIV ст., якую знайшлі археолагі падчас раскопак на старым замку. Прымацавалі да яе магніцік, зрабілі «пашпарт». Атрымаўся непапсовы гарадзенскі сувенір.

Іншы праект — «КоТ Гародні» — набор паштовак з гарадзенскімі архітэктурнымі славутасцямі з мілымі коцікамі ў ролі ключавых персанажаў. А канцэпт круціцца вакол «У кожнага месца ёсць культурны коД. А як у Гародні шмат гісторыкаў, кавалёў ды катоў, менавіта коТ Гародні з’яўляецца захавальнікам таго самага коДу. І гатовы падзяліцца ведамі з тымі, каму тое цікава.

Яшчэ адзін існы праект — «Міфы Беларусі»— пра побытавых міфалагічных персанажаў. Ключавая асаблівасць — мы спрабуем падаць гэтых персанажаў максімальна спраўджана, блізка да тэксту з крыніц. То бок, павольна ствараем гэткую энцыклапедыю беларускіх нячысцікаў у форме паштовак, брошак-значыкаў і цішотак з іх выявамі.

Вельмі цікавым праектам лічу «Вокны Гародні».Гэта спроба перанесці ў інтэр’ер сучаснага жытла элементы аздобы ўнікальных гарадзенскіх будынкаў. Асабліва з улікам таго, што шмат якім з іх пагражае зруйнаванне часам ці бульдозерам, праект лічу вельмі важным, таму была б не лішняя і фінансавая падтрымка з боку неабыякавых да тэмы людзей. Першая ластаўка тут — паменшаная копія вакна гарадзенскага «Дома з цмокамі», зробленая як настольнае невялікае люстэрка. На працоўным стале ў майстэрні ляжыць першая спроба зрабіць гэтае люстэрка яшчэ і вялікім насценным. А ў перспектыве плануем цэлую серыю вокнаў з розных будынкаў.

Цікавы і часова замарожаны за адсутнасцю вытворчых і фінансавых магчымасцяў праект па інтэграцыі элементаў народнага строю ў сучаснае адзенне. Мы зрабілі пару стартавых мадэляў, але далей справа пакуль не пайшла.

Каманда творцаў

— Якія эксперыменты за час працы «Цудоўні» ўзгадаеце?

Ды ўсё існаванне «Цудоўні» — адзін бясконцы шэраг эксперыментаў. Мы працуем як крама, як пляцоўка для імпрэзаў, як арганізатары і суарганізатары, удзельнікі і ініцыятары, у нас пастаянна змяняюцца майстры, мы прамацваем новыя кірункі ў асартыменце і агульнай дзейнасці, запускаем праекты і чэленджы, спрабуем піліць навукова-папулярны кантэнт для ютубу і тыктоку, робім рэчы сваімі рукамі. Пачалі рабіць «мікра-выставы» з невялікай колькасцю экспанатаў на невялікай плошчы, але з магчымасцю весці дыскусіі на тэму тых самых экспанатаў.

Падумваю над рэалізацыяй даволі пацешнай ідэі «капкросінга». Калі ёсць буккросінг, завязаны на абмене кніжкамі, то чаму б не запусціць фішку з абменам класнымі незвычайнымі кубачкамі? У кожнага ж стаіць прывезены адкуль-небудзь незвычайны кубак, якім, як правіла, чалавек не карыстаецца. Чаму б яго не памяняць на не менш цікавы, прывезены некім іншым невядома адкуль?

Агулам, калі зняць нашыя стабільныя фінансавыя праблемы, то кожны дзень непадобны да іншага, маса ідэй у чарзе на рэалізацыю, маса дробных праектаў на розных этапах выканання — і ўсё гэта жыве, варушыцца, булькае і ніхто, нават я сам, не ведае, што мы паспрабуем учыніць праз месяц.

Уся каманда — творчыя людзі. А канцэпт «Цудоўні» пабудаваны так, каб, захоўваючы аснову, мець магчымасць «навешваць» на яе ўсё, што народзяць нашыя фантазіі.

— Раскажыце пра цудоўнікаў — людзей, якія працавалі раней і працуюць цяпер у «Цудоўні».

Спадзяюся, ніхто з былых і дзейных цудоўнікаў не пакрыўдзіцца, калі я скажу, што «нармальных» сярод нас не было (не улічваючы майстроў, бо яны — асобная тэма). Іх «ненармальнасць» я разглядаю ў выключна станоўчым кантэксце, бо «нармальныя» — збольшага, карыстальнікі.

Уся ж гісторыя «Цудоўні» — гэта гісторыя творцаў.

Натуральна, усе гэтыя людзі — вельмі розныя, з цікавым, як правіла, няпростым жыццёвым шляхам і асабістай гісторыяй. І, насамрэч, пра кожнага з іх можна асобны матэрыял рабіць. І ўсім ім я вельмі ўдзячны за той час, што мы прапрацавалі разам.

Ля вытокаў стаялі мы з Надзеяй, якая пераехала ў Горадню з Менска і памяняла працу ў тамтэйшым выдавецтве на наш авантурны праект. Дарэчы, назву «Цудоўня», здаецца, прыдумала яна. Ідэю вужынага караля, які стаў нашым сімвалам і эмблемай, мы прыдумалі таксама разам з ёй. І яна — напачатку адзіная паплечніца, якая трывала ўсе аплявухі, што прыляталі па праекце ў першы і найбольш складаны год ягонага існавання.

Пазней з’явіўся Антось, малады беларускамоўны панк, якога я проста падчапіў на вуліцы словамі «малы, справа ёсць, зайдзі пагаварыць». Ён і зайшоў. Так гадоў на пяць з намі і застаўся. І на маіх вачах адбывалася трансфармацыя панка з замашкамі ў малодога інтэлігента ад беларускай культуры. Сышоў ён ад нас ажно ў 2021 годзе, дасягнуўшы планкі асабістага развіцця і выправіўся ў самастойны шлях.

За Антосем прыйшоў Аляксей, зусім малады аўтар ютуб-канала па беларускай гісторыі. З агнём у вачах і жаданнем зарабіць грошай. Які ён быў прадажнік! Умеў так падысці да чалавека, што той набываў нешта ў 90% выпадкаў. Пры гэтым — вельмі тактоўны, далікатны, нават арыстакратычны хлопец. Ягоны далейшы шлях праклаўся у менскую ІТ-кампанію.

Рэзка і мэтаскіравана прыйшла да нас Яна, студэнтка-медык, з якой мы пазнаёміліся падчас удзелу ў летніку па добраўладкаванні маёнтка Храптовічаў у Шчорсах. Пасля сканчэння таго летніка Яна прыйшла з канкрэтнай прапановай: «мне патрэбная падпрацоўка, я хачу ў вас працаваць». Натуральна, ейная напорыстасць падкупіла нас — і ў той жа дзень каманда папоўнілася новым чалавекам! Цалкам рускамоўная, але вельмі адказная і ўпартая, ужо праз пару дзён гэтая дзяўчына размаўляла па-беларуску, рабіла сторыз для інстаграма, сходу праяўляла ініцыятыву. Спалучалася гэта з перфекцыянізмам і вельмі высокімі патрабаваннямі да сябе. На жаль, падчас першай хвалі каранавірусу Яна вымушаная была нас пакінуць.

Нельга не згадаць Касю, яшчэ адну Надзею, Васіля, яшчэ аднога Антося, Дзіяну, якія ў цяжкія часы дапамагалі нам, укладаліся сваім часам, здольнасцю, творчасцю, рукамі. Часта — за «дзякуй».

Сёння каманда налічвае пяць чалавек. Гэта непасрэдна я, Алёна, Канстанцыя, Стэфан і Даша. Апошнія двое — маладыя творчыя энтузіясты-авантурысты, якія зноў жа з’явіліся ў крытычны момант, удыхнулі свежае паветра і прынеслі з сабой пачак новых ідэй. Канстанцыя — выдатная фатографка і ілюстратарка, большая частка візуалу «Цудоўні» і амаль увесь наш відэакантэнт — вынік ейных намаганняў. Алёна — мастачка і генератарка ідэй, а таксама галоўны наш анлайнер, дзякуючы каму наш твар у сеціве чысценькі, прыгожанькі і цікавенькі.

Ну і я, дзякуючы чыёй упартасці і веры ў вартасць і каштоўнасць нашай справы, «Цудоўня» адзначыла ўжо свой сёмы дзень народзінаў.

Цяжкасці і радасці

— Якія цяжкасці перажывала «Цудоўня» за 7 гадоў існавання?

Вой, тут як у Эдгара Керэта, сем добрых гадоў. Добрых, але цяжкіх.

Мы стварылі «бізнэс» у малапрыбытковай сферы, ды яшчэ скіравалі справу на якасць і «трушнасць», а не на хайп і маскульт.

Перманентная складанасць — фінансавая. Грошай не было напачатку, няма іх і цяпер. Мы фактычна самі стварылі сабе рынак, збіралі аўдыторыю, перманентна займаемся тым, каб людзі бачылі і пачыналі цікавіцца тым, што мы робім. Наша задача — гэткі тэраформінг глебы постсавецкай культуры ў культуру сучаснабеларускую. Гэта — апрыёры складаная задача, але з сапраўды доўгатэрміновымі вынікамі. Таму мы штодзень, змагаючыся за выжыванне, вучымся рабіць сваю справу лепей і эфектыўней. І ў нас атрымліваецца.

— А якія радасці былі за ўвесь гэты час? Узгадайце самыя запамінальныя.

Вой, ды радасцяў бясконцае мноства. Асабіста для мяне — радасць ад кожнага разу, калі я, адпускаючы чалавека, разумею, што мы нешта яму далі, штось расказалі, над чымсьці прымусілі задумацца. Што чалавек сышоў не пусты, нават нічога не набыўшы. І гэта — самая стабільная радасць на працягу ўсіх сямі гадоў.

Радасць ад кожнага праекта, ад таго, што працуеш з выдатнымі людзьмі. Ад дня з добрымі выручкамі, бо разумееш, што ты не проста прадаў рэчаў на нейкую суму, а што дапамог майстрам і кніжнікам. Ад таго, што людзі пайшлі ад цябе з добрымі рэчамі і эмоцыямі.

Калі любіш тое, што робіш, штодзень знаходзіцца, чаму парадавацца.

— Вы казалі ў адным са сваіх інтэрв’ю (2018 г): «Цяжка назваць гэта працай — я кайфую!» Ці засталіся такія самыя пачуцці цяпер?

Так. Бо ад любімага занятка — кайфуеш, як бы цяжка не было. А калі дадаецца разуменне і адчуванне важнасці і карыснасці тваёй справы — гэта дае тую маральную падтрымку, якая нават у найпаганейшыя часы дазваляе не вешаць нос ды не апускаць рукі.

— Як глядзіце на будучыню «Цудоўні»? Ці шмат у вас аптымізму?

Я ніколі не быў аптымістам. Будучыня — будзе, пакуль мы яе будуем. А што ў нас атрымаецца — шмат ад чаго залежыць. Не толькі ад нас і нашых высілкаў і намаганняў. А час цяпер такі, што загадваць наагул складана. Мы ў кожным разе будуем тую будучыню для сябе і для «Цудоўні».

Бо мы — і ёсць «Цудоўня». Не месца. Не рэчы. Мы.

Вось якая ў нас будучыня будзе — такая і ў нашай справы.

— Ці ёсць у вас рэцэпты, як працягваць верыць у лепшае, жыць тут і цяпер, рабіць тое, што можаш?

Лепшае — гэта не нешта звонку. Лепшае — заўжды ўнутры. Цяжка згубіць веру ў тое, што ўнутры. Бо яно проста ёсць. Дзе б ты ні быў. Што б ні рабіў. Ну і мо параю чытаць не адно навінавыя стужкі, бо «глядзі ў вакно, а не ў тэлевізар» — слушна і наконт планшэта і смартфона. І калі вам пашчасціла выжыць (а як вы чытаеце гэта — вам пашчасціла), а вакол вас таксама ёсць тыя, хто выжыў (а яны, імаверна, ёсць) — ад вас залежыць, чым вы разам будзеце дыхаць і што рабіць.

Каментары1

  • За дакладнасьць !
    14.09.2022
    Жыцьцё працягваецца, калі яму гэта дазволіць. Гэтак больш дакладна.

Удзельніка «X-фактара» арыштавалі за палітыку — хутка будзе суд

Удзельніка «X-фактара» арыштавалі за палітыку — хутка будзе суд

Усе навіны →
Усе навіны

У Іране Нобелеўскую лаўрэатку адпусцілі з турмы на 21 дзень. Палітзняволеная адбывае велізарны тэрмін

Мінчанка спрабавала выкупіць у скуралупа свайго сабаку і перавяла аферыстам больш за 800 рублёў1

«Чалавек 500 мінімум стаіць». Мінчукі выстраіліся ў гіганцкую чаргу, каб бясплатна пакатацца на каньках10

Вайсковаму аналітыку Ягору Лебядку збіраюцца ўзмацніць пакаранне

Хлопец, якога абвінавачваюць у згвалтаванні і забойстве беларускі ў Варшаве, прызнаў віну часткова1

Рыбак зачапіў вудай ЛЭП і памёр ад удару токам. Удава запрасіла велізарную кампенсацыю і адсудзіла добрыя грошы2

Жонка кандыдата ў прэзідэнты Польшчы нарадзіла ў 17 гадоў1

«Амбасада Беларусі парасла травой. Але Нацгвардыя ўсё яшчэ там патрулюе». Беларус расказаў пра тыдзень у Кіеве4

Полк Каліноўскага абвясціў калядную акцыю для дзяцей загінулых ваяроў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Удзельніка «X-фактара» арыштавалі за палітыку — хутка будзе суд

Удзельніка «X-фактара» арыштавалі за палітыку — хутка будзе суд

Галоўнае
Усе навіны →