ЗША ў будучыні збіраюцца адправіць ва Украіну кіраваныя снарады для гаўбіц Excalibur, піша выданне Politico са спасылкай на дасведчаную крыніцу.
Excalibur — высокадакладныя снарады павышанай далёкасці. Гэта распрацоўка кампаніі Raytheon Missile & Defense. Адхіленне ад цэлі ў іх складае менш за два метры. Як адзначаюць у кампаніі, адзін такі снарад можа замяніць у сярэднім не менш за дзесяць звычайных.
Праўда, суразмоўца выдання ўдакладніў, што Excalibur не ўваходзяць у найбліжэйшы пакет дапамогі ЗША, мемарандум аб выдзяленні якога 19 жніўня падпісаў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Але, магчыма, гэтыя снарады ўключаць у склад наступнага транша.
Што тычыцца цяперашняга пакета, то, па інфармацыі Politico, ЗША ўпершыню адправіць ва Украіну 15 разведвальных беспілотнікаў ScanEagle. «Невялікія дроны (…) будуць неацэнныя ў будучым наступленні на горад Херсон на поўдні», — адзначае выданне.
Таксама ў пакет упершыню ўключаныя 40 цяжкабраніраваных супрацьмінных машын MaxxPro, першапачаткова распрацаваных для амерыканскіх войскаў у Іраку. Ва Украіне яны будуць расчышчаць дарогі і палі, перш чым наземныя войскі рушаць наперад праз замінаваныя расіянамі тэрыторыі.
У транш таксама ўвайшлі супрацьтанкавыя ракетныя комплексы TOW, шаснаццаць 105-мм гаўбіц і 36 тысяч снарадаў да іх, а таксама 2 тысячы снарадаў для гранатамётаў Carl Gustaf, прызначаных для работы ў блізкім баі. «Гэта сведчыць пра тое, што ўкраінцы чакаюць блізкага бою ў найбліжэйшыя тыдні», — адзначае Politico.
ЗША таксама адпраўляюць больш высакахуткасных супрацьрадыёлакацыйных ракет, нацэленых на расійскія радыёлакацыйныя сістэмы.
Каментары