Новы навучальны год для беларускіх дзяцей у свеце — школы анлайн і афлайн
У школах Беларусі завяршыўся прыём вучняў на 2022/2023 год навучання, цяпер ідзе набор на вольныя месцы. Але беларускія школы за мяжой — яшчэ адкрытыя для набору. Што адбываецца з беларускімі дзецьмі па-за межамі краіны, як працягнуць ці распачаць навучанне ў бліжэйшых краінах, куды выехала шмат сем’яў з дзецьмі школьнага ўзросту? Калі бацькі жадаюць, каб дзеці цікавіліся сваёй культурай і ведалі беларускую мову, варыянтаў сёлета пабольшала, піша Reform.by.
З’явіліся новыя ініцыятывы, якія дазволяць навучацца дзецям на беларускай (пры жаданні — і рускай) мове. Пры гэтым мэты ставяцца розныя — можна атрымаць атэстат у польскай школе, прайшоўшы мясцовую навучальную праграму, можна падрыхтавацца і здаць экзамены экстэрнам за старэйшыя класы сярэдняй школы ў Беларусі.
Варшава
Мінулы вучэбны год працавала суботняя «Беларуская школка для маленькіх беларусаў» у Варшаве. Заняткі па суботах для малых працягнуцца ў верасні.
Але галоўная навіна: у 2022/2023 навучальным годзе ў Варшаве адкрываюцца школа і садок «Я дома», адмыслова створаныя для беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу. Навучанне ў школе цалкам паўтарае курс у польскай школе — яе не будзе неабходнасці наведваць.
Пры гэтым вучні атрымліваюць легітымацыю і афіцыйны польскі сертыфікат аб сканчэнні класаў. Па выніках навучальнага года ўсе вучні здадуць на польскай мове экзамен і атрымаюць афіцыйнае пацвярджэнне аб сканчэнні класа.
Школа і садок «Я дома» платныя, аднак ёсць варыянты зменшыць суму.
Сёлета школа набірае дзяцей у пачатковыя і базавыя класы (1-8), а таксама ў садок. Для вучняў 9 і 10 класаў (10-11 класы ў беларускай сістэме) школа прапануе дадатковыя заняткі і рэкамендуе апошнія класы скончыць у беларускай школе дыстанцыйна.
Выкладанне ў школе будзе адаптаванае для беларускіх вучняў. Грунтоўна вывучаюцца тры мовы: беларуская, польская і англійская (руская па жаданні). Частка навучання праходзіць на польскай мове: вучні засвояць і замацуюць інфармацыю і тэрміны на польскай мове па экзаменацыйных прадметах. Такім чынам яны авалодаюць неабходнай лексікай на польскай мове.
У пачатковай школе навучанне будзе праходзіць згодна з сістэмай Мантэсоры. 1-3 класы займаюцца разам — да 15 дзяцей. Адначасова прысутнічаюць два настаўнікі: беларускамоўны і польскамоўны альбо англамоўны. У школе выкладаюць прафесійныя беларускія настаўнікі, якія засвоілі альтэрнатыўныя методыкі выкладання.
Базавая школа (з 4 класа) базуецца на фінскай сістэме адукацыі, а таксама педагагічнай сістэме Мантэсоры. У класе да 10 вучняў, таму настаўнік зможа надаць увагу кожнаму.
Даведацца падрабязнасці і пакінуць заяўку на паступленне ў школу ці садок вы можаце па спасылцы.
Таксама распачынае працу «Беларуская школа ў Варшаве» — дадатковыя анлайн-кансультацыі (3 дні па 2 урокі) да польскай школьнай праграмы: беларуская і руская мова і літаратура, гісторыя і культура Беларусі. Такім чынам дзіця, што навучаецца за мяжой, не адстане ад праграмы беларускай школы і зможа, экстэрнам здаўшы іспыты, атрымаць беларускі атэстат. Школа будзе таксама выдаваць уласныя пасведчанні, ведамасці з адзнакамі. Плануецца, што ў класах будзе па 10—15 чалавек.
Аўтар праекта, старшыня ліквідаванай у 2021 годзе грамадскай арганізацыі «Таварыства беларускай школы» Алесь Лозка паведаміў, што ў школу запісваюцца і дзеці, якія вучацца ў Беларусі, але хочуць паглыбіць свае веды.
Праект ужо падтрымалі «Беларускі моладзевы хаб» у Варшаве, Клуб каталіцкай інтэлігенцыі і Музей вольнай Беларусі. Некаторыя мерапрыемствы школы будуць праходзіць у іх памяшканнях. Навучанне будзе цалкам бясплатнае. Таксама будзе праводзіцца набор у асобныя мастацкія гурткі і студыі: харэаграфічныя, спеўныя. Такія заняткі будуць праводзіцца ў «Беларускім моладзевым хабе».
Трэцяга верасня адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця «Беларускай школы ў Варшаве».
У адукацыйных мэтах ствараецца сайт «Беларуская школа ў Варшаве», дзе можна будзе знаёміцца з адукацыйнымі і асветнымі навінамі, дзейнасцю школы, абвесткамі, даведацца пра заданні настаўнікаў, прагледзець ці спампаваць электронны падручнік, дапаможнік для заняткаў.
Анкету для ахвотных трапіць у «Беларускую школу ў Варшаве» можна знайсьці тут.
Кіеў
Таксама ідзе набор у «Першую беларускую анлайн-школу ва Украіне», дзе асноўныя прадметы выкладаюць настаўнікі прэстыжнай кіеўскай школы «Мідгард». Тут абавязкова вывучаюцца беларуская мова, літаратура, гісторыя, паглыблена — англійская мова і асновы ІТ.
«Першая анлайн-школа ва Украіне» працуе з кастрычніка 2020 года. Ідэя яе стварэння ўзнікла ў былой акторкі Рускага тэатра ў Мінску, спявачкі Анастасіі Шпакоўскай, якая ў канцы жніўня 2020 года была вымушаная з дзецьмі з’ехаць з Беларусі.
Школа ўжо працуе два гады і выдала 13 атэстатаў дзяржаўнага ўзору Украіны.
Запіс у школу пачаўся 10 жніўня. Колькасць месцаў абмежаваная.
Падрабязней тут.
З верасня распачнуцца заняткі не толькі ў асноўнай школе, але і па суботах будуць праходзіць дадатковыя ўрокі па школьнай праграме (беларуская мова і літаратура, гісторыя Беларусі, культура і мастацтва Беларусі, урокі дабрыні з Маляванычам (з акцёрам Аляксандрам Ждановічам), руская мова і літаратура.
Папярэдні запіс на дадатковыя заняткі па суботах распачаўся з 20-га жніўня.
Вільня
У 1994 годзе ў Вільні была адкрытая адзіная ў Літве агульнаадукацыйная школа з беларускай мовай навучання. У 2013 годзе рашэннем гарадской рады Вільні яна была ператвораная ў Віленскую гімназію імя Францыска Скарыны.
Як пазначана на сайце гімназіі, асноўная мова навучання ў школе — беларуская, аднак некаторыя прадметы выкладаюцца на літоўскай. У гімназіі навучанне вядзецца з 1 па 12 клас. З 2014 года тут была адкрытая група дашкольнай адукацыі.
У дашкольную (падрыхтоўчую) групу і ў 1-12 класы гімназіі прымаюцца вучні, якія жывуць на тэрыторыі Віленскага самакіравання (не па тэрытарыяльным прынцыпе). Заявы рэгіструюцца з 1 па 31 сакавіка ў цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэме. Час прыёму заяў можа быць працягнуты ў выпадку, калі застануцца вольныя месцы.
Заснавальнікам гімназіі з’яўляецца Віленскае самакіраванне. Дазнацца больш можна — тут.
Прыватная школа STEMBRIDGE таксама адкрывае набор у Вільні на 2022/2023 навучальны год у 1-8 класы. Асноўная мова навучання — руская. Навучанне платнае.
Падрабязней пра школу STEMBRIDGE можна даведацца на сайце школы.
Каментары