У Еўропу без візы і чэргаў на мяжы. Што паглядзець у Гродне і раёне ў апошнія выхадныя лета
Гродна сёлета перажывае сапраўдны турыстычны бум. З гэтай нагоды «Наша Ніва» падрыхтавала цікавы маршрут на выхадныя па горадзе і раёне.
Гістарычны цэнтр Гродна з'яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю першай катэгорыі. Нездарма горад называюць музеем пад адкрытым небам, а экскурсаводы параўноўваюць яго са Львовам.
На экскурсію па Гродне і раёне можна смела вылучаць два дні, адзін спатрэбіцца, каб паглядзець усе цікавосткі ў самім горадзе, а на другі можна пакінуць трып па раёне.
Каралеўскі горад з'яўляецца адзіным у Беларусі, дзе ёсць адразу два замкі. Стары замак, які цяпер знаходзіцца ў стадыі рэканструкцыі, і Новы замак, вядомы тым, што менавіта ў яго сценах праходзіў так званы «Нямы сейм».
Апроч самога замка, на тэрыторыі комплексу месціцца Ніжняя царква — закансерваваныя руіны помніка 12 стагоддзя. Лічыцца, што царква была разбураная ў 1183 годзе. Яе руіны былі знойдзеныя толькі падчас раскопак у 1932 годзе. Па канструкцыі Ніжняя царква нагадвала захаваную Каложскую.
Новы замак знаходзіцца ў крокавай даступнасці ад Старога. Яго тэрыторыя — улюбёнае месца для вясельных фотасэтаў.
Для большасці турыстаў менавіта з замкаў і прылеглай тэрыторыі і пачынаецца знаёмства з горадам. Гэты раён вельмі насычаны разнастайнымі архітэктурнымі помнікамі, аналагаў якіх больш няма нідзе ў Беларусі. Побач з замкамі знаходзіцца пажарная каланча, сінагога і жаночы манастыр. Увогуле, амаль кожны дом у цэнтральнай частцы горада мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Але не станем засяроджваць увагу на тых лакацыях, якія турысты наведаюць у любым выпадку, а пастараемся накіраваць вас у менш «папсовыя» мясціны.
Шпацыруючы па вуліцы Замкавай, абавязкова трэба зазірнуць у дворык Музея гісторыі рэлігіі.
Шпацыруючы па цэнтру Гродна, варта не баяцца сысці з пешаходнай Савецкай на іншыя вуліцы і завулачкі, гэта дапаможа вам паглыбіцца ў атмасферу старога горада. Асабліва атмасферна выглядае вузенькая вуліца Кірава.
А каб лепей ацаніць, наколькі цікавым і прыгожым можа быць цэнтр Гродна, вам трэба падняцца на адну з аглядных пляцовак. Самая папулярная з іх знаходзіцца на даху гандлёвага дома «Нёман», што на Савецкай, 18.
Іншым месцам, адкуль можна паглядзець на горад з вышыні птушынага палёту, з'яўляецца кола агляду. У Гродне яно месціцца ў парку Жылібера, побач з іншымі нешматлікімі атракцыёнамі. Але калі быць шчырымі — з яго адкрываецца далёка не найлепшы від. Таму, калі і катацца на ім, то, хутчэй, дзеля атрымання асалоды ад самога працэсу.
Апроч агульнавядомых пляцовак, ёсць у горадзе высотка ў цэнтры, з вокнаў і балконаў якой адкрывацца куды больш круты від на горад, чым з вышэйзгаданага кола агляду. Да таго ж гэты «атракцыён» цалкам бясплатны. Адрас высоткі — вуліца Карла Маркса, 31. Бонусам для тых, хто не пасаромеецца наведаць адміністрацыйна-офісны будынак з турыстычнымі мэтамі, стане від на драўляны лямус 17-га стагоддзя, які застаецца нябачным з зямлі.
Для тых, хто не баіцца могілак, старажытны Гродна можа прапанаваць шпацыр па самым старым некропалі краіны. На могілках пахаваныя дзясяткі знакамітасцей. Сярод іх пісьменніца Эліза Ажэшка, маці паэта Максіма Багдановіча, прыдворны архітэктар караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, чыноўнікі, грамадскія дзеячы і проста знатныя гродзенцы.
Часам гісторыкі і экскурсаводы арганізоўваюць экскурсіі па могілках.
Пабываць у Гродне і не паглядзець на Каложу — гэта нешта з разраду злачынства. Тым больш, што побач са старажытнай царквой ёсць аглядная пляцоўка з шыкоўнымі відамі.
Усё самае прыгожае ў Гродне знаходзіцца на правым беразе Нёмана, але на левым ёсць адна вартая рэч — гэта від на гістарычны цэнтр.
Гэты абласны цэнтр таксама можа быць цікавы сваім самым старым у Беларусі заапаркам і велізарным гандлёва-забаўляльным цэнтрам Triniti, але калі прыязджаць у Гродна з такім падыходам, то і двух дзён не хопіць, таму рушым у раён.
Гродзенскі раён насычаны цікавымі мясцінамі, але праз тое, што ён з'яўляецца самым вялікім у Беларусі па плошчы, трэба загадзя вырашыць, у якім кірунку вам рухацца. Мы б параілі глядзець у бок Аўгустоўскага канала.
Першае, што можна паглядзець па дарозе да самога канала, — млын 19 стагодзя на рэчцы Ласасянка, які знаходзіцца яшчэ ў межах горада. Каб яго адшукаць, трэба забіць у навігатары адрас вуліца Рачная, 21. Рэшткі млына хаваюцца за густой расліннасцю і гаспадарчымі пабудовамі жыхароў суседняга дома. Старыя мураваныя сцены і невялікія вадаспады на рэчцы робяць гэтую лакацыю даволі папулярным месцам для фотасэтаў.
Шлях да Аўгустоўскага канала багаты на фартыфікацыйныя збудаванні. Першы форт Гродзенскай крэпасці размешчаны ў ваколіцах вескі Загараны. Форт пабудаваны на ўзвышшы, з якога адкрываецца від на прыгожыя краявіды Прынямоння.
Форт быў збудаваны яшчэ да Першай сусветнай вайны. Першыя баі тут праходзілі ў 1915 годзе. На руінах форта №1 праходзілі баі і ў ліпені 1944-га. Побач з фортам усталяваны помнік у гонар салдат, якія ўтрымлівалі ўчастак пры надыходзе танкавай дывізіі СС. Галоўны мінус гэтай лакацыі — якасць дарогі, па якой давядзецца дабірацца да помніка.
У адрозненне ад першага форта, форт №2 знаходзіцца побач з трасай, таму да яго дабіраецца куды больш турыстаў. Сам форт захаваўся ў лепшым стане.
Іншым месцам, куды трэба абавязкова завітаць па дарозе да канала, — палацава-паркавы комплекс Валовічаў у Свяцку. Цяпер там адбываюцца рэстаўрацыйныя работы, але нават у незавершаным стане выглядае ён чароўна.
Далей па дарозе на Аўгустоўскі канал можна ўбачыць і доты, частка з якіх знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да трасы.
Галоўнай цікавосткай Аўгустоўскага канала з'яўляецца шлюз Дамброўка. Шлюз быў пабудаваны ў 19-м стагоддзі. У сярэдзіне «нулявых» яго адрэстаўравалі і зноў увялі ў эксплуатацыю.
Куды схадзіць па каву?
Кожнае падарожжа гэта не толькі цікавыя мясціны, але і ўстановы грамадскага харчавання. На шчасце, і ў гэтым кірунку Гродну ёсць чым уразіць турыстаў.
У горадзе шмат якасных кавярняў, дзе можна выпіць смачнай кавы. Мы параім тры з іх. Непадалёк ад замкаў, па адрасе вуліца Замкавая, 11 знаходзіцца кавярня з беларускамоўнай назвай «Наша Кава». Калі вам пашанцуе, то каву вам зробіць барыста-пераможца латэ-арт-батлаў. У гэтай установе працуюць адразу два тытулаваныя майстры.
На плошчы Савецкай ёсць кава-трак «Жоўты».
Яшчэ адна кавярня, у якую абавязкова трэба завітаць турыстам, — «Какао». У горадзе ёсць тры такія ўстановы, але калі вы хочаце не проста выпіць смачнага напою, а яшчэ і апынуцца ў будынку былога дамініканскага манастыра і гімназіі, то вам — у «Какао» па адрасе Савецкая, 6.
Піца
Калі ў беларусаў заходзяць спрэчкі пра згушчонку, то яны падзяляюцца на два лагеры: Рагачоў VS Глыбокае. Прыкладна па такім жа прынцыпе гродзенцы падзяляюцца пры выбары піцэрыі.
Адна палова гараджан кажа, што самая смачная піца ў Гродне — у «Форна» па адрасе 1-я Працоўная, 10, а другая, што ў Trattoria Napoli на Траецкай, 9. На шчасце для турыстаў, адлегласць паміж установамі ўсяго каля 300 метраў, таму ў вас будуць усе шанцы завітаць у абедзве піцэрыі, каб вызначыцца, на чыім баку вы.
Дворыкі
Гродна славіцца сваімі старымі ўтыльнымі дворыкамі, у якіх апошнім часам пачалі з'яўляцца не менш утульныя ўстановы.
Бадай, самы папулярны летні дворык у кавярні «Джэзва». Адрас — Савецкая, 5.
Яшчэ адна папулярная летняя лакацыя — кавярня «Одесса мама». Адрас — Траецкая, 37, што па суседстве з піцэрыяй «Форна».
Каралевай начнога жыцця ў Гародні з'яўляецца тэрыторыя былой пальчатачнай фабрыкі. Адрас — Маставая, 31. Тут знаходзіцца адразу з дзясятак разнастайных устаноў, пачынаючы ад кавярняў і віннага бара да lounge-бараў.
Каму будзе мала тых устаноў, якія месцяцца на тэрыторыі былой фабрыкі, раім завітаць у новую лакацыю «Leon». Адрас — Замкавая, 21. У бары дзейнічае дрэс-код, згодна з правіламі ўстановы, пускаюць туды толькі з 21 года. Інтэр'еры бара выкананыя ў стылістыцы Амерыкі 20-30-х гадоў.
Але ёсць у Гродне і такія месцы, куды выпадковы турыст можа і не трапіць, бо не так проста адшукаць іх у дварах. Напрыклад, бар «Сон» — вуліца Тэльмана, 4.
Каментары