Лукашысты заявілі, што затрымалі «наёмніка і ўкраінскага шпіёна»
У адным з лукашысцкіх каналаў з'явілася «пакаяннае відэа» з мужчынам, які абвінавачваецца ў тым, што ваяваў ва Украіне і з'яўляецца агентам украінскіх спецслужбаў.
Паводле ГУБАЗіКа, беларус ваяваў супраць непрызнанай «ДНР» з 2019 года, быў там «завербаваны супрацоўнікамі УСУ», а ў Беларусі нібыта займаўся зборам разведвальных звестак. Дэманструюцца таксама татуіроўкі, адна з якіх з украінскім трызубам.
Супраць хлопца, як сцвярджаецца, заведзена адразу некалькі крымінальных спраў.
На відэа малады мужчына — у кепскім фізічным стане, з цяжкасцю гаворыць.
Як высветліла «Наша Ніва», хлопца клічуць Яраслаў Саковіч. Вядома, што нейкі час ён жыў ва Украіне.
У «пакаянным» відэа хлопец кажа, што ў 2019 годзе далучыўся да ўкраінскага дабравольчага фармавання, прыехаў у Марыупаль і быў кулямётчыкам. Пасля кажа, што нібыта быў інфарматарам СБУ ў Беларусі і дакладваў ім пра перамяшчэнне вайсковай тэхнікі па краіне, за што, быццам бы, атрымліваў грошы.
Вядомы рэжымны прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі заклікае ў сваім канале пакараць яго смерцю.
Так Яраслаў Саковіч выглядаў да арышту.
Каментары