Гісторыя8

«У нас мову адабралі, дык хай хоць дзеці змогуць на ёй размаўляць». Як адбывалася беларусізацыя 1990-х

Беларуская мова ў Беларусі не заўсёды была ў загоне. Апошні раз шчасным для яе часам была першая палова 1990-х. «Наша Ніва» згадвае, як праходзіў гэты працэс.

10 гадоў на беларусізацыю

Старт беларусізацыі далі яшчэ пры камуністах, за паўтара года да падзення СССР, калі 26 студзеня 1990 года быў прыняты закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь». Згодна з ім, беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай, а руская атрымала статус мовы міжнацыянальных зносін народаў СССР і заставалася абавязковай для вывучэння.

Для паступовага ўвядзення палажэнняў закона ва ўсе сферы жыцця зацвярджалася дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы тэрмінам на 10 гадоў.

Большасць тагачасных дэпутатаў былі простымі людзьмі з вёсак

Моўны закон Беларускай ССР падтрымалі 332 дэпутаты, толькі 27 прагаласавалі «супраць» і яшчэ 9 «устрымаліся». Такія вынікі атрымаліся нават пры тым, што большасць дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання складалі камуністы. 

Такі высокі ўзровень падтрымкі з боку наменклатуры адзін з былых дэпутатаў патлумачыў тым, што большасць тагачасных дэпутатаў былі простымі людзьмі, якія вучыліся ў беларускіх школах і не па сваёй волі былі вымушаныя пераходзіць на рускую.

«Апроч нацыянальна арыентаваных пісьменнікаў і дзеячаў культуры, сярод дэпутатаў было шмат простых калгаснікаў і рабочых. Многія з іх на сабе адчулі здзекі і прыгнёт за беларускую мову, напрыклад, у войску. Ім давялося пераходзіць з беларускай на рускую падчас службы ў арміі, пры навучанні ў ВНУ і г.д. І тут з'явілася магчымасць вярнуць сваю мову. У іх прачнулася жаданне «людзьмі звацца», таму і атрымалася, што ў гэтага закона была такая велізарная падтрымка», — расказвае «Нашай Ніве» былы дэпутат ВС.

Сярод прыхільнікаў беларусізацыі былі і рускамоўныя дэпутаты, для якіх беларуская мова не з'яўлялася роднай.

Напрыклад, дэпутат Вярхоўнага савета БССР Расціслаў Янкоўскі пра Закон аб мове казаў наступнае: «Закон гуманны па сваёй сутнасці, ён дэмакратычны, было б дзіка не зразумець гэтага. Нацыя, якае не мае сваёй дзяржаўнай мовы — гэта, прабачце мне, своеасаблівая амаральнасць. Таму я, прадстаўнік рускамоўнага насельніцтва нашай рэспублікі, акцёр Рускага тэатра, разумею рэальнасць і неабходнасць закона аб дзяржаўнай беларускай мове».

Большасць дэпутатаў імкнуліся выкарыстоўваць беларускую мову

Пра паспяховую беларусізацыю самога Вярхоўнага Савета расказвае Анатоль Лябедзька. 

«Калі на пачатку працы на беларускай мове ў парламенце выступалі літаральна з дзесятак парламентарыяў, то бліжэй да завяршэння кадэнцыі большасць дэпутатаў імкнуліся выкарыстоўваць беларускую мову. Асабліва тыя, што працаваў на прафесійнай аснове», — узгадвае палітык. 

Анатоль Лябедзька, крайні справа. Фота: асабісты архіў

На думку Лябедзькі, парламент такім чынам задаваў аптымістычны трэнд.

«У тыя часы парламент у пэўнай ступені вызначаў дзяржаўную палітыку. Паседжанні Вярхоўнага Савета праходзілі ў адкрытым рэжыме, ішла жывая трансляцыя па ТБ».

Палітык тлумачыць гэты трэнд тым, што тады ў нас быў сапраўдны парламент, які меў зносіны з калегамі з іншых краін, дзе дэпутаты таксама выступалі на нацыянальнай мове. 

«Калі мы прыязджалі ў літоўскі Сойм, то мы бачылі, што іх дэпутаты выступаюць на літоўскай мове, у Польшчы дэпутаты размаўлялі на польскай», — расказвае Лябедзька.

Згодна з успамінамі сведкаў тых падзей, беларусізацыя, якую яшчэ называлі «адраджэннем», віталася і большасцю беларускага грамадства. 

Іншы дэпутат, з якім гутарыла «Наша Ніва», успамінае, што на пачатку 90-х адраджэнне мела падтрымку сярод насельніцтва.

«Гэтыя працэсы пачаліся з прыходам да ўлады Міхаіла Гарбачова і палітыкі «перабудовы». Гэты быў агульнасаюзны трэнд, які меў падтрымку Масквы. У нашым рэгіёне больш за ўсё за развіццё нацыянальный мовы выступалі балтыйскія рэспублікі, а Беларусь і Украіна ў гэтым пытанні адставалі. Але тым не менш, на пачатку 90-х і мы прыйшлі да гэтага», — згадвае ён. 

Тысячы лістоў у падтрымку адзінай дзяржаўнай мовы

Пра вялікую падтрымку з боку грамадства казала і гісторык Алена Маркава, якая даследавала перыяд беларусізацыі першай паловы 90-х.

«Вайскоўцы, студэнткі, хатнія гаспадыні пісалі лісты і слалі тэлеграмы з абгрунтаваннем, чаму нам патрэбная беларуская мова як адзіная дзяржаўная. Гэта было вельмі інтэнсіўнае прыняцце беларускай мовы.

Мне была нечаканая масавая падтрымка людзей, якія пісалі па-руску. Яны ведалі, што трэба будзе вучыцца, але ўсё роўна масава падтрымлівалі гэтыя нацыянальныя ініцыятывы.

Гэта няпраўда, калі кажуць, што людзі не хацелі беларускай мовы і мала хто яе падтрымліваў. Проста людзі не адкрывалі гэтыя справы, не былі ў архівах. Рэальнасць 1990-х — гэты іншая рэальнасць, чым тая, якой нас спрабуюць «накарміць» цяпер», — запэўнівае даследчыца.

Пра велізарную колькасць лістоў у падтрымку ідэі адзінай дзяржаўнай мовы кажа і тагачасны дэпутат.

«У падтрымку беларускай мовы прыйшло ці то 14, ці то 15 тысяч лістоў, большасць з іх прыходзіла ў Таварыства беларускай мовы. Я сам бачыў гэтыя лісты, як Ніл Гілевіч іх агучваў. Пазней ТБМ выпусціла брашуру, дзе Гілевіч зрабіў падборку самых цікавых лістоў. Заўважна, што пісалі гэтыя лісты прадстаўнікі ўсіх слаёў насельніцтва.

Пра неабходнасць захаваць і падтрымаць беларускую мову выказваліся ветэраны, рабочыя, медыкі, вайскоўцы, міліцыянты, зацятыя камуністы. Шмат лістоў прыходзіла ад дзяцей. Усе гэтыя тысячы лістоў сыгралі вельмі важную ролю ў прыманні закона», — лічыць былы дэпутат.

Таксама суразмоўца звяртае ўвагу на той факт, што каля паловы лістоў у падтрымку беларускай мовы былі напісаныя па-руску.

«Некаторыя так і пісалі, што мову ў нас адабралі, хай хоць дзеці змогуць на ёй размаўляць», — згадвае дэпутат. 

Прэміі за выкладанне на беларускай

Найбольшага поспеху беларусізацыя ў тыя гады дасягнула ў такіх галінах, як культура, адукацыя і СМІ. Так, напрыклад, ужо праз некалькі год пасля прыняцца закона, у 1993 і 1994 гадах, каля 70% першакласнікаў пачалі навучанне ў школе на беларускай мове. Для параўнання: у мінулым годзе на роднай мове навучалася толькі 10% школьнікаў.

Перавод адукацыі на беларускую мову адбываўся не толькі шляхам адміністрацыйных механізмаў, але і заахвочваннямі ў выглядзе дадатковых выплат. Напрыклад, выкладчыкам у ВНУ, якія выкладалі прадметы на беларускай, даплачвалі ад 10 да 20% да зарплаты.

«Камісію Вярхоўнага Савета па адукацыі ўзначальвалі такія паважаныя людзі, як Ніл Гілевіч, Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі. Аўтарытэт гэтых людзей уплываў на Міністэрства адукацыі», — успамінае Анатоль Лябедзька.

Грамадства ставілася да мовы спакойна

«Наша школа, як і большасць іншых, стала паступова пераходзіць на беларускую мову», — узгадвае «Нашай Ніве» пачатак беларусізацыі былая настаўніца. 

«Сярод бацькоў былі тыя, хто вітаў беларусізацыю. Але былі і такія, адзінкі праўда, хто скардзіўся, што хочуць, каб дзеці вучыліся па-руску. Сярод настаўнікаў таксама не было адзінага меркавання, добра гэта ці не, але ніхто асабліва не скардзіўся. Сказалі, што зараз будзем выкладаць на беларускай, і ўсе пайшлі працаваць». 

«Беларускі» перыяд у школе суразмоўцы доўжыўся роўна чатыры гады. 

«Хто выкладаў дакладныя навукі і дрэнна ведаў мову, за год-два падцягнулі веды, і ўжо не мелі ніякіх праблем. Праз год і з дзеткамі праблем не было, бо малыя хутка пераключаюцца на іншую мову, нават калі ў хаце яны размаўляюць на рускай».

Важным крокам, які замацаваў статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, стала прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года. Але ў тым жа 1994-м адбылася іншая падзея, якая мела люстэркавыя вынікі. Праз некалькі месяцаў пасля набыцця моцы Канстытуцыі адбыліся першыя прэзідэнцкія выбары, перамогу на якіх атрымаў кандыдат Аляксандр Лукашэнка.

Першы рэферэндум і пачатак русіфікацыі

«Лукашэнка не толькі ніколі не падтрымліваў беларускую мову, але і неаднаразова прыніжаў яе, казаў, што гэта мова бедная, што нармальна выказваць думкі можна толькі на рускай або англійскай. Таму па факце працэсы русіфікацыі былі запушчаныя Лукашэнкам яшчэ да рэфэрэндуму 1995 года.

Рэч у тым, што беларусы гістарычна прызвычаіліся размаўляць на мове начальніка. Так было і пры паляках, і пры рускіх. Станіслаў Шушкевіч, Мечыслаў Грыб выступалі ў парламенце па-беларуску, з іх бралі прыклад і іншыя палітыкі. Потым да ўлады прыйшоў рускамоўны Лукашэнка, і колькасць беларускай мовы пачала меншаць. Лукашэнка адразу пачаў змагацца не толькі з мовай, але і з беларускаарыентаванымі міністрамі і дэпутатамі», — кажа адзін з былых дэпутатаў ВС.

Ілюстрацыйны здымак

Па яго назіраннях, у сярэдзіне 90-х у грамадстве не адчувалася моўнай напружанасці. Пытанне надання рускай мове статусу дзяржаўнай не лунала ў паветры.

«Некалькі пікетаў у падтрымку рускай мовы арганізоўваў «Славянскі саюз», які нават не здолеў сабраць 1000 прыхільнікаў, неабходных для стварэння партыі. Гэта адзін з прыкладаў таго, што падтрымка рускамірцаў у Беларусі мела маргінальны характар. 

Таму рэферэндум 1995 года, ініцыянаваны Лукашэнкам, хутчэй адлюстроўваў намеры яго самога, а не беларускага народа. 

Галасавалі за двухмоўе, а атрымалі татальную русіфікацыю

Кажучы пра вынікі рэферэндуму, дэпутат звяртае увагу на падтасоўкі. Паводле афіцыйных звестак, за дзве дзяржаўныя мовы, пра якія любяць казаць прыхільнікі Лукашэнкі, прагаласавалі 53,9% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. 

«Ужо тады былі пэўныя падтасоўкі на карысць Лукашэнкі, — лічыць ён. — А таксама трэба разумець, што большасць з тых, хто галасаваў «за», галасавалі за двухмоўе, якое нам абяцалі, а не за тое, што ў выніку атрымалася». 

Беларусам у прыклад ставілі Канаду, Нідэрланды, Бельгію, дзе таксама існуе некалькі дзяржаўных моў. Але замест раўнапраўя моў мы атрымалі татальную русіфікацыю.

«Не ўсе тады разумелі, што наданне рускай мовы статусу дзяржаўнай прывядзе да заняпаду беларускай. А многія з тых, хто гэта зразумеў, вырашылі байкатаваць рэферэндум, таму мы і атрымалі невысокую яўку», — кажа былы дэпутат.

Распавядаючы пра беларусізацыю ў першай палове 90-х, Лябедзька адзначае, што гэты працэс не меў ніякіх хуткіх і радыкальных дзеянняў, праз што беларусізацыя віталася большасцю беларусаў.

«Ідэалагічная вертыкаль камуністычнай партыі і тых, хто застаўся калі камуністы пачалі сыходзіць з палітычнай сцэны, імкнуліся стварыць такое ўражанне, што калі дэмакраты прыйдуць да ўлады, то зладзяць гвалт мовай. Але на прыкладзе той жа камісіі па адукацыі, мы бачым, што ў нас адбывалася вельмі паступова і арганічная беларусізацыя. Гэты быў хутчэй марафон, чым забег».

Як і іншыя спікеры, Анатоль Лябедзька адзначае, што ў 1995 годзе, калі ў Беларусі адбыўся першы рэферэндум, моўнае пытанне не вітала ў паветры ў беларускім грамадстве.

«У нас не было таго, каб у ВС сказалі, што ад заўтра ўсе павінны размаўляць па-беларуску. Магчыма такі падыход сапраўды выклікаў бы пэўнае незадаволенне. У нас гэта быў працяглы працэс, беларусізацыя была павольная. Ніякая напружанасці па моўным пытанні ў Беларусі не было, гэтае пытанне ўвогуле на стаяла на павестцы дня. Калі б у той час беларусаў спыталі, якія пытанні іх турбуюць у першую чаргу, то ў топ запытаў дакладна не колі не ўвайшло бы пытання надавання рускай мовы статуса дзяржаўнай. Людзей у той час у першую чаргу турбавалі пытанні эканамічнага і сацыяльнага зместу», — упэўнены палітык.

Змены ў закон і скасаванне падтрымкі

Сведкі тых падзей кажуць, што пасля рэферэндуму працэс русіфікацыі адбываўся нават хутчэйшымі тэмпамі, чым распачатая пяццю гадамі раней беларусізацыя.

Школы і дзіцячыя садкі пачалі масава пераходзіць на рускую мову навучання. Прычым пад русіфікацыю трапілі не толькі тыя вучні, хто толькі ішоў у першы клас, але і вялікая колькасць тых, хто правучыўся на беларускай не адзін год. Спынілася падтрымка беларускамоўных выкладчыкаў у ВНУ. Справаводства пераводзілася на рускую.

Настаўніца, з якой паразмаўляла «Наша Ніва», сцвярджае, што як і ў выпадку з пераходам на беларускую, ніхто не пытаўся у бацькоў і супрацоўнікаў, на якой мове яны хочуць працягваць навучальны працэс.

«За чатыры гады мы ўжо прызвычаіліся выкладаць, рабіць планы і запаўняць усе дакументы на беларускай, і тут зноў змена мовы. Некаторыя калегі былі радыя, што зноў могуць працаваць на рускай мове, а іншыя лічылі, што гэта дрэнна, бо навучанне ў Беларусі мусіць быць на беларускай.

Настаўніца ўзгадвае, што цяжэй за ўсё перахадзіць на рускую было тым дзеткам, якія ўжо паспелі з першага па чацьвёрты клас адвучыцца на беларускай. 

«Такім шкалярам было цяжка раптоўна пераходзіць на рускую, бо яны ведалі ўсё тэрміны на мове, ім ужо было прасцей працягваць навучанне па-беларуску, але такой магчымасці ўжо не было. Бацькі жа русіфікацыю школы, як і беларусіфікацыю успрымалі па-рознаму. Нехта радваўся, што нарэшце дзіця будзе вучыцца на рускай, а іншыя наадварот абураліся тым, што школу русіфікавалі. Але калі казаць агулам, то ў тыя часы моўнае пытанне большую частку грамадства наўогул не турбавала. У нас не назіралася нейка напружанасці, наконт таго, колькі дзяржаўных моў мусіць быць у Беларусі, большасць людзей пра гэта не думалі, а проста працавалі і клапаціліся пра тое, як зарабіць на жыццё». 

Улетку 1998 года у закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» былі ўнесеныя змены і дапаўненні. У адпаведнасці з імі была выключаная ўзнёслая прэамбула і ўстаноўлены ў якасці дзяржаўных моваў беларуская і руская мовы. З прыняццем новай рэдакцыі закона аб мовах ад 13 ліпеня 1998 года было спынена прыярытэтнае развіццё беларускай мовы, як і адменена дзяржаўная праграма яе развіцця.

З тых часоў сітуацыя з ужываннем беларускай мовы ў адукацыі, нарматворчасці, медыя і грамадскім жыцці з кожным годам горшала. Калі ў 1999 годзе беларускую мову называлі роднай 85,6% беларусаў, то паводле звестак апошняга перапісу 2019 года — 61,2% насельніцтва.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: 

Беларускія 90-я. Рок адусюль, беларуская мова, бчб на БТ — якім быў шоўбіз і тагачасныя медыя?

«Гэта быў час магчымасцяў». Як развіваўся беларускі бізнэс у 90-я

Каментары8

  • McRiordan
    01.10.2022
    Belgium and Swiss are not "bilingual" but administratively and territorialy federal states, with distinct communities.
    A single man can be bilingual, even a perfect polyglot. Languages can be taught at school. Nevertheless a people as a whole can't act as "bilingual". Always a language predominates. Bilingualism is a transitional phase.
  • Яська-гаспадар з-пад Вільні
    01.10.2022



    «…Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да
    вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі
    мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду… Няма ш, браткі,
    большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку… Но
    як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй
    маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды,
    багацтва і ніякай наукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для
    дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды
    толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.


     

    Твой
    слуга


     

    Яська-гаспадар
    з-пад Вільні»
  • даведка
    01.10.2022
    У нас в армии (специальные войска) перед присягой спросили, кто на каком языке желает принимать присягу. 
    Желающих на русском и белорусском было примерно поровну, но не смогли сломать только меня единственного, а так как текста присяги на беларускай мове в части не имелось, то заместитель командира части по идеологической работе прямо на построении перед выбытием на ритуал торжественного принятия присяги сначала в бешенстве угрожал вывести меня из строя, отправить в санчасть для принятия присягу в штабе, а когда меня и эти угрозы не сломили, в ярости перед всем строем оторвал от имевшейся старой версии белорусскоязычной присяги обложку с гербом "Пагоня"... К тому моменту белорусский язык по конституции уже много лет являлся одним из государственных, но далеко неравноправным. 

COVID-19 — хутчэй за ўсё, лабараторнага паходжання. Сенсацыйны вынік расследавання20

COVID-19 — хутчэй за ўсё, лабараторнага паходжання. Сенсацыйны вынік расследавання

Галоўнае
Усе навіны →