«Камандзір спецназа», які «дапамагаў на Акрэсціна», — ліпавы. А яго споведзь — байкі. Але чаму ён усплыў?
Учора «Наша Ніва» перадрукавала з «Медыязоны» аповед былога спецназаўца. Ëн сцвярджаў, што перайшоў на бок народа і валанцёрыў пад Акрэсціна. Пасля публікацыі чытачы-афіцэры звярнулі ўвагу на несутыкі — гэты чалавек спрабуе выдаць сябе не за таго, у яго апавяданні шмат фальшу. Увечары «Медыязона» выдаліла маналог — пацвердзілася, што сілавік схлусіў пра многія факты сваёй біяграфіі. Што насцярожыла афіцэраў і навошта чалавек стварыў вакол сябе легенду?
«Гэта набор недзе пачутых і прыхарошаных баек», — амаль адразу пасля публікацыі напісаў журналісту «Нашай Нівы» дзейны супрацоўнік адной з сілавых структур.
Усе нашы суразмоўцы пагаджаюцца, што ніякага спецыяльнага падраздзялення ў МУС, якое падпарадкоўваецца наўпрост міністру, няма. А чалавек выдаваў сябе за камандзіра такога падраздзялення.
«Такога падраздзялення не існуе. Згадак пра яго няма ў базах, дзе ёсць астатнія спецпадраздзяленні. Дапусціць, што яно больш сакрэтнае за «Альфу» і «Алмаз»? Усё адно падраздзяленню патрэбна база, зброя, месцы захоўвання, распалажэнне і гэтак далей.
У такой краіне, як Беларусь, мець усё гэта таемна немагчыма», — сказаў «Нашай Ніве» былы высокапастаўлены афіцэр.
Далей ставіцца пад сумнеў агульная легенда.
«Гісторыя, што чалавек хацеў быць лётчыкам, але паступіў у выведку ГРУ Вайсковай акадэміі, а з яе — у АМАП, непраўдападобная.
Такога не бывае, а калі бывае (каб чалавека з арміі перавялі ў АМАП — НН) — то гэта адзін раз на некалькі тысяч выпускнікоў, гэта трэба мець бацьку генерала міліцыі, няйначай.
Ну але давайце дапусцім і будзем чытаць далей. Складана паверыць у тое, што лейтэнанта, які не мае ўяўлення аб сістэме, задачах, спосабах дзеянняў і гэтак далей, прызначаюць кіраўніком падраздзялення, якое падпарадкоўваецца наўпрост міністру, а гэта, на секундачку, адзін узровень з «Алмазам». Ды і вайсковая выведка і спецпадраздзяленне міліцыі — гэта зусім розныя рэчы», — дадае падпалкоўнік МУС.
«Не разумею пасылу. Усе былі кепскія, але было адно фантастычнае падраздзяленне, якое было добрае, дзе служылі людзі з трыма вышэйшымі адукацыямі і чырвонымі дыпломамі, якія, пры гэтым, не могуць выказаць думкі без мату», — іранізуе дасведчаны аператыўнік.
«Ён расказвае, што яго міфічнае падраздзяленне займалася ў тым ліку тэрарыстамі, але адкрыйце законы і нарматыўныя акты. Тэрарыстамі займаецца «Альфа», таму што артыкул КК «Тэрарызм» — парафія КДБ. Дый ніводная група ніводнага спецпадраздзялення не пахваліцца 650 баявымі выездамі да 2020 года, тут яўная хлусня.
Расказ нагадвае набор недзе і ад некага пачутых фрагментаў падзей 2020-га, якія, да таго ж, пераблытаныя», — задаецца рытарычнымі пытаннямі афіцэр унутраных войскаў.
«Кулі ў зямлю і ў паветра, гранаты ў раку — трызненне. Не хапае гісторыі, як ён гранаты ціхенька вытрасае ў Свіслач, пакуль ніхто не бачыць.
На кожнага ўзброенага чалавека існуе разлік: адзін страляе, а тры прыкрываюць. Нічога ты там не зробіш таемна і ў раку не стрэліш. У прынцыпе, як дзейнічалі асобныя людзі ў гушчы, у натоўпе, ведаюць толькі яны. Магчыма, недзе нешта [выратаванне мінакоў] і было, але самае галоўнае — дзе сведчанні грамадзян, якіх «выратоўвалі»? — задаецца пытаннем экс-афіцэр «Алмаза», які ўдзельнічаў у падзеях.
«Кожны, хто паставіў нагу на прыступку «хуткай», заносячы чалавека ў хуткую, лічыць і расказвае, што гэта праз яго пачалі думаць, што карнікі ездзяць на хуткіх.
У мяне ўражанне, што чалавек апісвае, што яму б хацелася рабіць і як дзейнічаць, калі б ён апынуўся там у той час у такой пазіцыі, але з рэальнасцю гэта нічога супольнага не мае», — кажа іншы афіцэр унутраных войскаў.
Нашы суразмоўцы акцэнтуюць таксама ўвагу на тым, што працэдура звальнення — мастацкая выдумка.
«Ён кажа, што дзесяць разоў хадзіў з рапартамі аб звальненні да Караева, а той ірваў іх. Гэта расказ чалавека, які ў МУС не служыў у прынцыпе. Ты не можаш пайсці да міністра!
Нават калі ўявіць, што ты наўпрост яму падпарадкоўваешся, ёсць яшчэ паняцце гарызантальнай падпарадкаванасці. Камандзір «Алмаза», напрыклад, таксама падпарадкоўваецца міністру, але ён у аператыўным падпарадкаванні ў начальніка крымінальнай міліцыі.
Звычайная працэдура такая: рапарт перадаецца непасрэднаму кiраўнiку, якi павiнен накласцi рэзалюцыю. Потым гэта перадаецца ў кадры, ну а намеснiк мiнiстра па кадрах кіруе гэты рапарт потым да мiнiстра, або сам рашэнне прымае аб звальненнi, калi яго кампетенцыя.
Месяц адводзіцца толькi на працэдуру разгляду рапарта. Хаця, калi трэба, могуць i за дзень звольнiць, а могуць i месяц мусолiць, а потым сказаць, што «згубiуся, давай пiшы новы», і так па коле», — кажа афіцэр, які меў дачыненне да кадравай работы ў МУС.
«Чалавек, які 10 разоў пісаў рапарт, уявім гэта сабе, і, пры гэтым, запрашаецца на нарады… Ну гэта казкі сівога лесу, чалавека не запросяць на нараду нават пасля аднаго рапарта — пойдзе ягоны намеснік», — дадае іншы чалавек з сістэмы.
«Ён расказвае пра вельмі свабодныя адносіны з міністрамі ды кіраўнікамі спецпадрадзяленняў, але не ведае іх прозвішча. Фігня, няма такой вольніцы. Больш за тое, усе гэтыя крапавыя берэты як толькі трапляюць на Гарадскі Вал (дзе месціцца міністэрства), становяцца шоўкавымі — «есть» ды «так точно», саромеюцца і чырванеюць ад блізкасці высокага начальства», — дадае іншы работнік Міністэрства ўнутраных спраў.
«Так сабе і ўяўляю, як пяць бусаў па 15 чалавек у кожным едуць пад трэк «Мы не быдла» падаўляць пратэсты — вам трэба каментары?» — сказаў адзін з афіцэраў.
Для чаго з'явіліся гэтыя казкі?
Калі прааналізаваць тэкст, у словах псеўдаспецназаўца прасочваецца імкненне дыскрэдытаваць мірныя спосабы пратэсту і схіліць да радыкальных дзеянняў.
«І раптам сілавая частка пратэстаў затухла практычна цалкам, — апісвае ён сітуацыю 12—16 жніўня 2020 года. Тыпу, хлопцы, мы за мірны пратэст. У мяне ўзнікла куча сумневаў, бо на нарадзе была канкрэтная рыторыка ад Караева: яшчэ тыдзень, і нам канец».
І далей: «Калі наступіў гэты перапынак, вось гэтая перадышка пайшла на карысць сілавым структурам у Беларусі, і быў праведзены аналіз, дзе больш за ўсё былі такія сілавыя мерапрыемствы, выступы».
Тэарэтычна, гэта можа быць часткай гульні, вялікай задачы раздрабіць апазіцыю і маргіналізаваць шляхам радыкалізацыі.
Навошта чалавек дадумвае сабе біяграфію? У прынцыпе, так могуць дзейнічаць і «з мэтай інфільтравацца ў дэмакратычныя колы або асяродкі «Байпола» і Сахашчыка», — сказаў нам адзін з афіцэраў.
Аднак, кажуць у «Медыязоне», тэкст з'явіўся па ініцыятыве іх журналіста, а не «спецназаўца».
«Наш журналіст перасякаўся з гэтым чалавекам у лагеры на Акрэсціна ў 2020 годзе, а пасля і ў эміграцыі. На адной з планёрак ён успомніў пра яго і Рэдакцыя вырашыла запісаць яго гісторыю. Гэты так званы «спецназавец» не сам на нас выйшаў, — патлумачылі «Нашай Ніве» ў «Медыязоне».
— Матывацыі яго мы не разумеем. Ëн падмануў не толькі нас, але і арганізацыю, якая дапамагала яму ўцячы з Беларусі. Наколькі я разумею, там таксама ў шоку ад узроўню хлусні», — дадалі журналісты.
«Медыязона» мяркуе, што сілавік такім чынам мог падмануць арганізацыю, якая дапамагла з'ехаць яму з Беларусі, каб не выплачваць грошы за размеркаванне.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары