Грамадства4

«Мы наймаем людзей і ў Мексіцы, і ў Бразіліі — але лепшых за беларусаў няма». Гутарка з топ-менеджарам Gurtam і тым самым айцішнікам на ровары

У ІТ Аляксандр Куўшынаў каля 13 год. Ён топ-менеджар паспяховай кампаніі Gurtam — дырэктар падраздзялення Wialon, якое распрацавала сістэму спадарожнікавага маніторынгу для бізнэсу. Але многія запомнілі яго, як айцішніка на ровары, якога затрымалі ў ліпені 2020-га, калі той ехаў падаць скаргу ў ЦВК.

«Наша Ніва» сустрэлася з Аляксандрам і пагутарыла пра рэлакацыю ІТ, выбар паміж беларускімі работнікамі і замежнікамі, рэпетыцыі перад візітам Лукашэнкі ў ПВТ і жыццё з чатырма дзецьмі ў Літве.

Пра кадры з офіса па БТ, экстраны ад'езд і сустрэчу з братам пасля турмы

«Наша Ніва»: Вы з’ехалі ў верасні 2020-га пасля сюжэту БТ пра PandaDoc (там працаваў брат Віктар Куўшынаў. — НН). Як выглядаў гэты ад’езд?

Аляксандр Куўшынаў: Калі я пабачыў у тым ліку сябе ў сюжэце па БТ (на той час мой брат Віктар быў ужо за кратамі), я зразумеў, што яны працягваюць нешта даследаваць і ў мой бок. Яны мелі носьбіты інфармацыі, якія ўзялі ў Віктара і дзе магла быць інфармацыя, звязаная са мной. У тым сюжэце былі кадры, знятыя з майго офіса.

Ад’езд быў вельмі тэрміновы — ад пятніцы, калі сюжэт з’явіўся, прайшло некалькі дзён, калі я і чацвёра дзяцей былі ўжо на самалёце на шляху ў Турэччыну. Быў цікавы эпізод, калі мы праходзілі кантроль у аэрапорце. Мы з жонкай адмыслова пайшлі ў асобныя кабінкі — калі ў мяне ўзнікнуць цяжкасці, яна прынамсі пройдзе. Мы адначасова заходзім у кабінкі, у выніку я праходжу, а яе яшчэ не выпускаюць. І я стаю чакаю: пусцяць ці не? А калі не, дзеці ж там без дарослых застануцца… Тыя хвіліны цягнуліся вельмі доўга, але ў выніку ўсё скончылася добра, мы пабылі нейкі час у Турэччыне, а пасля праз Украіну трапілі ў Літву.

Кадры затрымання Аляксандра Куўшынава з роварам 15 ліпеня 2020 года. У аўтазаку ён тады нечакана сустрэўся з братам, якога затрымалі ў іншым месцы.

«НН»: У Менску дзеці атрымлівалі адукацыю па-беларуску. Як цяпер?

АК: Цяпер яны навучаюцца ў брытанскай школе. Самаму малодшаму майму сыну 5, і дома з ім мы ўжо часцей нават па-ангельску размаўляем. Гэта галоўны станоўчы бок — што дзеці атрымалі жыццё ў еўрапейскай краіне, з еўрапейскімі законамі і ў тым ліку еўрапейскай сістэмай адукацыі. 

Я бачу гэту розніцу, і ў дзяржаўнай сістэме адукацыі ў тым ліку, бо старэйшы сын хадзіў у беларускамоўны ліцэй Францыска Скарыны ў Вільні. Дырэктарка сама нас сустрэла, усё растлумачыла і правяла экскурсію. Нас залічылі на працягу некалькіх дзён, бясплатныя падручнікі выдалі.

У Беларусі ў якую б школу ты ні запісваўся, усе пачнуць з пытанняў: чым вы можаце дапамагчы нашай школе? Тут і блізка пра гэта не кажуць.

Адзін раз толькі гаворка вялася пра грошы. У Літве 1,2% свайго падаходнага падатку кожны можа ахвяраць любой некамерцыйнай арганізацыі. І настаўніца нам кажа: «Мне вельмі нязручна пра гэта размаўляць, але ёсць такая сістэма, будзе добра, калі вы падтрымаеце менавіта нас».

«НН»: Яшчэ нейкае адрозненне ў школе пабачылі, можа, у самім працэсе навучання?

АК: Школы тут больш накіраваныя на разнастайнае развіццё, чым на вывучэнне пэўных навуковых дысцыплінаў. Першыя месяцы ўрокі былі анлайн, таму мы чулі, як яны праходзяць. Напрыклад, на фізкультуры дзецям сказалі, які фітнэс-трэкер усталяваць, што рабіць, і яны скідалі настаўніку свае крокі і г.д. Такія прадметы, як біялогія, хімія, тут згрупаваны і маюць прыкладны характар. Матэматыка таксама. Што, можа быць, не дае таму, хто здольны ў матэматыцы, з дзяцінства рабіць на гэтым ухіл. Але мы бачым, як гарманічна развіваюцца дзеці і як ім прыемна быць у школе.

Больш часу на камунікацыю даецца — праца ў групах, сумесныя заданні. Яны заўжды робяць прэзентацыю — гэта значыць і ў далейшым жыцці ім будзе лягчэй на працы і проста ў стасунках.

«НН»: Жыць у Вільні з чатырма дзецьмі нашмат даражэй, чым у Беларусі?

АК: Даражэй. Па-першае, у Беларусі не трэба было плаціць арэнду. А па-другое, літоўскія цэны на камунальныя і іншыя паслугі ў разы адрозніваюцца аб беларускіх. Але з іншага пункту гледжання праўда і тое, што тут іншы ўзровень заробкаў — вакансіі ў «Максіма» [гіпермаркеце] ад 700 еўра і вышэй. Але прадукты і рэчы плюс-мінус аднолькава каштуюць.

На кожнае дзіця дзяржава штомесяц 100 еўра дапамогі плоціць. Але галоўны плюс з дзецьмі тут — гэта адчуванне камфорту і бяспекі. У паліцыі і іншых дзяржаўных асоб зусім іншае стаўленне да людзей — яны ведаюць, што працуюць у першую чаргу на грамадства.

Першыя часы, калі мы сюды прыехалі, нават у дзяцей былі моцныя флэшбэкі. Бо яны разам з намі былі ў горадзе ў дні пасля выбараў, на Каменнай горцы, і мы тлумачылі ім: калі бачым, што пад’язджае бусік, трэба адыходзіць бліжэй да «Грына», калі бусік высаджваецца — мы сядаем на ровары і едзем. І людзі ў форме для іх доўгі час выглядалі небяспекай. Цяпер гэтага няма.

У мяне да 2020 года было шмат магчымасцяў з’ехаць з Беларусі, але я ўвесь час лічыў, што ў Беларусі можна жыць нармалёва, асабліва, калі працуеш у ІТ-сферы. Але ўсё роўна ты сутыкаешся з дзяржавай. У Літве дзяржава робіць так, каб табе было камфортна, ты карыстаешся яе паслугамі, а не з’яўляешся вінцікам, які абавязаны падтрымліваць сённяшнюю ўладу.

«НН»: Ваша машына з вышыванкай пераехала з вамі?

АК: Да жалю, нам давялося расстацца і яна была прададзена ў Менску. Але традыцыю я працягваю магу паказаць цяперашнюю — вось такія нумары на ёй. Адзіны шанец у Менск трапіць (усміхаецца). 

«НН»: Ці вы бачыліся з братам пасля вызвалення?

АК: Асабіста сустрэцца, да жалю, так і не давялося. Мы ўвесь час у анлайне. З 2020 года я не ўзяў яшчэ ніводнага дня адпачынку. Некаторыя кажуць, што не трэба сябе заганяць, што тым, хто сядзіць, ад гэтага не робіцца лягчэй, але ехаць на вакацыі ў той час, калі вакол, у тым ліку сярод маіх сяброў, так шмат пакутаў, я не хачу прынцыпова. Усталяваў сабе маральны такі бар’ер.

«НН»: Вашы назіранні: ці змяніла турма брата?

АК: Я выдатна памятаю той дзень, 20 жніўня [2021 года], калі ён вызваляўся, і ў мяне з самага ранку было хваляванне, ці ўсё атрымаецца, як плануецца, і як Віктар зменіцца. Амаль год усё ж правесці на Валадарцы і ў Жодзіне. Я б сказаў, што турма яго загартавала ў пэўным сэнсе, ён пераацаніў прыярытэты ў жыцці.

Але ў астатнім ўсё так жа — мы стэлефанаваліся праз тэлеграм у першыя ж хвіліны, як ён трапіў на волю, і я не пачуў ад яго ніводнага слова «па фені». Моц характару Віктара дазволіла яму вытрымаць гэта выпрабаванне. І па-другое, у яго часцяком былі цікавыя і адэкватныя сукамернікі.

Пра абгон канкурэнтаў, сыход з расейскага рынку і рэпетыцыі ў ПВТ у чаканні Лукашэнкі

«НН»: У Gurtam вы ўзначальваеце падраздяленне Wialon. Ці можаце падрабязней расказаць, чым займаецеся?

АК: Распавяду такую гісторыю. У красавіку 2019 года ладзіўся візіт Лукашэнкі ў ПВТ. І мы, як адна з нямногіх прадуктовых кампаній, таксама ўдзельнічалі ў «выставе дасягненняў». Безумоўна, сустрэча з Лукашэнкам была вялікай падзеяй для ПВТ. Падрыхтоўка ішла, можа, за месяц. Рэпетэцыі, рассадка, расстаноўка. І ў мяне быў падрыхтаваны прыкладна такі пітч, каб нават Лукашэнка зразумеў, што мы робім.

У любым дзяржаўным і недзяржаўным прадпрыемстве, дзе ёсць машыны, ёсць кіроўцы. І гэтыя кіроўцы — звычайныя людзі, у якіх ёсць спакусы. Часцяком бывае, што кіроўца хоча на рабочым грузавіку адвезці цешчу кудысьці ці палову бетону або каністру саляркі зліць і атрымаць за гэта кэш.

І вось каб кіраўнік прадпрыемства ведаў, куды едзе кіроўца, ёсць сістэма, якую мы робім. У машыну ўсталёўваецца спецыяльная прылада, якая на сервер у інтэрнэце скідвае інфармацыю, дзе знаходзіцца аўто, якая там тэмпература, які там груз, і ўсё гэта вы можаце бачыць на камп’ютары.

Некалькі тыдняў рэпетыцыі шлі выдатна, і вось літаральна напярэдадні той самай сустрэчы мне тэлефануюць і кажуць, што «служба бяспекі прэзідэнта вас усё ж выкрасліла». Даведаліся яны пра мае суткі ў 2010-м і 2006-м… А Лукашэнка так і не даведаўся пра сучасныя тэхналогіі IoT (Internet of things).

«НН»: Але ёсць жа канкурэнты, хто падобнае выпускае.

АК: Так, сама па сабе тэхналогія не ўнікальная, але так сталася, што

наша беларуская праграма з’яўляецца самай папулярнай у свеце. Ужо больш за тры мільёны машын у 150 краінах падключаны да нашай сістэмы. Гэта значна больш, чым у любога з канкурэнтаў.

Мы заўжды пазіцыянавалі сябе як беларускі прадукт і лічылі, што гэтым самым дапамагаем рабіць брэнд Беларусі. Хоць у камерцыйным сэнсе было прасцей сказаць, што гэта еўрапейскі прадукт з цэнтрам распрацоўкі ў Беларусі, як гэта робіць пераважная большасць айчынных кампаній. Мы менавіта ў Менску ладзілі мерапрыемствы, куды запрашалі нашых дылераў. На апошняе ў 2019-м прыязджала больш за 600 чалавек з 67 краін. Удзельнікі з Батсваны ці Гандураса — гэта былі ледзь не першыя турысты з тых краін. Гэтым самым мы прыцягвалі ўвагу і рабілі імідж Беларусі.

Але апошнія падзеі вымусілі нас рэлакавацца сюды і большасць людзей ужо пераехала.

«НН»: Вы з пачатку вайны заявілі пра сыход з расейскага рынку. Наколькі гэта ўдарыла фінансава? Наколькі разумею, каля мільёна падключаных да вашай праграмы аўто — гэта Расея.

АК: Гэта было цяжкае рашэнне. У Беларусі з Расеяй Саюзная дзяржава, і таму наша праграмнае забеспячэнне падпадала пад квоты ў іх і падыходзіла для выкарыстання ў дзяржаўных праектах. Плюс мы ўвесь час будуем партнёрскае кам’юніці — а тут кажам, што сыходзім. Гэта было для кампаній даволі непрыемным сюрпрызам.

Як і сюрпрызам было для нас тое, што нашы партнёры не вельмі адрозніваюцца ад сярэднестатыстычных расейцаў у сваім стаўленні да вайны. Мы думалі: яны мусяць разумець, што дабро, што зло. Выйшла не зусім так.

Ёсць тыя, хто прытрымліваецца еўрапейскіх поглядаў на праблему і не сумняваецца, што Расея — гэта агрэсар. Але была пэўная колькасць кампаній, якая казала: ну, раз вы не падтрымліваеце Расею ў нашай «свяшчэннай вайне», то гэта не вы нас кінулі, а мы сыходзім ад вас.

Наша пазіцыя была ў тым, што мы не хочам больш плаціць падаткі ў Расеі, вялікая доля якіх ідзе на ваенныя мэты. Таму мы вырашылі, што закрываем свой офіс у Маскве, а іншыя нашы офісы (у Літве, Дубаі, Бостане) не будуць мець ніякія кантракты з расейскімі кампаніямі. Таму тыя, хто хоча выкарыстоўваць нашу сістэму, мусяць або ствараць уласныя фірмы дзесьці ў замежжы, або рабіць гэта праз нейкія партнёрскія кампаніі ў Еўропе. Большасць нашых карыстальнікаў у Расеі засталіся з намі па такой схеме. Што, з нашага пункту гледжання, таксама падштурхнула іх паглядзець на магчымасці вядзення бізнэсу ў іншых краінах.

Пра цану рэлакейту, планы на офіс у Грузіі і Менск, каторы перастаў быць раем для ІТ

«НН»: Чаму для Gurtam Літва стала асноўным працоўным варыянтам?

АК: Усё складваецца гістарычна. Тут у нас яшчэ раней быў маленькі офіс на тры чалавекі ў Коўне. Мы праз яго працавалі з еўрапейскімі партнёрамі. І калі пытанне ў 2020 годзе ўзнікла, мы разглядалі розныя варыянты, але Літва, бадай, першая стварыла празрыстыя і спрыяльныя ўмовы яшчэ ў 2020-м для айцішнікаў, каб тыя сюды пераязджалі.

«НН»: У колькі абыходзіцца рэлакацыя супрацоўніка? Ці не прасцей наняць мясцовага, якога не трэба перавозіць з сям’ёй, плаціць пад’ёмныя?

АК: Gurtam не плоціць пад’ёмныя, не ведаю, дзе як (смяецца). Я не скажу канкрэтнай сумы, у розных кампаній розная палітыка на гэты конт. Мы здымаем з супрацоўніка ўвесь галаўны боль па дакументах. А пераезд, жыллё — гэта ўжо выдаткі супрацоўніка.

Значна даражэй весці ІТ-бізнэс у Літве ў параўнанні з Беларуссю — можна смела казаць, што ў два разы большыя выдаткі для бізнэсу. І тут пытанне, ці ты хочаш захоўваць падатковыя зніжкі, якія маеш у ПВТ (калі там былі падаткі 9 адсоткаў, то ў Літве — 30+), ці прымаеш прынцыповае рашэнне па рэлакацыі супрацоўнікаў. 

Наконт таго, што лягчэй наняць мясцовых — мой досвед паказвае, што людзі, якія старанна ў Беларусі працавалі ці, тым больш, свой бізнэс развівалі, значна больш адаптаваныя да любых чэленджаў — яны выглядаюць больш цікавымі для фірмы, чым, напрыклад, літоўцы, якім не даводзілася пераадольваць і палову таго, з чым сутыкаюцца беларусы. Мы наймаем людзей і тут, і ў Мексіцы, і ў Бразіліі — але лепш за беларусаў няма.

«НН»: То-бок існуе нейкі беларускі айці ген?

АК: Не толькі айці ген. Калі мы кажам пра спецыялістаў па продажах, развіцці бізнэсу, маркетынгу — таксама. Скажу так: не проста знайсці і адаптаваць у беларускую кампанію замежніка. Тым, хто прыходзіць, бывае цяжка зразумець нашу ментальнасць, той нябачны «дух» Gurtam, тыя авертаймы, якія здараюцца часцяком, тую адданасць кампаніі, якая ёсць у нашых. 

Цяпер мы блізкія да таго, каб адкрыць офіс у Грузіі. Беларусы, якія рэлакаваліся ў Вільню ці Грузію, выглядаюць для нас сёння больш прывабнымі, чым мясцовыя кандыдаты. Сама па сабе Вільня з 0,4 мільёна насельніцтва і Мінск з двума мільёнамі — гэта розныя рэчы, і рынак працы тут зусім не такі багаты.

«НН»: Уявім, што вы не Аляксандр Куўшынаў, а сярэднестатыстычны мідл, які працуе ў Беларусі. Ці б вы рэлакаваліся або заставаліся ў Менску?

АК: Раней я глядзеў на сяброў, якія пераязджалі і пачыналі ўсё з нуля, і разумеў, што так бы не зрабіў, калі б не вымушана. Але цяпер я б раіў пераязджаць. Можна думаць, што цябе не закрануць праблемы, але ўсё паказвае, што яны могуць ўзнікнуць знянацку.

Я разумею асабістыя гісторыі кожнага. Але жыццё ў Беларусі на сёння, мне здаецца, гэта вялікая рызыка — ці гэта вайна, ці цябе забяруць. Сотні тысяч людзей удзельнічалі ў пратэстах, а цяпер за фотаздымак шыюць справу. Ты не ведаеш, з якой камеры назірання яны што дастануць.

«НН»: Менск больш не рай для ІТ?

АК: Менск больш не рай для жыцця. Раней мы ведалі, што толькі да невялікай часткі людзей выразна апазіцыйных поглядаў маглі прыйсці ў любы момант. Цяпер гэты спіс значна пашыраны, таму рызыка знаходжання ў Беларусі вялікая. І гэта тычыцца не толькі IT, апошнім часам бізнэсмены з розных галін сутыкнуліся з вялікімі праблемамі, і тыя гісторыі, якія трапляюць у СМІ, — гэта маленькі адсотак усяго таго жаху, што адбываецца ў Беларусі. 

«НН»: У вас быў пратакол дзеянняў на выпадак, калі кагосьці з каманды затрымалі?

АК: Канечне, ва ўсіх кампаніях ёсць такія пратаколы. У першую чаргу затрыманага чалавека адключаць ад усіх унутраных сістэм, выдаляць паўсюль, каб ніякіх даных на яго прыладах не заставалася. Падзеі 2020 года дапамаглі бізнэсам паглядзець на ўнутраную бяспеку інакш, шмат хто перайшоў на працу па выдаленым дэсктопе — то-бок ты выкарыстоўваеш камп’ютар проста як браўзер, але ўсе праграмы на серверах, каго б з чым ні забралі, гэта будзе недасяжна іншым асобам. У нас ёсць пратаколы, што можна захоўваць на прыватных прыладах, што на службовых.

Таксама мы стварылі і першы год пасля выбараў выкарыстоўвалі тэлеграм-бот, у якім трэба было «адзначацца» кожныя 6 гадзін. І калі ты не пацвердзіў, што «ўсё добра», то ўключаецца план Б. 

Пра джуніяраў, беларускасць і выбар паміж барацьбой і нармальным жыццём

«НН»: Ці набіраюць цяпер беларускія кампаніі джуніяраў?

АК: Уся сітуацыя ў Беларусі і з каранавірусам значна змяніла рынак працы. Амаль усе зразумелі, што могуць працаваць з дому, а значыць ты ўжо не прывязаны да кампаніі і да яе лакацыі, і гэта яшчэ больш зблізіла беларускі рынак працы з глабальным. Шмат хто з беларускіх распрацоўшчыкаў лягчэй ужо глядзіць на міжнародныя кампаніі. Гэта адбілася і на заробках людзей у бок павышэння. І попыт на спецыялістаў застаецца. Застаюцца кампаніі, якія не могуць дазволіць сабе цяпер плаціць вялікія грошы і будуць наймаць людзей, няхай і без вялікага досведу, але ў якіх гараць вочы. Таму, канечне, шанцы у джуноў ёсць, рынак ёсць — і ён шырэйшы, чым раней. 

«НН»: У вас не закрадаецца думка, што, з’язджаючы, ты здраджваеш барацьбе за свабоду і аддаляеш той момант, калі ў Беларусі будзе вольна?

АК: Добрае пытанне. Я не ведаю правільнага адказу. У мяне ёсць меркаванне, што калі ты ў Беларусі цяперзнаходзішся і ты, вобразна, скідваеш цягнікі (дзякуй вялікі, калі такія яшчэ ёсць), то супраціў працягваецца. Але заставацца там, каб піць таннае піва на Зыбіцкай ці ездзіць на «Віва Браслаў» — гэта не «барацьба за свабоду», а хутчэй падтрымка дыктатуры сваімі падаткамі. Дзе тая беларускасць у горадзе, калі ўсё завешана чырвона-зялёнымі сцягамі ці трыкалорамі расейскімі? 

Нават калі ты жывеш у Вільні ці ў іншым месцы, ёсць шмат наікрункаў дзейнасці. Тут ты можаш дапамагаць беларускай справе, схадзіць на канцэрт Вольскага, спрыяць развіццю дыяспары і не забываць, што ты беларус. Не абавязкова растварыцца ў літоўскай грамадзе і забыць пра мінулае. 

Таксама, для мяне істотна, што я пераехаў менавіта ў Вільню, а не ў Тбілісі, Кіпр ці Лісабон, бо вялікі пласт беларускай культуры знаходзіцца тут. Штодзень я езджу на ровары і бачу мемарыял паўстанцам 1863-64 гадоў ці вежу Старога замку. І гэта натхняе мяне больш, чым манументы Леніну.

Беларусаў шмат з’ехала з 2020 года, гэта выклік для нас — ці мы захаваем сваю беларускасць. Але, мне здаецца, мы робім намаганні і значна большыя, чым эміграцыя пачатку 1990-х, калі ўсе з’язджалі і ў большасці заставаліся савецкімі людзьмі.

Таму я не скажу, што пераезд — гэта здраджванне, бо сёння, на жаль, магчымасцяў прасоўваць беларускую справу ў Менску значна меней, чым у замежжы.

Сцяг на акне Аляксандру падарыў хлопец, які цяпер у палку Каліноўскага — Алег «Альгерд» Аўчыннікаў

«НН»: Ёсць у вас правілы, як размяркоўваць час паміж працай і сям’ёй?

АК: Нягледзячы на сур’ёзную пасаду і адказнасць, я скажу, што праца — гэта цікава, яна дае развіццё, але дае і магчымасць рэалізоўваць рэчы, звязаныя з тваёй сям’ёй, іншымі істотнымі для цябе праектамі. Думаю, што кожны, хто хоць 5 дзён правёў за кратамі, разумее, што значыць расстанне. І больш за ўсё там турбуюць менавіта думкі пра сям’ю і сваякоў. А праца — гэта толькі сродак.

Таму я намагаюся зараз як мага болей часу праводзіць з дзецьмі — бачыць як яны растуць і змяняюцца. І магчымасць запомніць для сябе пэўныя моманты іх жыцця — гэта вельмі істотна. Я шмат падарожнічаю па працы, бываю па некалькі тыдняў у іншых краінах. Таму пакуль у Вільні, праводжу шмат часу з дзецьмі, каб не прачнуцца аднойчы і пабачыць, што яны ўжо скончылі школу ці ажаніліся а я ўсё гэта прапусціў.

«НН»: Вы ў адным інтэрв’ю казалі, што калі з’язджалі ў верасні, то думалі, што гэта кароткая паездка. Што думаеце цяпер?

АК: Я думаю, што, нават калі заўтра ўсё памяняецца, я наўрад ці з сям’ёй адразу вярнуся ў Беларусь. Чыстка ўсёй гэтай сістэмы зойме гады. Канечне, я паеду на вялікае свята, калі яно будзе ў Беларусі. Але тыя людзі, якія рабілі злачынствы, — я не хачу ўзаемадзейнічаць з імі, я не магу да іх нармалёва ставіцца. І я не хачу, каб мае дзеці нават сутыкаліся з сістэмай, якая ставіцца да цябе як да нейкай чэлядзі. 

Я і зараз раблю намаганні і далей буду максімальна спрыяць зменам у Беларусі. Але гэта цяжкае экзістэнцыяльнае пытанне — барацьба з сістэмай ці нармалёвае жыццё. Ставіць дзяцей пад рызыку і класці ўсё на алтар барацьбы з рэжымам я не гатовы. Гэта не гучыць як загаловак, але гэта праўда. Гэта вялікая праца, і вялікая падзяка людзям, якія дзесяцігоддзямі гэтым займаюцца. Я пэўны час быў глыбока ў палітычнай тусоўцы (і дагэтуль застаюся сябрам АГП), але цяпер бачу больш карысці ад сябе ў сваёй сённяшняй справе, чым у працэсах, якія, шчыра кажучы, зусім не такія празрыстыя і выніковыя, як шмат каму хацелася б.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • Хлопотное дельце
    04.08.2022
    Релокейт без подъемных - это не релокейт. Это экономия на своих же, которым приходится разбивать свою свинью - копилку, а в моральном плане очень сильно ударяет по первому впечатлению от переезда. Про преимущество от белорусов это очевидно: они же не знают литовского законодательства, не знают, на пример, что овертайме строго запрещены или оплачиваются тройным тарифом, и многое - многое другое. Та же галера, вид сбоку. 
  • Ілля
    04.08.2022
    Разумны беларус
  • </body>
    05.08.2022
    Ілля, хитрый, потому что знает, как по ушам ездить, чтобы не обидеть работавших на него.

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны4

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны

Галоўнае
Усе навіны →