Фядута ў апошнім слове: Я паверыў у змову вайскоўцаў, таму што хацеў у яе паверыць
Фігуранты «справы змоўцаў» выступілі ў судзе з апошнімі словамі. Прысуд будзе абвешчаны ў панядзелак.
Першым на судзе апошняе слова прамовіў Аляксандр Фядута, піша «Спутнік». Ён заявіў, што, на яго думку, гэтая змова была арганізаваная ў выніку аператыўнага эксперыменту.
«Дык ці была змова — не падмацаваная ні грашыма, ні планамі і вайсковымі сувязямі?» — задаў рытарычнае пытанне Фядута.
Разам з тым ён адзначыў, што паўдзельнічаў у ёй.
«Калі я ў яе верыў, значыць, яна існавала. (…) Я паверыў у змову вайскоўцаў таму, што хацеў у яе паверыць», — сказаў Фядута.
Выступ абвінавачанага доўжыўся ў судзе больш за паўгадзіны — ён зачытваў прамову з ліста. Фядута таксама заявіў, што ў яго не было ні карыслівых, ні нізкіх мэтаў.
Лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў, выступаючы з апошнім словам у судзе, заявіў, што ён не даваў згоды на ўдзел у змове. З яго словаў, ён удзельнічаў у зумах для таго, каб знайсці нейкі выхад з санкцыйнага ціску на краіну. Па яго словах, яго ўдзел быў з адзінай мэтай — прынесці карысць Беларусі.
«Запрашэнне да змовы з боку Зянковіча — балбатня і фэйк», — сказаў ён.
Пры гэтым нагадаў суду, што не прызнае віну, а пры прызначэнні пакарання папрасіў улічыць, што ў яго сур'ёзнае захворванне. Акрамя гэтага, ён заявіў суду, што мае намер напісаць яшчэ адну кнігу — гэта будуць мемуары. Там ён напіша пра ўсіх удзельнікаў судовага працэсу. У канцы апошняга слова ў судзе ён прачытаў верш, прысвечаны сваёй адвакатцы Аленскай.
Апошняе слова ў судзе Юрыя Зянковіча доўжылася некалькі хвілін — ён працытаваў некалькі фраз з кнігі «Гісторыя схаванай галавы».
Вольга Галубовіч падчас апошняга слова плакала, казала, што сама прыняла рашэнне не ўдзельнічаць у пратэсных акцыях:
«Гэтыя 17 месяцаў у СІЗА жудасныя, без дзяцей і мамы. І яшчэ паставілі на ўлік як экстрэмістаў».
Паводле яе словаў, гэта 17 месяцаў суцэльнага пакарання, нягледзячы на тое, што яна сама напісала прызнаўчыя паказанні.
«Тры гады — гэта проста жорстка», — сказала яна, ацэньваючы тэрмін, які папрасіў для яе пракурор.
Дзяніс Краўчук яшчэ раз заявіў пра сваё раскаянне ў зробленым і папрасіў суд не прызначаць яму пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, а пры вынясенні прысуду ўлічыць яго раскаянне.
Прысуд будзе абвешчаны 5 верасня ў 12:00.
На пасяджэнні ўчора пракурор папрасіў асудзіць Зянковіча, Фядуту і Кастусёва да 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Галубовіч і Краўчука — да трох гадоў калоніі.
Каментары